Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня
Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня

23-і дзень пратэстаў. Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь. Лукашэнка ў «чорным сьпісе». Суды над затрыманымі

Што адбываецца ў Беларусі на 23-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў

18:56 31.8.2020

Лідэра салігорскіх шахтароў Анатоля Бокуна арыштавалі на 15 сутак

Сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна асудзілі на 15 сутак арышту. Як паведамілі Свабодзе у страйкаме, Бокуна асудзілі па абвінавачаньні ў парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства.

24 жніўня Бокуну ўжо прысудзілі 675 рублёў штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пасьля суду сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» тады адпусьцілі.

18:50 31.8.2020

Фігуранта «справы Ціханоўскага» адправілі адбываць «суткі» за горадзенскі пікет 29 траўня

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Вяргілія Ўшака адправілі адбываць «суткі» за горадзенскі пікет 29 траўня, паведамляе «Вясна». Яго затрымалі сёньня на полацкім вакзале, адкуль ён зь нявестай зьбіраўся ехаць у Менск. Міліцыянты прад’явілі яму пастанову Ленінскага суду Горадні, па якой яго асудзілі 2 ліпеня на 7 сутак арышту па двух артыкулах КаАП: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаваньне міліцыянтам).

Міліцыянты сказалі, што 7 сутак Вяргілій Ушак будзе адбываць у Полацкім РАУСе. Пры гэтым ён застаецца ў статусе абвінавачанага па арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі па «горадзенскай справе», якая зьвязаная з падзеямі на пікеце 29 траўня ў Горадні. Ён два месяцы правёў у СІЗА і быў вызвалены напрыканцы ліпеня.

18:43 31.8.2020

«Мы адчулі сябе сілай, якая можа рабіць цуды». Баскетбаліст Ягор Мешчаракоў пра сваю пазыцыю і ўдзел у маршах пратэсту

Чэмпіён моладзевага першынства Эўропы ў баскетболе, экс-капітан нацыянальнай зборнай, герой Залі славы ўнівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона Ягор Мешчаракоў сярод першых далучыўся да шматтысячных маршаў прыхільнікаў пераменаў, разам з малодшым братам, гульцом зборнай Беларусі ў баскетболе Мікітам Мешчараковым яны сярод падпісантаў адкрытага ліста з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў.

Ягор з жонкай і дачкой ходзіць на мірныя акцыі, валянтэрыць падчас ланцугоў салідарнасьці, падвозіць удзельнікам ваду і харч. Раней, яшчэ да сёлетніх падзеяў, ён набіў патрыятычнае татý з рыцарам і надпісам Belarus Knight. «Няма ніякіх рэжысэраў, якім плацяць „лялькаводы“. Беларусы самі сталі валянтэрамі свабоды, бо баліць душа і сэрца абліваецца крывёю ад таго, што адбываецца», — кажа Ягор Мешчаракоў.

Што падштурхнула да адкрытага выказваньня пазыцыі, калі разумееш, што без наступстваў гэта не застанецца? Ягор пагутарыў з карэспандэнтам Свабоды назаўтра пасьля акцыі 30 жніўня, куды ягоныя аднадумцы выйшлі зь вялікім плякатам: «Спартоўцы — з народам». Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.

18:38 31.8.2020

У Горадні людзі сабраліся ў «ланцуг салідарнасьці з мэдыкамі»

Каля мэдыцынскага ўнівэрсытэту ў Горадні каля 30 чалавек сталі ў «ланцуг салідарнасьці». Яны кажуць, што хочуць падтрымаць мэдыкаў, на якіх цяпер ціснуць улады. Іх падтрымліваюць сыгналамі аўтамабілі.

Некалькі чалавек затрымалі амапаўцы. Астатнія ўдзельнікі ланцуга разышліся.

18:33 31.8.2020

Міністар спорту даручыў падначаленым скасаваць падпіску на газэту «Прессбол», якая дае слова крытыкам улады

Да журналістаў трапіў пратакол даручэньняў Міністэрства спорту і турызму за подпісам кіраўніка ведамства Сяргея Кавальчука. Згодна з дакумэнтам, структурныя падразьдзяленьні (упраўленьні спорту і турызму аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму, спартовыя клюбы Фэдэрацыі прафсаюзаў, таварыства «Дынама» ды іншыя) абавязаныя да 31 жніўня даць справаздачу аб падпісцы на спартовыя выданьні.

У прыватнасьці, пункт даручэньня № 1 загадвае спыніць ад 31 жніўня дзяржаўную падпіску на друкаваныя выданьні рэдакцыі газэты «Прессбол» і разарваць ранейшыя дамовы зь ёю на аказаньне рэклямных паслугаў.

Нядаўна газэта «Прессбол» надрукавала адкрыты ліст прадстаўнікоў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Сярод іншага, там ідзецца пра новыя сумленныя выбары і пакараньне сілавікоў, датычных да гвалту над мірнымі пратэстоўцамі. Пад зваротам падпісаліся больш за 350 чалавек.

18:22 31.8.2020

18:02 31.8.2020

Былы расейскі прапагандыст пра супрацу з ФСБ: «Яны самі выбіралі тое, што лічылі цікавым»

Дзьмітрый Белавусаў, які цяпер жыве ў Нідэрляндах, шмат гадоў працаваў на расейскай дзяржаўнай тэлевізіі. Ён быў шэф-рэдактарам на канале НТВ, сцэнарыстам на канале РЕН і працаваў над прапагандысцкімі «фільмамі-выкрыцьцямі» аб расейскай апазыцыі — такімі, як «Анатомія пратэсту». Белавусаў адказаў на пытаньні Алены Вяршынінай з расейскай службы Радыё Свабода. Чытайце па спасылцы.

17:59 31.8.2020

Мітрапаліт Кандрусевіч, якога памежнікі не ўпусьцілі ў Беларусь, зь мяжы вярнуўся ў Польшчу

Прэс-сакратар Беларускага каталіцкага касьцёлу айцец Юры Санько паведаміў Свабодзе, што мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зь беларускага памежнага пераходу «Брузгі» вярнуўся ў Польшчу. Яму не дазволілі ўехаць у Беларусь, прычын аніяк не патлумачылі. Пачакаўшы некалькі гадзін, ён пакінуў памежны пераход.

«Машына, на якой ехаў мітрапаліт, ужо пераехала мяжу і накіравалася ў Беларусь, а мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваўся назад на польскую тэрыторыю. Ён будзе працягваць дамагацца вярнуцца на радзіму. І мы тут будзем пратэставаць, зьвязвацца з усімі дзяржаўнымі ўстановамі ў Беларусі, бо каталіцкі касьцёл Беларусі ня можа быць без свайго кіраўніка. Ніякіх тлумачэньняў гэтаму рашэньню ад уладаў мы так і не атрымалі», — сказаў Юры Санько. Цалкам чытайце тут.

17:58 31.8.2020

Удзельніка прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімера Няпомняшчых асудзілі на 10 сутак

31 жніўня ў Гомлі судзілі актывіста АГП, пэнсіянэра МУС Уладзімера Няпомняшчых, які ўдзельнічаў у зборы подпісаў за сваё вылучэньне на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Яго абвінавацілі паводле артыкула 23.34 КаАП. Міліцыя склала тры пратаколы.

Судзьдзя адмовіла, каб міліцыянт Арцём Жаўняк, які складаў пратаколы, быў сьведкам, бо ён «зацікаўленая асоба». Сваёй віны ва ўдзеле ў несанкцыянаваных сходах Уладзімер Няпомняшчых не прызнаў.

«Прызнаньне — каралева доказаў, казаў Вышынскі ў 30-х гадах. А тут нават прызнаньня майго няма, і мяне судзяць па нейкай поўнай лухце! Тут няма нічога на мяне, хоць бы здымак са сьцягам прычапілі да справы зь мінулага году», — заявіў актывіст.

Судзьдзя Алеся Осіпава пакарала Ўладзімера Няпомняшчых арыштам на 10 сутак. Падрабязнасьці суду чытайце па спасылцы.

17:45 31.8.2020

У Гомлі суд пастанавіў зьнішчыць бел-чырвона-белы сьцяг, які забралі ў пратэстоўца

31 жніўня ў Гомлі судзяць удзельнікаў Маршу, які прайшоў 30 жніўня. Пасьля акцыі людзей затрымлівалі ў піцэрыі, крамах і дварах.

Уладзя Сабалеўскага затрымалі ў краме. У яго міліцыя забрала бел-чырвона-белы сьцяг. Ноч малады чалавек правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. 31 жніўня судзьдзя Віктар Казачок пакараў Уладзя Сабалеўскага штрафам у памеры 2 базавыя велічыні за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пры вынясеньні рашэньня судзьдзя зазначыў, што сьцяг, які міліцыя забрала ў Сабалеўскага, падлягае зьнішчэньню.

17:14 31.8.2020

Людзі ў цывільным заблякавалі ўдзельніцу студэнцкага чату пра страйк

«Некалькі гадзін таму да мяне ў кватэру пазванілі двое мужчын, — распавядае А. — Я падумала, што інтэрнэт праводзяць, і адчыніла дзьверы. Яны не прадставіліся, але сталі казаць, што з-за таго, што я ў студэнцкім чаце пра страйк, то нам трэба праехаць паразмаўляць. Я адмовілася, запатрабавала позву. У кватэру адмовілася ўпусьціць, бо ў мяне тут сястра малая».

Дзяўчына кажа, што ёй на тэлефон даслалі паведамленьне з запрашэньнем на размову па адрасе Рэвалюцыйная, 3. Яна патрабуе аформленай па законе позвы і прысутнасьці адваката.

«Я ў проста размове ўдзельнічаць не хачу, — кажа дзяўчына. — Дык цяпер яны патэлефанавалі ўсім маім сваякам, бацькам, бабулям і дзядулям, што ім трэба са мной паразмаўляць. Пад вокнамі нейкія мікрааўтобусы, а суседка кажа, што ў двары мужчына з навушнікам у вуху. Маці цяпер баіцца ісьці дахаты, бо думае, што яны разам зь ёй увойдуць у кватэру». Сама яна цяпер таксама ня хоча выходзіць з кватэры. Цалкам чытайце па спасылцы.

17:10 31.8.2020

17:10 31.8.2020

«За Лукашэнку былі толькі намесьнікі генэральнага дырэктара». Звольненаму рабочаму МАЗу дапамог фонд салідарнасьці

Праз тыдзень пасьля ўдзелу ў страйку сьлесара галоўнага аўтазборачнага цэху МАЗу Сямёна Фёдарава звольнілі «за невыкананьне працоўных абавязкаў». Але малады чалавек не шкадуе, што далучыўся да страйку. Сямён Фёдараў расказаў пра цяперашнюю сытуацыю на МАЗе і пра фонд салідарнасьці з рабочымі, які дапамагае яму пасьля звальненьня.

«Сходы пачаліся 13-га, у чацьвер, а 14-га ўжо 2-3 тысячы выйшлі да прахадной і абвясьцілі пра страйк. І адразу з адміністрацыі нас пачалі запалохваць, казалі, што мы ня маем права страйкаваць. Але людзі не супакойваліся, бо ў перамогу Лукашэнкі ніхто ня верыў. На сходах задавалі пытаньне, хто галасаваў за Ціханоўскую, і падымаўся лес рук, а за Лукашэнку былі толькі намесьнікі гендырэктара», — расказаў Сямён Фёдараў пра першыя сходы рабочых МАЗу пасьля выбараў.

Паводле маладога рабочага, у іхным галоўным аўтазборачным цэху пачалі зьбіраць подпісы за ўдзел у страйку з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі, правядзеньня новых сумленных выбараў і вызваленьня палітвязьняў. Ён сам сабраў каля 30 подпісаў, усяго сабралі недзе пад 50. Сямён кажа, патрабаваньне адстаўкі Лукашэнкі і ягонага ўраду падтрымлівала большасьць, а вось на страйк пагадзілася меншая частка. І ўсё ж яны пачалі забастоўку.

«Сядзелі групамі. У нашай групе было чалавек 10. Прычым на нашыя працоўныя месцы, здаецца, так нікога і не прызначылі. У выніку машыны з канвэера сыходзілі недаўкамплектаваныя. А праз 4 дні, 19-га жніўня, на нас падрыхтавалі загады на звальненьне ды звольнілі. Але ў мяне асабіста нават тлумачэньняў не ўзялі. За маёй сьпінай склалі пратакол — і гатова. Зь іншымі тое самае», — кажа Сямён Фёдараў. Цалкам чытайце па спасылцы.

16:36 31.8.2020

Выкладчыкі паведамілі, што Мікалай Лукашэнка забраў дакумэнты зь Ліцэю БДУ

Як паведамілі Свабодзе выкладчыкі Ліцэю БДУ, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай забраў дакумэнты з гэтай навучальнай установы. Інфармацыю таксама пацьвердзілі «Эўрарадыё» супрацоўнікі ўстановы на ўмовах ананімнасьці.

У афіцыйным камэнтары «Эўрарадыё» дырэктар Ліцэю БДУ Ігар Варакса не пацьвердзіў і не зьняпраўдзіў гэтую вестку.

«Мы не камэнтавалі, калі пайшла інфармацыя, што Мікалай Лукашэнка нібыта зьбіраецца ў нас вучыцца. Адпаведна, і цяпер няма сэнсу камэнтаваць. У Ліцэй ён паступаў, дакумэнты прыносіў. А што адбывалася далей — толькі ў асабістым кабінэце вядома тым, хто паступаў. Мы ніякія вынікі [іспытаў] не публікуем. У нас паступалі 1739 чалавек, і мы не апавядаем ні пра кога», — сказаў Ігар Варакса. Цалкам чытайце тут.

16:30 31.8.2020

У Гомлі затрымалі сябра мясцовай Каардынацыйнай рады

31 жніўня ў Гомлі затрымалі сябра мясцовай Каардынацыйнай рады Васіля Палякова.

Васіль Палякоў быў у судзе Цэнтральнага раёну Гомля, даведваўся пра лёс затрыманых 30 жніўня. Выйшаў з суду і быў затрыманы міліцыяй. Дзе ён цяпер — невядома.

16:05 31.8.2020

Затрымалі ўдзельніцу Каардынацыйнай рады. У яе доме прайшоў ператрус

Удзень 31 жніўня затрымалі ўдзельніцу Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву, напісаў у сваім тэлеграм-канале сябра Рады Павал Латушка. Затрыманьне рабілі супрацоўнікі ДФР КДК. Адбыўся ператрус.

16:04 31.8.2020

У Гомлі аштрафавалі прадстаўніцу мясцовай Каардынацыйнай рады

Суд прызнаў вінаватай і пакараў штрафам у 540 рублёў прадстаўніцу Гомельскай Каардынацыйнай рады Сьвятлану Кароль, якая неаднаразова прымала ўдзел у акцыях салідарнасьці.

Міліцыя затрымала яе 27 жніўня. Пасьля Сьвятлане зрабілася блага ў аддзеле міліцыі, і яна трапіла ў шпіталь. Яе выпісалі са шпіталю 31 жніўня. Міліцыя пільнавала жанчыну і адразу завезла ў суд. Там яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пакаралі штрафам. Але і пасля суду Святлана не трапіла дахаты — яе міліцыя павезла ў Чыгуначны РАУС.

15:49 31.8.2020

Кіеўскі тэатар імя Франка запрасіў звольненых купалаўцаў адсьвяткаваць юбілей беларускага тэатру ва Ўкраіне

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Івана Франка ў жніўні адзначыў свой стогадовы юбілей. Генэральны дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра, народны артыст Украіны Міхайла Захарэвіч са сцэны прапанаваў звольненаму калектыву Купалаўскага тэатру адсьвяткаваць 100-гадовы юбілей у Кіеве, на сцэне легендарнага ўкраінскага тэатра. Гэтую ініцыятыву гледачы ўспрынялі бурай воплескаў.

У інтэрвію Свабодзе Міхайла Захарэвіч расказаў, чаму вырашыў падтрымаць купалаўцаў. Чытайце па спасылцы.

15:31 31.8.2020

Адміністрацыйныя справы на футбалістаў «Крумкачоў» накіравалі ў суд

Адміністрацыйныя справы на футбалістаў «Крумкачоў» Сяргея Казекі і Паўла Расолькі накіравалі ў суд Ленінскага раёну. Іх могуць асудзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Лёс крымінальнай справы супраць іх за пашкоджаньне міліцэйскага аўтамабіля пакуль невядомы, перадае карэспандэнт Свабоды.

Казеку павезьлі рабіць МРТ пазваночніка, каб пацьвердзіць пашкоджаньне аднаго пазванка. Павел Расолька пакуль застаецца ў РУУС Ленінскага раёну.

У 16.30 Сяргея Казеку адпусьцілі зь міліцыі. Крымінальная справа супраць яго прыпыненая. Таксама зь Ленінскага РУУС зараз мусіць выйсьці і Павал Расолька.

15:28 31.8.2020

«Такая тэхніка ў горадзе бессэнсоўная». Навошта на акцыю пратэсту ў Менск увялі БМП

30 жніўня падчас масавага пратэсту ў Менску заўважылі каля 10 БМП (баявая машына пяхоты), якія рухаліся ў бок Палаца незалежнасьці. Гэта гусенічная тэхніка пяхоты, менавіта таму яе блытаюць з танкам. Ва ўмовах вайны такая машына рухаецца за танкамі, а таксама дастаўляе вайскоўцаў на перадавую. Але навошта яна ў горадзе?

«Гэта палявая тэхніка для дастаўкі пяхоты на лінію абароны ў палявых умовах. Я не ўяўляю, што можна рабіць такой тэхнікай у горадзе. Яна ў горадзе абсалютна бессэнсоўная», — лічыць вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

Такая машына, паводле яго, не нанясе моцных пашкоджаньняў гарадзкой гаспадарцы, але кожны выезд нямала каштуе. Прыкладны расход паліва — 1 літар на 1 кілямэтар. Машына езьдзіць на дызэльным паліве. Паводле экспэрта, такую тэхніку выводзілі хіба «для псыхалягічнага ціску».

Экспэрт у бясьпецы Андрэй Сыцько лічыць, што «такая машына абсалютна сьляпая ў горадзе». Выкарыстаньне танкаў у горадзе Андрэй Сыцько лічыць яшчэ больш бессэнсоўным. А БМП у Менск прыганялі «хіба каб напужаць». Цалкам чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG