Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэм’ер-міністар і сябра сойму БНФ. Хто ў штабе Ганны Канапацкай?


Сястра Канапацкай Дар’я, Ганна Канапацкая і Ігар Лялькоў, 12 траўня
Сястра Канапацкай Дар’я, Ганна Канапацкая і Ігар Лялькоў, 12 траўня

У штабе кандыдаткі ў прэзыдэнты Ганны Канапацкай паведамілі, што ў ЦВК пакуль зарэгістравана 18 давераных асобаў. Плянуецца, што ў наступныя дні колькасьць іх вырасьце амаль да 30. Значную частку давераных асобаў складаюць рэгіянальныя актывісты.

Кіруе штабам былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір, намесьнікамі — Анатоль Трухановіч (бацька Ганны Канапацкай) і сябра сойму Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

Сярод давераных асобаў экспэрт у сфэры нацыянальнай бясьпекі Леанід Спаткай (быў даверанай асобай у кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч), актывіст АГП Віктар Малочка (раней пакінуў пасаду старшыні Менскай абласной арганізацыі АГП, бо партыя дала згоду на «прызначэньне» Ганны Канапацкай у Палату прадстаўнікоў), старшыня Слуцкай раённай арганізацыі БСДП (Грамада) Анатоль Юрэвіч.

Паводле Ігара Лялькова, у камандзе Ганны Канапацкай ёсьць прадстаўнікі самых розных палітычных сілаў: БСДП (Грамада), АГП, БХД.

«З тых кандыдатаў, якія засталіся на сёньня, Ганна Канапацкая зьяўляецца самым прабеларускім кандыдатам. То хутчэй вакол яе аб’ядналіся людзі, для якіх прынцыпы незалежнасьці Беларусі, свабоды, усяго што зьвязана зь беларушчынай, зьяўляецца галоўным. Іншых кандыдатаў, якія так, як Ганна Канапацкая, рабілі націск на гэтай тэме, няма, таму, хутчэй за ўсё, за гэта людзі вакол яе аб’ядноўваюцца», — сказаў карэспандэнту Свабоды Ігар Лялькоў.

«Гэта цалкам прабээнэфаўская праграма»

Ігар Лялькоў зьяўляецца сябрам Партыі БНФ, але гэта не азначае, што ён дэлегаваны партыяй падтрымліваць Ганну Канапацкую:

«Партыя БНФ не бярэ ўдзелу ў гэтай выбарчай кампаніі, не вылучае кандыдатаў і не падтрымлівае ніякіх іншых, але пры гэтым не забараняе ўдзелу ў кампаніях каго б ні было. Таму гэта ў пэўным сэнсе разьвязвае рукі сябрам Партыі БНФ. Некаторыя сябры Партыі БНФ бралі ўдзел у кампаніях Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі, нехта застаецца ў аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай. Гэта іхнае рашэньне, я яго не падзяляю і не разумею, але такі іх выбар».

Падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Ігар Лялькоў быў у штабе Тацяны Караткевіч.

«На той момант гэта быў адзіны дэмакратычны і максымальна прабеларускі кандыдат параўнальна зь іншымі».

Ігар Лялькоў ня стаў параўноўваць Канапацкую з Караткевіч, бо «параўноўваць жанчын абсалютна няўдзячная справа».

Паводле Лялькова, у праграме Канапацкай няма ніводнага пункту, які супярэчыць праграме і палітыцы Партыі БНФ.

«Гэта цалкам прабээнэфаўская праграма, і якраз папулярызацыя каштоўнасьцяў і праграмных мэтаў з дапамогай кандыдата ў прэзыдэнты — гэта плюс для партыі».

Для перадвыбарчай агітацыі ў штабе разьлічваюць на інтэрнэт, дзе кампанія праходзіць і будзе працягвацца. Праводзіць пікеты і мітынгі ў штабе пакуль ня бачаць эфэктыўным, «улічваючы створаныя ўладамі ўмовы, усе гэтыя пляцоўкі для выгулу сабак і адведзены час на агітацыю». Штаб разаслаў каля 40 заявак на сустрэчы з працоўнымі калектывамі найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі. У рэгіёнах плянуецца правесьці сустрэчы ў закрытых памяшканьнях, «куды людзі ходзяць».

«На пляцоўкі для выгулу сабак, выдзеленыя для пікетаў, людзі ня ходзяць», — кажа Ігар Лялькоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG