Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сказалі пра сёньняшнюю сытуацыю ў Партыі БНФ два дні зьезду? Ці ўдасца новаму старшыню партыі пераламаць тыя нэгатыўныя тэндэнцыі, што выявіліся за апошні час? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: “Што нам прадэманстравалі два дні зьезду Партыі БНФ? На якой стадыі свайго разьвіцьця, у якой сытуацыі знаходзіцца цяпер Фронт?”
Класкоўскі: “Калі казаць спартовай мовай, то партыя БНФ сёньня, бадай, не ў найлепшай форме. Некаторых захапляў гэты вонкавы дэмакратызм барацьбы за пасаду старшыні – канкурэнцыя, онлайнавыя канфэрэнцыі – але ёсьць і адваротны бок гэтага мэдаля. Насамрэч гэта адлюстравала вялікую крызу – ідэйную, арганізацыйную, крызу даверу паміж лідэрамі. А ўрэшце – адсутнасьць бясспрэчнага харызматычнага лідэра, скажам так, няма моцнага генэратара ідэяў.
Відавочна, што сёньня БНФ страціў тую стратэгічную ініцыятыву ў дэмакратычным руху, якой ён валодаў у першай палове 1990-х гадоў. З боку шэрагу вэтэранаў часам гучыць думка, што варта аднавіць нейкую чысьціню прынцыпаў – і тады ўсё будзе добра. Але ў адну і тую раку нельга ўвайсьці двойчы, цяпер Беларусь іншая, яна на пераломе, і патрэбна мадэрнізаваная, гнуткая стратэгія.
Цыганкоў: “Пра страту ініцыятывы якраз крытычна казалі многія дэлегаты зьезду, як і пра тое, што БНФ аддаваў свае сілы іншым рухам і кааліцыям. Ці ўдасца новаму старшыню Лявону Баршчэўскаму пераламаць калі ня ўсе нэгатыўныя тэндэнцыі, дык у нейкім сэнсе палепшыць стан рэчаў?”
Класкоўскі: “Скажам так – ён на гэтым этапе ўратаваў сытуацыю. Ён дасьведчаны палітык, дыплямат, можна так сказаць. Баршчэўскі здольны вытрымаць балянс паміж інтарэсамі фронту і нейкіх іншых палітычных структураў. Бо Вячорку шмат закідалі, што ён падгульвае камуністам, а Міхалевічу – сувязі з Мілінкевічам і гэтак далей.
Думаю, што з дапамогай Лявона Баршчэўскага Фронту ўдасца захаваць такія нармальныя дыпляматычныя стасункі зь іншымі сіламі, можа, з большым акцэнтаваньнем уласнай пазыцыі Партыі БНФ. Але гэта не самамэта – акцэнтаваць пазыцыю. Трэба, каб яна была абгрунтаваная, каб была моцная стратэгія дзеяньня. Але мне здаецца, што гэтыя два дні зьезду цалкам зьелі час менавіта на барацьбу паміж пэрсаналіямі, і пытаньні стратэгіі былі на апошнім пляне”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG