Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статыстыка «завісла»: тры тыдні ў Беларусі каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў


«Каранавірусныя» графікі Беларусі выглядаюць незвычайна і ў параўнаньні зь іншымі краінамі, і самі па сабе.

Тры тыдні таму, 28 красавіка, Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра выяўленьне 919 новых выпадкаў COVID-19 за дзень. Дакладней, не паведаміла менавіта гэты паказьнік, але яго можна было вылічыць з пастоў у афіцыйным Telegram-канале.

Пасьля гэтага штодзённая статыстыка практычна не мянялася: за дзень выяўлялі мінімум 784, максымум 973 выпадкі, у сярэднім 918,238 інфікаванага за дзень.

Статыстыка па сьмерцях такая ж «стабільная»: звычайна 4 ці 5 прызнаных летальных зыходаў (мінімум 2, максымум 7, у сярэднім 4,57 за дзень).

І гэтае «завісаньне» выглядае дзіўна з шматлікіх прычынаў.

Такія эпідэміі не паводзяць сябе лінейна самі па сабе. Яны, калі не прымаецца радыкальных захадаў, распаўсюджваюцца экспанэнцыйна: не 10-20-30-40... хворых, а 1-10-100-1000... за прыблізна роўныя адрэзкі часу. Таму на шматлікіх сайтах са статыстыкай COVID-19 малююць графікі ня толькі ў лінейнай, але і ў лягарытмічнай шкале (тыя самыя 1-10-100-1000...). Менавіта каб прадухіліць экспанэнцыйны рост і перагрузку лякарняў, прымаюць (не ў Беларусі) суворыя захады сацыяльнага дыстанцыяваньня, аж да карантыну. Бязь іх і ў першыя дні пасьля іх у найбольш пацярпелых краінах колькасьць хворых падвойвалася раз на тры дні.

Роскід значэньняў надзіва малы. У некаторых краінах (якія, у адрозьненьне ад Беларусі, прымаюць больш жорсткія захады сацыяльнага дыстанцыяваньня) графік пашырэньня вірусу пачынае нагадваць лінейны, але са значна большай разьбежкай штодзённых значэньняў. Напрыклад, у Швэцыі (сярод эўрапейскіх краінаў там самы «лібэральны» пасьля Беларусі падыход да сацыяльнага дыстанцыяваньня) за апошнія тры тыдні фіксавалі ад 286 да 790 новых выпадкаў на дзень. У Бэльгіі, дзе жыве амаль столькі ж людзей, колькі ў Швэцыі ці Беларусі, ад 202 да 660 (але там больш выяўленых выпадкаў, затое графік «актыўных выпадкаў» выходзіць на плято).

Ужо час для «параднага» піку. Сярод «антывірусных» захадаў ці ня самы часты — скасаваньне масавых сходаў, бо на іх вірус актыўна перадаецца (гэта вядома ўжо больш як сотню гадоў, з часоў «гішпанкі» ў ЗША). У Беларусі ж, насуперак рэкамэндацыям Сусьветнай арганізацыі здароўя, праводзіўся вайсковы парад 9 траўня. Інкубацыйны (бессымптомны) пэрыяд COVID-19 цягнецца звычайна каля 5 дзён (да 14 дзён), таму наступствы параду павіны былі быць бачнымі яшчэ ў мінулую пятніцу, відавочнымі ў гэты панядзелак. Але параду, калі глядзець на афіцыйную статыстыку, нібы не было.

З колькасьцю зробленых тэстаў цуды без тлумачэньняў. Колькасьць зробленых тэстаў і адсотак станоўчых тэстаў на COVID-19 працяглы час былі «стабільнымі»: ад 23 красавіка да 4 траўня паведамлялася (не наўпрост, але можна вылічыць) пра ад 7130 да 9637 тэстаў на дзень, а адсотак станоўчых тэстаў яшчэ ад 15 красавіка (калі ўпершыню назвалі колькасьць тэстаў) да 4 траўня трымаўся ў межах 9,07–13,07%, у сярэднім каля 10,17%. Пасьля 5 траўня без усялякіх тлумачэньняў паведамілі пра нуль новых тэстаў (але 861 новы выпадак), а далей лічбы па тэстах былі зноў звычайнымі. Затым 14 траўня намесьніца міністра здароўя заявіла пра «выхад на плято», маючы на ўвазе ня колькасьць хворых, а адсотак станоўчых тэстаў — і ў наступныя дні колькасьць тэстаў падскочыла да 13–15 тысяч, адсотак станоўчых упаў да 6–7%, колькасьць новых выпадкаў на дзень засталася ранейшай.

Зафіксаваных сьмерцяў мала ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Калі лічыць, колькі адсоткаў выяўленых выпадкаў скончыліся сьмерцю пацыентаў, у Беларусі атрымліваецца на дзіва добрая карціна — 0,56%, як у Ісьляндыі. У суседняй Расеі звыш 0,93%, у Латвіі 1,9%, ва Ўкраіне каля 2,8%, у Літве 3,6%, у Польшчы 5%. Бываюць, канешне, і такія краіны, як Катар і Сынгапур, дзе пры 30 тысячах выпадкаў прызнаюць 15 або 22 сьмерці. Але ў Эўропе гэткія паказьнікі Беларусі і Ісьляндыі — самыя нізкія, калі не лічыць мікрадзяржавы, дзе ніхто не паміраў. У згаданых Бэльгіі і Швэцыі — 16,4% і 12,2% адпаведна.

Міністэрства нічога не тлумачыць. Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі апошні раз давалі брыфінг усё тыя ж тры тыдні таму (без магчымасьці нешта спытаць). Пасьля гэтага яны зьяўляліся ці не выключна ў дзяржаўнай прэсе, на пытаньні незалежных СМІ перасталі адказваць яшчэ раней. Без тлумачэньняў засталіся і згаданыя вышэй анамаліі са статыстыкай, і шэраг заяваў родзічаў памерлых аб тым, што ня ўсе ахяры COVID-19 мелі хранічныя захворваньні (ад 10 красавіка Мінздароўя паведамляе пра памерлых «з хранічнымі захворваньнямі і выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»), і загадкавы графік у руках Лукашэнкі (які ён трымаў на нарадзе 3 траўня і які вельмі падобны да цяперашняга графіку росту выпадкаў COVID-19 у Беларусі), і «зьліты» каналу Nexta дакумэнт, зь якога вынікае, што ў Беларусі нібы могуць рабіць толькі 8320 тэстаў на дзень, калі рапартуюць пра 10–11 тысяч…

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG