Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Старшыня камісіі ўвяла прапускны рэжым». Незалежных назіральнікаў масава не пускаюць на выбарчыя ўчасткі


Ілюстрацыйнае фота. На выбарчым участку ў Горадні глядзяць зварот Лукашэнкі, 4 жніўня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. На выбарчым участку ў Горадні глядзяць зварот Лукашэнкі, 4 жніўня 2020 году

Незалежных доўгатэрміновых назіральнікаў масава не пускаюць на выбарчыя ўчасткі, дзе пачалося датэрміновае галасаваньне. Старшыні камісій спасылаюцца на пастанову ЦВК «больш за трох не зьбірацца».

«25 гадоў назіраю за выбарамі, і такога ніколі не было»

Праваабаронцу «Вясны» з Гомлі Леаніда Судаленку, зарэгістраванага доўгатэрміновым назіральнікам па Савецкай выбарчай акрузе гораду, не пусьцілі назіраць за датэрміновым галасаваньнем на 52-м выбарчым участку. Вось што паведаміў Леанід Судаленка Свабодзе.

Леанід Судаленка, архіўнае фота
Леанід Судаленка, архіўнае фота

«Запісаўся для назіраньня 12-м, прыйшоў за 15 хвілін да пачатку галасаваньня. Перад дзьвярыма было яшчэ 6 чалавек, усе жанчыны. У мяне склалася ўражаньне, што яны ўсе адна адну ведалі, бо перашэптваліся. Выйшла старшыня камісіі Натальля Гусак, назвала тры прозьвішчы, гэтых запрасіла назіраць, а мне сказала, што ня маю права. Я паспрабаваў прайсьці, дык перакрылі дарогу, а на пярэчаньне нагадалі пастанову Лідзіі Ярмошынай», — расказаў Леанід Судаленка.

«Што мяне не пусьцілі назіраць, гэта парушэньне Выбарчага кодэксу, бо ў ім няма абмежаваньня колькасьці назіральнікаў ад грамадзян. Але старшыня камісіі спасылаецца на пастанову Цэнтравыбаркаму. Што нібыта праз каранавірус такіх назіральнікаў мусіць быць ня больш за тры. Мяркую, гэтых людзей ужо прызначылі, зыходзячы з таго, што будуць выконваць загад нічога ня бачыць. Звычайна да 40% пішуць лічбу тых, хто ўзяў удзел у датэрміновым галасаваньні, хоць папраўдзе яўка значна меншая», — абураецца назіральнік Судаленка.

Паводле праваабаронцы, тры жанчыны, якіх таксама не паклікалі назіраць на ўчастак, не пярэчылі і проста сышлі.

Тое, што раней Леаніда Судаленку дапускалі да назіраньня за паседжаньнямі раённай выбарчай камісіі, ён назваў неістотным.

«Там нічога не вырашаецца. Трэба назіраць цяпер, калі пачалося галасаваньне, але мяне знарок не пускаюць. 25 гадоў назіраю за выбарамі, і такога ніколі не было.

Калі раней назіраў, дык бачыў, прыкладам, што за дзень датэрмінова прагаласавалі 40 чалавек, а адрапартавалі пра 400. Мэханізм фальсыфікацыі такі: за тых, хто нібыта прагаласаваў, укідваюць бюлетэні. Потым, у асноўны дзень галасаваньня, усе бюлетэні зваліваюць у адну кучу на стол і разам лічаць, а тады ўжо не разьбярэш, колькі і калі прагаласавала. Гэтак у Лукашэнкі і атрымліваецца «элегантная перамога», — мяркуе назіральнік Судаленка.

Карэспандэнт Свабоды дазваніўся да сакратаркі раённай выбарчай камісіі Алы Андрушчанкі, пры якой зарэгістраваны доўгатэрміновым назіральнікам Леанід Судаленка.

«Па тэлефоне я такіх камэнтароў не даю. Участковая камісія дзейнічае ў адпаведнасьці з пастановай Цэнтарвыбаркаму», — адказала Андрушчанка.

Зноў Леанід Судаленка зьбіраецца пайсьці на ўчастак для назіраньня 9 жніўня, але мала верыць, што яго пусьцяць.

«Хутчэй за ўсё ня пусьцяць. У асноўны дзень ліміт на назіральнікаў ад грамадзян 5 чалавек, але я запісаны пад нумарам 12, таму наўрад ці да мяне дойдзе чарга. У іх ужо ўсё расьпісана і адрэжысавана, каб не пусьціць назіраць такіх, як я», — мяркуе Леанід Судаленка.

«Тэхнічкі будуць мыць падлогу, а вы перашкаджаеце»

Некаторых назіральнікаў выганяюць нават з будынкаў школаў. Так здарылася з жыхаркай Гомля Кацярынай Пазьняк, якая акрэдытавалася назіральніцай на ўчастак № 51 Савецкага раёну. Участак разьмешчаны ў школе № 52. Старшыня ўчастковай камісіі — дырэктарка школы Ірына Салманава.

«На сам участак нас не пусьцілі — мяне і яшчэ адну назіральніцу. Сказалі, што ўжо ёсьць тры назіральнікі. Мы засталіся па-за ўчасткам, у будынку школы. Да нас падышла старшыня камісіі і папрасіла пайсьці са школы, бо, паводле яе, „зараз будзе гармідар“ і яна нэрвуецца. Я стаяла з аркушам паперы, на якім зьбіралася пазначаць яўку выбарнікаў. Там былі пазначаныя лічбы ад 1 да 1000. Старшыня камісіі забрала ў мяне той аркуш, сказала, што гэта „грубае парушэньне“. Я спыталася: „Што я парушыла?“ „Свае дзеяньні“, — адказала мне старшыня камісіі», — расказала Кацярына Пазьняк.

Потым, паводле назіральніцы, старшыня камісіі паведаміла, што яна «ўводзіць прапускны рэжым» як дырэктар гэтай школы і забараняе знаходзіцца на яе тэрыторыі назіральнікам.

«Зараз тэхнічкі будуць мыць падлогу, а вы перашкаджаеце», — так яна нам сказала і дадала, што мы ня маем права тут знаходзіцца. Яна некалькі разоў паўтарыла, што яна тут гаспадыня, а мы ня маем права тут знаходзіцца з прычыны прапускнога рэжыму», — патлумачыла назіральніца.

Яна прадставіла аўдыёзапіс размовы з дырэктаркай школы, які пацьвярджае прыведзеныя словы.

Дырэктар школы Ірына Салманава, старшыня ўчастковай камісіі адмовілася камэнтаваць сытуацыю па тэлефоне. На прапанову прыехаць кінула слухаўку.

«Прыбіральніца дала нам крэслы, а старшыня камісіі забрала іх»

З участку № 18 выгналі двух назіральнікаў, у тым ліку Ўладзімера Дуброўскага.

«Старшыня камісіі патлумачыла, што ёсьць графік для назіральнікаў, і на сёньня нас у тым графіку няма. Ці будзем мы ў графіку заўтра, пасьлязаўтра — невядома. Таму будзем прыходзіць штодзень. Другая назіральніца прапанавала мне маску і пальчаткі, за што я атрымаў заўвагу ад старшыні камісіі — маўляў, мы размаўляем і перашкаджаем працы камісіі», — расказаў Уладзімер Дуброўскі.

Незалежныя назіральнікі студэнтка Алеся і Ўладзімер Дуброўскі
Незалежныя назіральнікі студэнтка Алеся і Ўладзімер Дуброўскі

Ён знаходзіцца ў калідоры чыгуначнага каледжу разам са студэнткай Алесяй, якая таксама такім чынам «назірае» за выбарамі.

«Прыбіральніца прынесла нам крэслы, каб мы селі, але старшыня камісіі выйшла і забрала іх. Патлумачыла, што крэслы — гэта дзяржаўная маёмасьць і мы ня маем права імі карыстацца», — дадаў назіральнік.

Назіральніка Ўладзімера Няпомняшчых не пусьцілі на ўчастак № 16 Цэнтральнага раёну. Ён вымушаны сядзець на вуліцы і такім чынам спрабуе фіксаваць яўку.

«Участак разьмешчаны ў будынку Дому прафсаюзаў, і невядома — хто і чаго туды ідзе: ці галасаваць, ці так, па сваіх справах», — дадаў назіральнік.

Уладзімер Няпомняшчых на ганку Дому прафсаюзаў
Уладзімер Няпомняшчых на ганку Дому прафсаюзаў

Назіральнік Уладзімер Шыла: «Мяне прапусьцілі»

А вось назіральнік Уладзімер Шыла ў Салігорску змог прайсьці на 22-і ўчастак і з 10 раніцы вядзе падлік тых, хто прыходзіць галасаваць датэрмінова.

«Мяне проста не спынілі на ўваходзе. Месца не далі, ігнаруюць, стаю, але не выганяюць. За дзьве гадзіны на ўчастку прагаласавалі 11 чалавек. У асноўным гэта людзі сярэдняга ўзросту, але ёсьць і маладыя», — расказаў спадар Шыла.

Уладзімер ня першы раз назірае за прэзыдэнцкімі выбарамі, у тым ліку за датэрміновым галасаваньнем. Інтэнсіўнасьць плыні выбарнікаў назіральнік ацаніў як сярэднюю.

«Для першага дня ідзе больш, чым звычайна. Так у чацьвер ідуць. Начальства на вытворчасьці ставіць работнікам умову, каб прагаласавалі датэрмінова, людзі з гэтым цягнуць, у канцы тыдня атрымліваюць чарговы наганяй і нарэшце ідуць у чацьвер, у пятніцу. А тут яўна раней адбылася мабілізацыя. Але пагляджу, як будзе далей. Калі яшчэ пусьцяць пасьля абеду», — сказаў Уладзімер Шыла. Назіральнік намерваецца сачыць за датэрміновым галасаваньнем на сваім участку ўвесь тыдзень.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG