Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Беларускія ўлады працягваюць шукаць шчыліны, каб праціснуцца на эўрапейскі рынак»


Якія вынікі візыту міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея ў Латвію? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Ігар Карней.

Карбалевіч: 6-7 ліпеня Уладзімер Макей быў з рабочым візытам у Латвіі. Хоць БЕЛТА чамусьці назвала гэты візыт афіцыйным.

Трэба адзначыць, што з усіх краін Эўразьвязу з Латвіяй у афіцыйнага Менску былі найбольш добрыя адносіны. Яны разьвіваліся нават у тыя часы, калі Беларусь знаходзілася пад санкцыямі ЭЗ.

Паміж Беларусьсю і Латвіяй рэалізаваная дамова аб малым памежным руху. Чаго няма ў адносінах з Польшчай і Літвой, хоць адпаведныя дамовы падпісаныя, але беларускі бок тармозіць іх рэалізацыю. А вось з Латвіяй выконваецца дамова, паводле якой жыхары памежных раёнаў абедзьвюх краін маюць ільготны рэжым пераходу мяжы. Менск пайшоў на гэта і таму, каб аддзячыць Латвіі за адносна ляяльнае стаўленьне да Беларусі, і таму, што колькасьць насельніцтва, якое карыстаецца льготамі пры перасячэньні мяжы, невялікае, і ня зробіць шкоды эканоміцы Беларусі, езьдзячы ў пакупкі ў суседнюю краіну.

Уладзімеру Макею быў зладжаны ў Рызе добры прыём. Прайшлі ягоныя сустрэчы з прэзыдэнтам, прэм’ер-міністрам Латвіі, а таксама зь віцэ-прэм’ерам, міністрамі замежных спраў, эканомікі, зносін.

З усіх краін Эўразьвязу з Латвіяй у афіцыйнага Менску былі найбольш добрыя адносіны.

Калі казаць пра канкрэтныя вынікі візыту, то можна адзначыць, што заплянавана правядзеньне Беларуска-Латвійскага бізнэс-форуму ў Рызе ў верасьні 2016 году і — на больш позьнім этапе — чарговага пасяджэньня Беларуска-Латвійскай Міжурадавай камісіі па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Пэўны рэзананс мелі ягоныя заявы, адказы на пытаньні журналістаў. Кажучы пра разьмяшчэньне новых кантынгентаў войск НАТО ў краінах Балтыі, Макей адзначыў, што мы разумеем лёгіку нашых партнэраў, краінаў НАТО, чаму яны гэта робяць, але не падтрымліваем гэтага. То бок, гэта пэўны намёк, што краіны Балтыі асьцерагаюцца Расеі, пасьля ўкраінскага крызісу. «Мы не разглядаем гэта як прамую пагрозу нашай бясьпецы», — заявіў Макей.

Наконт разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Беларусі Макей сказаў, што пазыцыя Менску не памянялася, то бок, цяпер яна непатрэбная. Беларусь прапануе дыялёг, а не нагнятаньне ваеннай напругі. Гэта пэўным чынам разыходзіцца з пазыцыяй Расеі.

Міністар таксама заявіў, што беларускі бок гатовы пачаць працу па заключэньні базавага пагадненьня з ЭЗ аб партнэрстве і супрацоўніцтве.

У цэлым, можна казаць, што візыт быў пазытыўным.

Карней: Відавочна, што беларускія ўлады працягваюць шукаць розныя шчыліны, каб нейкім чынам праціснуцца на агульны эўрапейскі рынак. Пакуль гэта ўдаецца са скрыпам: статусу апошняй дыктатуры Эўропы ў дачыненьні да Беларусі пакуль ніхто не касаваў, пра што сьведчыць і нядаўняе рашэньне Рады ААН працягнуць мандат адмысловага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Але з улікам, што Расея згарнула маштабнае донарства па ўсіх франтах, сытуацыя прысьпешвае пошук месцаў, словамі Аляксандра Лукашэнкі, дзе нас яшчэ ня ведаюць ці ведаюць не з найгоршага боку.

Улады працягваюць шукаць розныя шчыліны, каб нейкім чынам праціснуцца на агульны эўрапейскі рынак.

Заявы міністра замежных спраў Уладзімера Макея па выніках перамоваў са сваім латвійскім калегам Эдгарсам Рынкевічсам адназначныя і сьведчаць пра адно — ахвоту супрацоўнічаць. «Беларусь гатовая пачаць працу на заключэньне базавага пагадненьня з Эўразьвязам аб партнэрстве і супрацоўніцтве», — запэўнівае чыноўнік.

Рыторыка пры гэтым лагодная і шматабяцальная: гэта ў інтарэсах як Беларусі, якая імкнецца нармалізаваць адносіны з Эўразьвязам, так і ў інтарэсах самога Эўразьвязу. Дарэчы, бакі дагэтуль кіруюцца пагадненьнем, падпісаным паміж СССР і Эўрапейскай эканамічнай супольнасьцю ажно ў 1989 годзе, якое, безумоўна, састарэла і не адпавядае актуальнай сытуацыі.

Але некаторыя рэчы сам Уладзімер Макей трактуе з вышыні ўсё таго самага супрацьстаяньня часоў халоднай вайны. Што датычыць пэрспэктываў разьмяшчэньня новых кантынгентаў войскаў НАТО ў краінах Балтыі і Польшчы, то Беларусь, ягонымі словамі, вядома ж, не вітае дадатковых воінскіх кантынгентаў на тэрыторыі суседніх краінаў. «Мы можам зразумець лёгіку, чаму гэта робіцца, хоць не падтрымліваем гэтыя крокі».

А вось гэта ўжо новы паварот, бо, ягонымі словамі, разьмяшчэньне дадатковых войскаў НАТО не зьяўляецца прамою пагрозай бясьпецы Беларусі. Гэта яўна дысануе з ранейшай пазыцыяй, калі варожая сутнасьць «агрэсіўнага блёку» нават ня ставілася пад сумнеў.

Праўда, тое, што адбываецца на блізкіх подступах з усходу і павінна турбаваць у куды большай ступені — дысьлякацыя дадатковых падразьдзяленьняў Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі за 100 км ад мяжы Беларусі на Смаленшчыне, сумесныя парады з удзелам расейскіх вайскоўцаў у цэнтры Менску, заўзятыя размовы пра канечную патрэбу расейскай авіябазы ў Бабруйску — афіцыйны Менск на міжнародным узроўні намагаецца не закранаць.

У кожным разе ў Рызе спадар Макей прызнаў пэўныя праблемы, якія існавалі ў адносінах Менску і Брусэлю, але захады Рады Эўразьвязу на адмену пераважнай большасьці абмежаваньняў у двухбаковым супрацоўніцтве назваў пазытыўным сыгналам.

Цяпер толькі застаецца пераканацца, што патасныя заявы пра адданасьць эўрапейскім ідэалам ня будуць разыходзіцца са справай.

Глод: Корань усяго гэтага трэба шукаць у тым, што санкцыі супраць Расеі істотна падкасілі беларускую эканоміку. У расейцаў стала меней грошай, яны, натуральна, сталі менш купляць у Беларусі. Цяпер пэрспэктываў на расейскім рынку фактычна няма, а грошы па-ранейшаму патрэбныя, і нават болей, чым некалі. Таму трэба шукаць новы стабільны рынак. Яго спрабавалі шукаць на розных кірунках і, як падаецца, прыйшлі да высновы, што самы стабільны рынак усё ж у Эўропе. Адсюль і вось гэтыя заявы, і спроба пераканаць эўрапейцаў, што Беларусь ужо ня тая, якой яна была літаральна некалькі гадоў таму.

Корань усяго гэтага трэба шукаць у тым, што санкцыі супраць Расеі істотна падкасілі беларускую эканоміку.

Але ў гэтай паездцы Макей сказаў, што мы не вітаем разьмяшчэньня дадатковых вайсковых кантынгентаў на тэрыторыях нашых суседніх краін. Гэта было зразумела, пакуль усё было з Расеяй добра. Але другая заява цікавейшая: мы можам зразумець лёгіку нашых партнэраў, чаму яны гэта робяць, хоць не падтрымліваем крокаў. У разьвіцьцё гэтай тэзы яшчэ адна: мы не разглядаем гэта як прамую пагрозу нашай бясьпецы. Вось гэтыя заявы, асабліва тое, што падвышэньне актыўнасьці НАТО ў Менску не разглядаюць як пагрозу, можа ўспрымацца як адрознае ад Масквы меркаваньне. Разам з тым Макей як дасьведчаны і спрактыкаваны дыплямат канстатаваў, што на выклікі НАТО Беларусі трэба неяк рэагаваць. І ўжо на гэты конт зьявіліся нават жарты, што мабыць тут уздумалі намякнуць на «Палянэз» Лукашэнкі замест добра вядомага ў Эўропе «Палянэзу» Агінскага.

Але я хацеў бы зьвярнуць увагу яшчэ на адну дэталь. Гэта — час заявы Макея. Яна зьявілася напярэдадні саміту НАТО, які праходзіць у Варшаве. Менск разводзіў розныя чуткі на тэму, хто паедзе ад Беларусі на саміт, у тым ліку называлася і прозьвішча Макея. Але Макей паехаў не ў Варшаву, а ў Рыгу.

Я сёньня размаўляў са сваім калегам Раманам Якаўлеўскім, які знаходзіцца ў сталіцы Польшчы і пытаўся, ці была нейкая рэакцыя ў кулюарах натаўскага саміту на словы Макея. І ён сказаў, што заявы Макея шмат хто ўспрыняў як праявы пэўнай крыўды і нейкі сыгнал, што ён можа хутка сысьці. Бо такія сьмелыя заявы, дзе пазыцыя Расеі асобна, а Беларусі асобна, чыноўнік такога рангу як міністар замежных спраў, звычайна робіць перад зьменай свайго працоўнага кабінэту. Дык што чакае Макея далей?

XS
SM
MD
LG