Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынём стаў Лявон Баршчэўскі. Намесьнікі: Вінцук Вячорка, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч.


Хроніка падзеяў.

9:30 Уладзімер Лабковіч прапанаваў унесьці зьмены ў рэглямэнт, каб старшыню абіраць простай большасьцю галасоў, а не паводле схемы 50% + 1 голас.

Алесь Міхалевіч прапанаваў вызначыць кампрамісную кандыдатуру на старшыню, якая задавальняла бы і яго і Вінцука Вячорку.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч прапанаваў вызначыць выканаўцу абавязкаў старшыні партыі, а праз нейкі час правесьці другую сэсію зьезду і абраць старшыню арганізацыі.

9:30 Зарэгістравалася 196 дэлегатаў.

Старшыня падліковай камісіі Зьміцер Дрыгайла абвясьціў вынікі другога туру галасаваньня на старшыню Партыі БНФ: 118 галасоў – “за” Вінцука Вячорку, 110 – “за” Алеся Міхалевіча, 10 бюлетэняў – не сапраўдныя.

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Ўладзімер Лабковіч паведаміў, што ніхто з кандыдатаў на пасаду старшыні не набраў неабходнай колькасьці галасоў, і таму патрэбна праводзіць трэці тур галасаваньня.


10:00 Лявон Баршчэўскі прапанаваў сябе на пасаду старшыні Партыі БНФ.


10:11 Вінцук Вячорка падтрымаў Л.Баршчэўскага. А.Міхалевіч заявіў, што здымае сваю кандыдатуру на карысьць Баршчэўскага.


10:14 Дэлегаты прагаласавалі , каб правесьці паўторныя выбары.


10:20 У бюлетэні для галасаваньня ўнесена толькі адно прозьвішча – Лявона Баршчэўскага.


10:25 Пачалося галасаваньне.


11:20 Лявона Баршчэўскага абралі старшынём Партыі БНФ. За яго прагаласавала 211 дэлегатаў з 236.

Даведка Радыё Свабода: Лявон Баршчэўскі.

Нарадзіўся 4 сакавіка 1958 г. у Полацку.

1975 г. – паступіў у Менскі пэдагагічны інстытут замежных моваў на спэцыяльнасць нямецкая і ангельская мовы. Працаваў выкладчыкам нямецкай і ангельскай моваў у роднай школе №10 Полацку, потым у Наваполацкім політэхнічным інстытуце.

1987 г. – скончыў асьпірантуру пры Менскім пэдынстытуце замежных моваў.

Кандыдат філялягічных навук.

1990-1995 гг. – дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня, уваходзіў у склад парлямэнцкай апазыцыі БНФ. Быў сябрам камісіі ў пытаньнях адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны, а таксама сябрам камісіі ў міжнародных справах і замежнаэканамічнай дзейнасьці.

1995 г. – намесьнік старшыні Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”.

1996-1999 гг. – выканаўца абавязкаў старшыні.

Ад 1999 г. – дарадца старшыні Партыі БНФ.

Заснавальнік і намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю, які цяпер працуе ў падпольлі. БГЛ зачынілі ў 2003.

У 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам зь Сяргеем Шупам стварыў у Менску клюб маладых перакладчыкаў “Бабілён”.

Перакладаў Эсхіла, Пэтрарку, Кафку, Брэхта, Ленаў, Бёля.

Перакладае са старажытнагрэцкай, лацінскай, нямецкай, ангельскай, францускай, польскай, гішпанскай.

Паводле ўласнага прызнаньня, паэзію перакладаў больш як з трыццаці моваў, а прозу — больш як зь дзесяці. Бегла размаўляе на сямі мовах.

Баршчэўскі – рэдактар сэрыі “Biblioteka białoruska”, якая пачала выходзіць у 2006 годзе ва Ўроцлаве ў Калегіюме Ўсходняй Эўропы. У сэрыі ўжо пабачылі сьвет кнігі: “Калі рукаюцца душы” Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, дзьвюхмоўная кніга Андрэя Хадановіча “Сьвята Новага году", кніга Ўладзімера Арлова “Каханак Яе Вялікасьці”.

Адзін з апошніх перакладаў Баршчэўскага — манаграфія нямецкага дасьледніка Бэрнгарда К'яры, якая мае назву "Штодзённасьць за лініяй фронту: акупацыя, калябарацыя і супраціў у Беларусі (1941-1944 г.)".


11:25 Тэзы выступу Л.Баршчэўскага: Трэба ўнесьці зьмены ў статут, каб выбары старшыні не пагражалі расколу партыі... Зьбіраюся папрацаваць 2 гады ... Я прыходжу як антыкрызысны чалавек, каб не было адчуваньня паразы ні ў адных, ні ў другіх... Ня будзе радыкальных зьменаў. Будзе пераемнасьць у кіраўніцтве з пэўным абнаўленьнем. Трэба ўвесьці пасаду першага намесьніка старшыні партыі... Не чакаю нічога добрага ад візыту Пуціна . Падтрымліваю прапанову Івашкевіча выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 12 сьнежня.


11:30 Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі прапанаваў кандыдатуры намесьнікаў. Першы намесьнік, намесьнік, намесьник у міжнародных справах – Вінцук Вячорка ; у справах рэгіянальнай палітыкі – Сяргей Мальчык ; у справах інфармацыйнай і ідэалягічнай працы – Аляксей Янукевіч ; па правядзеньню масавых акцыяў – Віктар Івашкевіч ; ў справах арганізацыйнай працы і выбарчых кампаніяў – Уладзімер Лабковіч .


12:00
Адбываюцца выступы кандыдатаў на намесьнікаў старшыні.

У.Лабковіч: Раней усе сілы і рэсурсу мы кідалі на працу ў Аб’яднанай кааліцыі і на Мілінкевіча. Абяцаю, што цяпер усе рэсурсу буду накіроўваць на разьвіцьцё і прапаганду БНФ.

Валянцін Голубеў: Людзі, якія займаюць пасады ў іншых палітычных структурах, ня могуць быць на кіроўных пасадаў ў БНФ. Яны павінны заявіць пра свой сыход адтуль і працаваць у БНФ.

Алесь Міхалевіч і Юрась Губарэвіч не заявілі, што сыходзяць з Руху “За свабоду”.


12:30
Адбываецца галасаваньне па кандыдатурах намесьнікаў старшыні партыі. У В.Івашкевіча і В.Вячоркі супернікаў няма. За пасаду намесьніка старшыні з Сяргеем Мальчыкам спаборнічае Юрась Губарэвіч, з У.Лабковічам – А.Міхалевіч, з А.Янукевічам – Ігар Лялькоў.


14:05
Абвешчаныя вынікі галасваньня .

Вінцук Вячорка абраны першым намесьнікам, намесьнікам у міжнародных справах (173 дэлегата – "за"). Намесьнік у справах рэгіянальнай палітыкі – Юрась Губарэвіч (116), у справах інфармацыйна-ідэалягічнай працы – Аляксей Янукевіч (134), арганізацыя палітычных кампаніяў і праца з мэтавымі групамі – Віктар Івашкевіч (202), партыйнае будаўніцтва і сувязь суб’ектамі – Алесь Міхалевіч (131).


14:40 Дэлегаты прынялі пастанову з заклікам да беларускіх уладаў вызваліць палітычных зьняволеных.

17:25 Дэлегаты зьезду абралі Сойм. У яго ўвайшло 52 чалавекі


17:45 Зьезд завяршыў сваю працу.


XS
SM
MD
LG