Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парк Дружбы народаў занялі вайскоўцы. Ціханоўскай не далі зладзіць мітынг-канцэрт у Менску

абноўлена

Каманда кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай анансавала вялікі мітынг-канцэрт 6 жніўня ў менскім Парку дружбы народаў. Пасьля раённыя ўлады «занялі» парк на цэлы тыдзень сваімі канцэртамі, у тым ліку «Днём чыгуначных войскаў» 6 жніўня.

Што за «Дзень чыгуначных войскаў»

Яшчэ 1 жніўня каманда Ціханоўскай анансавала мітынг-канцэрт 6 жніўня ў Парку дружбы народаў з удзелам гуртоў Volski, J:морс, Nizkiz, Tor Band і Krama, вядоўцаў Каці Пытлевай, Віталя Воднева і Антона Мартыненкі.

3 жніўня адміністрацыя Савецкага раёну апублікавала расклад мерапрыемстваў у парку Дружбы народаў на ўвесь тыдзень. Менавіта на час мітынгу-канцэрту Ціханоўскай прыпала сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў (самі такія войскі ў 2006 годзе ліквідавалі — іх аб’ядналі з аўтамабільнымі і дарожнымі ў адзіныя транспартныя). На іншыя дні заплянавалі чатыры канцэрты «Клясыка бязь межаў», сьвяткаваньне Дня будаўніка. Акрамя таго, 4 жніўня невядомыя падпалілі сцэну ў парку.

Міністэрства абароны заплянавала на Дзень чыгуначных войскаў канцэрт, паказ спэцтэхнікі, выступленьні спэцыялістаў кіналягічнага цэнтру са службовымі сабакамі. У канцэрце анансавалі ўдзел вайсковых аркестраў і ансамбляў, гуртоў «Беларусы» і «Песняры», сьпевакоў Аляксандра Саладухі, Аляксандры Гайдук і Жанэт.

Днём раней Telegram-канал «Harbacevič» распаўсюджваў ліст аб немагчымасьці правесьці мітынг Ціханоўскай, які нібыта даслалі зь Менгарвыканкаму Ціханоўскай. Ды каманда Ціханоўскай сьцьвярджае, што і на раніцу 6 жніўня не атрымала афіцыйных паведамленьняў, гарадзкія ўлады не ідуць на кантакт.

Прадстаўніца штабу Вольга Кавалькова адзначыла, што паведамленьне пра мітынг Сьвятлана Ціханоўская падала першай яшчэ ў ліпені, затым сама Кавалькова падавала паўторнае паведамленьне гарадзкім уладам. Ні па тэлефоне, ні ў пісьмовым выглядзе штабу не адказалі.

Што было зранку ў парку

Раніцай 6 жніўня каманда Ціханоўскай прыехала ў Парк дружбы народаў ставіць сцэну для мітынгу-канцэрту, ды ў парк іхныя машыны не пусьцілі праваахоўнікі. «Эўрарадыё» вяло жывую відэатрансьляцыю спробы штабу трапіць у парк.

У парку вайскоўцы ставілі ўласную сцэну, людзі ў вайсковай форме разгружалі абсталяваньне.

Кавалькова расказала, што машынам штабу Ціханоўскай заехаць у парк не далі спачатку па тым шляху, па якім заяжджалі для арганізацыі мінулага мітынгу, накіравалі ў іншы бок, але і там не пусьцілі машыны. Супрацоўнікі ДАІ, людзі ў форме і «людзі ў цывільным» адмаўляюцца камунікаваць, большасьць нават не прадстаўляецца.

Што далей

Вольга Кавалькова паведаміла Свабодзе, што аб'яжджае магчымыя пляцоўкі для мітынгу-канцэрту. Цяпер яна ў Кіеўскім сквэры.

Як удакладніла Вольга Кавалькова, а 12-й адбудзецца паседжаньне абʼяднанага штабу, пасьля чаго будзе абвешчанае рашэньне адносна месца збору ўдзельнікаў.

Будзе дапоўнена

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG