Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я гатовы на ўсё». Лукашэнка заклікаў праводзіць перамены праз Канстытуцыю, а не майдан

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, красавік 2020
Аляксандар Лукашэнка, красавік 2020

Што сказаў Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Нельга вяртаць Канстытуцыю 1994 году

Лукашэнка зьдзівіўся жаданьню вярнуць Канстытуцыю 1994 году. Па яго меркаваньні гэта катэгарычна нельга рабіць, піша Interfax.by.

«Мы ў сярэдзіне 1990-х сышлі ад таго, што зараз нам прапануюць. Нам нават прапануюць вярнуцца ў 1994 год (што вельмі дзіўна) і вярнуць тую Канстытуцыю, якая была. Вось чаго ні ў якім разе нельга рабіць – гэта вяртацца ў сярэдзіну 1990- і браць тую Канстытуцыю, ад якой мы сышлі», – заявіў Лукашэнка.

Перамены пойдуць ад Канстытуцыі, а не ад майдану

«Удасканальваючы, мы павінны пачаць з Канстытуцыі. Калі пачнём з майдану, мы перакрэсьлім сваю гісторыю. І талерантнасьць нашая, і памяркоўнасьць — усё пойдзе з дымам. Таму мы павінны зрабіць новую Канстытуцыю. Так, прайшло шмат часу, патрэбныя пэўныя зьмены. Праўда, вы мне скажаце, якія патрэбныя вам зьмены».

Наконт прапановаў аб пераразьмеркаваньні паўнамоцтваў улады ён заявіў, што трэба не дапусьціць сутыкненьня галінаў улады. «Я ж праз гэта прайшоў», — сказаў Лукашэнка.

«Я гатовы на ўсё. Толькі ня страціць сувэрэнітэт і незалежнасьць. Таму вам вырашаць. І ўсе перамены пойдуць ад Канстытуцыі, а не ад майдану. І я пастараюся зрабіць усё, каб гэтага майдану не было».

Налічыў пяць пандэмій у Беларусі

Такога ціску, як цяпер, Беларусь не адчувала за ўвесь час незалежнасьці. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня на сустрэчы з калектывамі дзяржаўных СМІ, перадае БелТА.

«Трэба прызнаць, што такога ціску, як у гэтыя дні, Беларусь не адчувала за ўвесь час свайго незалежнага разьвіцьця. Усё сплялося ў адзін вузел», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ўжо налічыў каля пяці пандэмій. Гэта ня толькі непасрэдна мэдычная, але і, напрыклад, вуглевадародная ў канцы мінулага — пачатку гэтага году, «пандэмія» эканамічная і яе наступствы, інфапандэмія.

Сувэрэнітэт не прадаецца

На сустрэчы з супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ Лукашэнка адрэагаваў на нядаўнюю рэпліку галоўнага рэдактара «Эхо Москвы» Аляксея Венядзіктава, які сказаў, што незалежнасьць Беларусі — гэта толькі пытаньне цаны.

«Ці ўстоіць Лукашэнка, ці не — гэта пытаньне цаны. Важна, што прапануюць. Бо ў яго ёсьць тавар, але дайце за яго добрую цану», — сказаў Венядзіктаў у інтэрвію Дзьмітрыю Гардону.

«Няма той цаны, якую яны мне могуць заплаціць, каб я пайшоў на іхныя ўмовы, — заявіў Лукашэнка. — У труне кішэняў няма».

«Сувэрэнітэт і незалежнасьць не прадаюцца», — падсумаваў ён. Ён таксама заявіў, што ніколі не пагодзіцца на пост у Расеі, калі для гэтага трэба будзе далучыць Беларусь. Ягоныя словы перадаў канал АНТ.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG