Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарчых участках затрымліваюць незалежных назіральнікаў. Сьпіс

абноўлена

Незалежных назіральнікаў трымаюць далёка ад скрыняў для галасаваньня
Незалежных назіральнікаў трымаюць далёка ад скрыняў для галасаваньня

5 жніўня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» працягваюць паведамляць, што ўчастковыя камісіі выклікаюць на незалежных назіральнікаў міліцыю за тое, што яны сваім назіраньнем нібыта замінаюць працы камісій.

Менск

На 64-м выбарчым участку Заводзкага раёну Менску была затрыманая назіральніца Іна Дабратвор. Яе без тлумачэньняў прычыны не дапусьцілі ў памяшканьне школы. Калі яна стала абурацца, старшыня камісіі Мікалай Бойка выклікаў міліцыянтаў за тое, што яна нібыта замінае працы камісіі. Міліцыянты павезьлі назіральніцу ў РУУС Заводзкага раёну для складаньня пратаколу, але там толькі ўстанавілі асобу Іны Дабратвор і адпусьцілі.

З 35-га ўчастку для галасаваньня Маскоўскага раёну Менску супрацоўнікі міліцыі забралі незалежную назіральніцу Натальлю Манькоўскую. Яе павезьлі ў Маскоўскі РУУС для «прафіляктычнай гутаркі». Пасьля гутарскі яе выпусьцілі без складаньня пратаколу.

Віцебск

У сярэднюю школу № 25 Віцебску (тут знаходзяцца 12-ы, 13-ы і 14-ы ўчасткі для галасаваньня) сябры ўчастковай камісіі выклікалі міліцыю, затрымалі 4 назіральнікаў, паведаміла назіральніца зь Віцебску Ірына Трацьцякова.

На ўчастку № 12 затрымалі Андрэя Кешанюка і Галіну Магучую. Да гэтага старшыня камісіі дазволіла ім знаходзіцца ў калідоры каля ўчастка, аднак дырэктарка школы выказалася супраць такога рашэньня. На назіральнікаў склалі пратаколы паводле арт. 17.1 КаАП («дробнае хуліганства»). Кешанюка, Магучую, а таксама яшчэ дваіх назіральнікаў з участкаў № 13 і № 14 павезьлі ў РАУС Першамайскага раёну Віцебску.

Пазьней усіх 4 назіральнікаў адпусьцілі зь Першамайскага РАУС, папрасіўшы прабачаньня. Сказалі ім, што ў школе знаходзіцца можна, а адміністрацыя школы ня мае права выкідаць адтуль назіральнікаў, якія ціха сядзяць каля ўчастку ў калідорчыку.

Паводле Ірыны Трацьцяковай, адміністрацыі раёнаў папярэдзілі «гаспадароў» будынкаў, дзе месьцяцца выбарчыя ўчасткі: школы і іншыя навучальныя ўстановы, каб у будынках не знаходзіліся староньнія людзі. Менавіта таму сябры камісій пачалі выклікаць міліцыю.

Магілёў

Магілёўскага назіральніка ад ініцыятывы «Честные люди» Андрэя Застрэлава абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі і адправілі да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Паводле праваабаронцаў, міліцыю на Застрэлава выклікаў старшыня камісіі ўчастку № 97, які не хацеў дапускаць Застрэлава да назіраньня.

Бабруйск

Як паведамляе незалежны назіральнік з Бабруйску Сяржук Лацінскі, у 13:30 каля ўчастку № 30 Ленінскага раёну Бабруйску затрымалі назіральніка Ўладзімера Міхалапа. Ён сядзеў увесь час на вуліцы каля ўваходу, бо на сам участак яго не пускалі.

Старшыня камісіі выклікала міліцыю за тое, што нібыта ён замінаў працы камісіі. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыехалі на выклік, забралі Ўладзімера Міхалапа для адбыцьця 10 сутак адміністрацыйнага арышту, на якія яго асудзілі за ўдзел у ланцугу салідарнасьці 19 чэрвеня.

Сьмілавічы

На ўчастку № 20 у Сьмілавічах Чэрвенскага раёна затрымалі назіральніка Яраслава Недасекіна. Яго павезьлі ў Чэрвеньскі РУУС. Ён быў у сьпісах назіральнікаў, але старшыня камісіі сказаў яму, што сьпіс зьмянілі і ён ня можа назіраць. Калі Яраслаў Недасекін сказаў, што будзе працягваць назіраньне, на яго выклікалі міліцыю.

У першы дзень датэрміновага галасаваньня, 4 жніўня, як вядома праваабаронцам, затрымалі сама меней трох незалежных назіральнікаў: Івана Дубовіка і Алега Гіргенсона ў Менску, Андрэя Застрэлава ў Магілёве.

На Дубовіка склалі пратакол паводле арт. 23.4 КаАП нібы за супраціўленьне супрацоўнікам міліцыі на ўчастку для галасаваньня. Ноч ён правёў у пастарунку. 5 жніўня яго асудзілі на 10 сутак арышту.

Што да магілёўца Андрэя Застрэлава, міліцыя праводзіць праверку з нагоды заявы старшыні ўчастковай камісіі нібыта за «перашкоду працы камісіі».

Падрабязнасьці пачатку датэрміновага галасаваньня — у спэцвыпуску навін ад прэс-цэнтру кампаніі «Права выбару –​ 2020».

«Незалежных назіральнікаў не дапускаюць ня толькі на ўчасткі, ім не даюць нават увайсьці ў будынкі, дзе гэтыя ўчасткі разьмешчаныя, — гаворыцца ў справаздачы кампаніі. — Тым назіральнікам ад „Права выбару – 2020“, якія прабіліся ў „запаветную тройку“ 4 жніўня — іх было ўсяго 42 — чыняцца перашкоды і выносяць папярэджаньні без усялякіх падставаў. У выніку іх колькасьць зьмяншаецца з кожнай гадзінай», канстатуюць арганізатары незалежнага назіраньня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG