Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня
Ланцуг салідарнасьці каля Чырвонага касьцёла ўвечары 31 жніўня

23-і дзень пратэстаў. Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь. Лукашэнка ў «чорным сьпісе». Суды над затрыманымі

Што адбываецца ў Беларусі на 23-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў

10:08 31.8.2020

У Маскве пабілі актывіста Ягора Жукава. Перад гэтым ён у стрыме гаварыў пра беларускія пратэсты

У нядзелю вечарам у Маскве невядомыя пабілі актывіста Ягора Жукава каля падʼезда ягонага дома. Ён вяртаўся з стрыму Максіма Каца, у якім гаварыў пра беларускія пратэсты.

Жукава шпіталізавалі з падазрэньнем на чэрапна-мазгавую траўму.

Беларускі пратэст — гэта падручнік, казаў Ягор Жукаў у жывым эфіры Максіма Каца.

Сучасныя мірныя пратэсты — гэта асада. Калі перад вамі стаіць сьцяна і вы будзеце біцца галавой аб гэтую сьцяну, то сьцяна пераможа. Сутнасьць мірных пратэстаў — «перамагаць Майка Тайсана шахматамі», — сказаў Жукаў.

10:11 31.8.2020

Сёньня чакаюцца суды над затрыманымі напярэдадні ўдзельнікамі акцый пратэстаў

Паводле МУС, за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску затрымалі 140 чалавек. Затрымлівалі пратэстоўцаў і ў іншых гарадах краніы. Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі сьпіс вядомых імёнаў затрыманых.

10:29 31.8.2020

Рамзан Кадыраў папрасіў беларусаў падтрымаць Лукашэнку «ў цяжкія дні»

Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» распаўсюдзіў зварот кіраўніка Чачэніі да беларусаў. У ім Рамзан Кадыраў піша пра «цяжкія дні» для Лукашэнкі і нагадвае пра дзьве чачэнскія вайны.

Паводле Кадырава, разбурыць мір і парадак у Беларусі імкнуцца «некаторыя сілы». «Чачэнскі народ як ніхто іншы ведае, якія пакуты і разруху нясе вайна», — напісаў кіраўнік Чачэніі.

«Таму, карыстаючыся выпадкам, я прашу народ Беларусі падтрымаць у гэтыя цяжкія дні свайго прэзыдэнта і даць адпор сілам, зацікаўленым ва ўнутраным расколе братняй нам дзяржавы».

Кадыраў узначальвае Чачэнію з 2007 году. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвіначваюць яго ў маштабных парушэньнях правоў чалавека, падазраюць у катаваньнях і забойствах апанэнтаў. Супраць Кадырава дзейнічаюць заходнія санкцыі. Сам ён называў праваабаронцаў тэрарыстамі і прапаноўваў абвясьціць Пуціна пажыцьцёвым прэзыдэнтам Расеі.

10:32 31.8.2020

«Месяц пасьцельнага рэжыму». Аднаго з затрыманых футбалістаў «Крумкачоў» шпіталізавалі

Сяргея Казеку і Паўла Расольку затрымалі 30 жніўня. Іх могуць абвінаваціць у нападзе на міліцэйскі аўтамабіль.

Інцыдэнт з пашкоджаным сінім мікрааўтобусам без апазнавальных знакаў адбыўся каля 14 гадзін 30 жніўня на праспэкце Незалежнасьці, недалёка ад будынку сядзібы КДБ. Мікрааўтобус спыніўся ля ходнікаў, адтуль выбеглі невядомыя і пачалі затрымліваць людзей. У выніку ля машыны сабраўся невялікі натоўп, яго ўдзельнікі пачалі біць па мікрааўтобусе рукамі. Машына хутка зьехала. Празь некалькі гадзін МУС паведаміла, што гэта быў міліцэйскі транспарт.

На апублікаваным прэс-службай МУС відэа відаць, што побач зь мікрааўтобусам знаходзіўся футбаліст «Крумкачоў» Павал Расолька. Увечары 30 жніўня стала вядома, што яго затрымалі разам зь яшчэ адным гульцом клюбу, Сяргеем Казекам. Расолька правёў ноч у РУУС, Казеку адтуль забрала «хуткая». Дырэктар каманды Алег Давідовіч раніцай 31 жніўня расказаў Свабодзе, што ў дачыненьні абодвух вядзецца разбор паводле крымінальнага артыкулу.

«Казека знаходзіцца ў 4-й лякарні цяпер, — кажа Давідовіч. — У яго дрэнны стан, праблемы з хрыбеткамі. Папярэдне месяц пасьцельнага рэжыму. Гэта траўмы, атрыманыя падчас затрыманьня. Іх затрымлівалі на Гарадзкім Вале. Расолька пакуль знаходзіцца ў Ленінскім РУУС. Абодвум прызначылі судмэдэкспэртызу. Сьледчы запрасіў усе відэазапісы з камэр. Разьбіраюцца. Адвакат паведаміў, што сёньня абодвух могуць адпусьціць».

10:44 31.8.2020

Ціханоўская выступіць у Радзе Бясьпекі ААН і ПАРЭ

Сьвятлана Ціханоўская плянуе выступіць у Радзе Бясьпекі ААН 4 верасьня і ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы 8 верасьня, паведаміў Інтэрфакс.

10:50 31.8.2020

31 жніўня затрымалі сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Страйкам Беларуськалію».

24 жніўня Анатоля Бокуна аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 675 рублёў.

11:04 31.8.2020

У нядзелю ў Парыжы перад мэрыяй прайшла акцыя салідарнасьці «Турэмная клетка»

Удзельнікі прадэманстравалі і расказалі, у якіх умовах трымалі палітычных вязьняў у Беларусі, і правялі выставу фатаздымкаў апошніх падзей Беларусі.

З удзельнікамі сустрэліся два намесьнікі мэра Парыжа і прадстаўнік МЗС Францыі.

12:09 31.8.2020

6 амапаўцаў білі мяне нагамі і дубінкамі». Дзяўчыну катавалі, каб прызналася, што каардынуе пратэсты

11 жніўня каля поўначы Ганна Сарока вярталася дадому пасьля сустрэчы зь сябрамі. Па дарозе яе затрымалі, пабілі дубінкамі і адвезьлі ў Маскоўскае РУУС як падазраваную ў каардынацыі пратэстаў. Два дні Ганна правяла ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе ўбачыла яшчэ больш гвалту і беззаконьня.

12:37 31.8.2020

Лукашэнка выступіў супраць вяртаньня да Канстытуцыі 1994 году, хоча трэці варыянт

Улада прапануе народу перамены, якія будуць рухаць грамадзтва наперад, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам.

«Вяртаньне, як некаторыя кажуць, да Канстытуцыі 1994 году — мы з вамі гэта ня проста прайшлі або пражылі, а ўвабралі ў сябе. Мы бачылі, што тады рабілася. Разварот — гэта ня ёсьць рух. Гэта перамены, але ня рух наперад. Хацелася б, каб перамены рухалі наша грамадзтва наперад. Таму будзем прапаноўваць нашаму народу такія зьмены», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што цяпер ідзе праца над трэцім варыянтам Канстытуцыі Беларусі, і папрасіў старшыню Вярхоўнага суду далучыцца да працы.

12:55 31.8.2020

Заплянаваны візыт Лукашэнкі ў Рыгу «зьняты з парадку дня», — кіраўнік МЗС Латвіі

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Рыгу, які плянаваўся яшчэ ў красавіку, «зьняты з парадку дня». Пра гэта ў панядзелак заявіў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

«З прычыны апошніх падзеяў у Беларусі і таго, што Латвія і іншыя краіны ЭЗ не прызнаюць вынікаў выбараў, візыт немагчымы і зьняты з парадку дня», — сказаў ён.

Афіцыйны візыт кіраўніка Беларусі ў Латвію, які плянаваўся на пачатак красавіка, быў адкладзены з прычыны пандэміі каранавірусу. Бакі дамовіліся, што гэты візыт будзе перанесены на найбліжэйшы час.

12:56 31.8.2020

Прадстаўнік Сьледчага камітэту ня мае інфармацыі, колькі спраў заведзена за зьбіваньне затрыманых 9-12 жніўня

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч заявіў Свабодзе, што ён ня мае інфармацыі, колькі крымінальных спраў заведзена па фактах зьбіваньня і катаваньняў затрыманых грамадзян у пэрыяд 9–12 жніўня.

«Грамадзяне працягваюць звяртаюцца з заявамі аб цялесных пашкоджаньнях пры іх затрыманьні супрацоўнікамі праваахоўных органаў, і аб атрыманьні цялесных пашкоджаньняў у месцах часовага ўтрыманьня. Сьледчы камітэт у кожным такім абыходжаньні разьбіраецца. Інфармацыя правяраеццца і сыстэматызуецца, ёй будзе дадзена належная прававая ацэнка», — заявіў Кабаковіч.

Сяргей Кабаковіч ня змог паведаміць, ці заведзена хоць адна крымінальная справа паводле гэтых заяваў, спаслаўшыся, што ў яго няма інфармацыі пра гэта.

Наконт сьмерцяў грамадзян Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, якія загінулі падчас акцый пратэсту ў Менску і Берасьці ад выкарыстаньня міліцыяй шумавой гранаты і стрэлу табэльнай зброі, Кабаковіч адзначыў, што правядзенне сьледчых дзеяньняў працягваецца, але не канкрэтызаваў, ці завялі крымінальныя справы і як расьсьледуюцца гэтыя выпадкі.

Тым часам, ​паводле Сьледчага камітэту, за апошні час зарэгістравана больш за 150 выпадкаў пагроз і абраз у адрас чыноўнікаў. Толькі за апошнія два дні распачалі больш за дзесяць крымінальных спраў паводле такіх фактаў, а з пачатку жніўня — каля пяцідзесяці.

Сьцьвярджаецца, што ў сувязі з заклікамі адклiкаць дэпутатаў некаторым зь іх пачалі паступаць пагрозы расправай, калі яны не складуць сваіх паўнамоцтваў. Маўляў, ахвярамі такіх пагроз сталі шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і кіраўнікоў мясцовых органаў улады зь Менску, Гомля і іншых гарадоў.

Раней Сьледчы камітэт выклікаў сяброў Каардынацыйнай рады, у тым ліку нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, на допыты ў справе аб закліку да захопу ўлады.

12:57 31.8.2020

Адваката Кавальковай чарговым разам не дапусьцілі да падабароннай

Яўгена Маслава, адваката сябры прэзыдыюму Каардынацыйна рады Вольгі Кавальковай, зноў не дапусьцілі да падабароннай.

31 жніўня Яўген Маслаў наведаўся ў СІЗА Жодзіна, дзе Вольга Кавалькова адбывае 10-сутачны адміністрацыйны арышт за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ля прахадной Менскага трактарнага заводу.

Адвакату адмовілі ў сустрэчы, спаслаўшыся на «складаную эпідэміялягічную сытуацыю». Як патлумачыў Яўген Маслаў, удалося высьветліць, што ягоная падабаронная знаходзіцца ў корпусе № 1 на тэрыторыі СІЗА з «асаблівым падпарадкаваньнем». Каардынацыя адбываецца не з боку органаў выкананьня пакараньняў, а Жодзінскага РАУС.

На гэтай падставе Яўген Маслаў падаў скаргу на імя начальніка гарадзкога аддзяленьня ўнутраных спраў.

12:58 31.8.2020

Крэмль: Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца ў Маскве ў бліжэйшыя пару тыдняў

Дата сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве пакуль узгадняецца, візыт адбудзецца ў бліжэйшыя два тыдні, паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў.

«Тэрміны узгадняюцца. Два прэзыдэнта ўчора дамовіліся, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні. Адпаведна, на працягу пары тыдняў сустрэча дакладна адбудзецца», — сказаў Пяскоў.​

Дамоўленасьць пра візыт Лукашэнкі ў Маскву для перамоваў з Пуціным была дасягнута падчас іх тэлефоннай размовы 30 жніўня.

13:27 31.8.2020

Вялікае Беларускае Нацыянальнае Паўстаньне

«Незалежна ад таго, чым скончыцца ў Беларусі цяперашняе процістаяньне народу з уладай і яе сілавымі структурамі, для мяне асабіста ў гэтую выбарчую кампанію ўжо ўсё адбылося. Я ўбачыў тое, пра што марыў і што стараўся наблізіць сваёй працай апошнія 35 гадоў», — піша ў сваім блогу Сяргей Абламейка.

13:45 31.8.2020

«Не здаёмся, але закон парушаць ня можам». Ці далучыцца «Нафтан» да агульнанацыянальнага страйку

«Са страйкам у нас туга. Баставаць мы ня можам, бо гэта адназначна выкліча крымінальны перасьлед. Гэта трактуюць як парушэньне прамысловай бясьпекі, бо „Нафтан“ і „Палімір“ — прадпрыемствы з высокай клясай небясьпекі. Мы неяк захрасьлі ў спробах даказаць кіраўніцтву, што мы існуём — людзі, якія выказваюць пратэст. Пакуль знаходзімся на гэтай стадыі: не здаёмся, працуем, але парушаць закон ня можам сабе дазволіць», — сказала карэспандэнту Свабоды Вольга Брыцікава, супрацоўніца «Нафтану», якая стала сябрам ініцыятыўнай групы за правядзеньне страйку.

13:46 31.8.2020

Крэмль: выкарыстаньне сілавога рэзэрву Расеі ў Беларусі не патрабуе згоды Савету Фэдэрацыі

Згода Савету Фэдэрацыі Расеі на магчымае выкарыстаньне сілавога рэзэрву Расеі ў Беларусі не спатрэбіцца, заявіў журналістам прэс-сакратар расейскага кіраўніка Дзьмітры Пяскоў.

«У такім выпадку мы ня будзем займацца гіпатэтычнымі развагамі. Справа ў тым, што гэта ратыфікаваная расейскім парлямэнтам дамова, якая прадугледжвае пэўныя абавязаньні Расеі. Менавіта на іх спасылаўся прэзыдэнт Пуцін. Але ў цяперашні час гаворкі пра выкарыстаньне рэзэрву няма», — цытуе Дзьмітрыя Пяскова «Інтэрфакс».

Ён нагадаў, што Ўладзімір Пуцін раней заявіў пра магчымасьць задзейнічаньня сілавога рэзэрву «у крайняй сытуацыі, калі экстрэмісты пяройдуць да прамой дэстабілізацыі».

«Цяпер мы бачым, што становішча пад кантролем, няма сэнсу гаварыць пра гэта», — падкрэсьліў прэс-сакратар.

На просьбу ўдакладніць, ці сапраўды ў гэтым выпадку згода Савету Фэдэрацыі на «спэцапэрацыю» не спатрэбіцца, Пяскоў зноў адказаў «не», бо гэта абавязаньні Расеі, ратыфікаваныя парлямэнтам.

14:05 31.8.2020

У беларускай «Камсамолкі» новы галоўны рэдактар. Прыслалі з Расеі

Галоўны рэдактар беларускага выпуску газэты «Комсомольская правда» Андрэй Ляўкоўскі, які кіраваў рэдакцыяй больш за 10 гадоў, паніжаны да першага намесьніка.

Ягонае месца заняла Марына Бунакова. Яна з Хабараўску, была там рэдактарам «KP.RU в Хабаровске». Затым працавала ў асноўным офісе расейскай «Камсамолкі» ў Маскве.

Загадам кіраўніцтва ад 31 жніўня яе прызначылі галоўным рэдактарам «Комсомольской правды в Беларуси». У сваім камэнтары пасьля выправы ў Менск яна заявіла, што гэта была прапанова кіроўнай кампаніі як варыянт вываду прадпрыемства з крызісу.

Раней дзяржаўны «Беларускі дом друку» адмовіўся браць у працу «Комсомольскую правду», якая расказвала пра шматтысячныя акцыі прыхільнікаў пераменаў.

14:07 31.8.2020

Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпускаюць у Беларусь

Свабода даведалася, што галаву каталіцкага касьцёла Беларусі, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, беларускія памежнікі не ўпускаюць у Беларусь. Герарх вяртаўся дадому з Польшчы.

«Я знаходжуся на пераходзе ў Кузьніцы, мяне не пусьцілі, – сказаў Свабодзе мітрапаліт Кандрусевіч. – Потым будзе заява. Пакуль нічога больш сказаць не магу».

Мітрапаліт Кандрусевіч зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Свабода спрабуе даведацца падрабязнасьці ў Памежным камітэце Беларусі.

14:19 31.8.2020

Вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі з пачатку году вырас да $ 17,8 млрд — Міністэрства фінансаў

Вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся ў студзені — ліпені на 3,7% і, паводле стану на 1 жніўня, склаў $ 17,8 млрд

15:05 31.8.2020

«Маці сказала: скаты, што вы творыце!» У рабочага «Нафтану» падчас пратэстаў трапілі дзьве гранаты

10 жніўня пад ногі 29-гадовага апэратара ААТ «Нафтан» Вячаслава Сьліжыкава сілавікі кінулі дзьве сьвятлашумавыя гранаты. Паводле эпікрызу, Вячаслаў мае агнястрэльныя раны абедзьвюх ног, грудной клеткі, левага пляча, правага лакцявога сустава; траўматычнае пашкоджаньне малагалёначнага нэрва справа з паралічом разгінальнікаў правай ступні. (Асьцярожна, фота ў артыкуле могуць шакаваць)

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG