Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля першага дня зьезду Партыі БНФ здавалася, што зь пераменай роляў паўтараецца 1999 год: такія самыя жарсьці, за якімі – усьведамленьне крызысу, тупіку, у якім апынулася найстарэйшая апазыцыйная арганізацыя краіны, і сутыкненьне дзьвюх канцэпцыяў разьвіцьця партыі.

Але пры ўсім падабенстве сытуацыя ў пэўнай ступені – як люстэркавы адбітак. 8 гадоў таму зьмена, якая імкнулася “скінуць Зянона Пазьняка з карабля сучаснасьці”, дэкляравала вяртаньне ў рэальную Беларусь, гэта значыць, адаптацыю жорсткіх ідэалягічных формулаў Фронту да рэаліяў існай краіны, і кааліцыю зь іншымі дэмакратычнымі сіламі.

Гэтым разам менавіта зьмена выступала да “вяртаньня да каранёў” Фронту, да бескампраміснасьці, саюзу пераважна з ідэалягічна блізкімі КХП БНФ, “Маладым Фронтам” і іншымі арганізацыямі гэтай часткі палітычнага спэктру.

У пэўным сэнсе матывам такога “вяртаньня да каранёў” сталі даволі сьціплыя вынікі “вяртаньня ў рэчаіснасьць”, дэкляраванага 8 гадоў таму - калі кампрамісы не даюць вялікага плёну, то навошта на іх ісьці?

Але на погляд другога боку пасьлядоўнае правядзеньне лініі Міхалевіча азначала б яшчэ большае ператварэньне Фронту ў гета, у супольнасьць людзей рашучых, тэхналягічных, адданых сваёй справе, але яшчэ больш далёкіх ад грамадзтва, якому ў рэшце рэшт гэтая адданасьць і прысьвечаная.

Хада перадзьездаўскай барацьбы і змаганьне на самім зьездзе сьведчылі пра тое, што прымірыць, палагодзіць бакі надзвычай цяжка, калі наагул магчыма. Вынік галасаваньня ў другім туры быў сымбалічным, як і ў 1999 годзе – пат, нічыя.
Праўда, досьвед дае розум, памятаючы падзеі 8-гадовай даўніны, усе разумелі, што фармальны развод, падзел на Фронт Мілінкевіча і Фронт Вячоркі будуць у суме значыць значна менш, чым цяперашні БНФ з усімі ягонымі праблемамі і крызысамі.
Таму чарговага публічнага расколу не адбылося, цудоўным чынам усе пагадзіліся на кандыдатуру вэтэрана Фронту Лявона Баршчэўскага, якая павінна была калі не прымірыць бакі, то хаця б замаскаваць супярэчнасьці паміж імі.

Але сумневы ў тым, наколькі спадар Баршчэўскі здолее дасягнуць хаця б гэтага, сьведчыць яшчэ адзін сюжэт зьезду – вынік галасаваньня за кандыдатуру Віктара Івашкевіча. У пэўным сэнсе ён быў кандыдатам больш яркім за абодвух іншых, але толькі Міхалевіч і Вячорка мелі за сабой палітычныя каманды, палітычныя машыны верных ім людзей. Вынікі першага туру галасаваньня – паказчык прафэсіяналізацыі беларускай палітыкі: машыны, апараты перамагаюць яркіх адзіночак.

Але калі сваёй каманды ня меў Івашкевіч, які апошнія 8 гадоў быў у цэнтры фронтаўскай палітыкі, то што казаць пра Баршчэўскага, які вяртаецца ў палітыку пасьля васьмігадовага “посту”?

Так што хутчэй за ўсё яго абраньне стане проста расколам у растэрміноўку – бітва палітычных машынаў працягнецца.
І магчыма Фронт, якім усе ведалі яго, назаўжды застаўся ў 7 сьнежня 2007 году.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG