Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзей абрабавалі». Прадпрымальніца, якую вядуць да банкруцтва, таксама сабралася ў прэзыдэнты


Прадпрымальніца зь Менску Алена Ашыхміна сабрала ініцыятыўную групу з больш як 100 чалавек і падала яе сьпісы ў ЦВК. Ашыхміна мае намер зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты. Але кажа, што яе мэта значна большая, чым асабісты посьпех у выбарчай кампаніі.

«Людзей абрабавалі. Ім трэба аб’яднацца і запатрабаваць рашучых зьменаў», — кажа Алена Ашыхміна. У яе плянах адкрыць свой Youtube-канал і празь яго аб’ядноўваць прыхільнікаў перамен.

Жанчыне 52 гады, больш за 10 зь якіх яна патраціла на барацьбу з чыноўнікамі, міліцыянтамі і судзьдзямі за свой бізнэс — невялікае прадпрыемства, на якім выраблялі, як яна кажа, унікальныя і запатрабаваныя на рынку дэталі для рамонту станкоў.

Паводле адукацыі Алена эканаміст, да сыходу ў бізнэс працавала на Менскім шарыкападшыпнікавым заводзе.

Яе ўласная фірма была пасьпяховай, але потым пачаліся праблемы (яна лічыць, што штучныя і надуманыя) з падатковай інспэкцыяй, у выніку фірму зьбіраюцца закрыць праз банкруцтва.

Алена мяркуе, што паводле падобнай схемы за 10 апошніх гадоў былі абрабаваныя і ліквідаваныя сотні невялікіх прыватных прадпрыемстваў, якія давалі працу іх гаспадарам, кармілі іхныя сем’і. Віной усяму, лічыць прадпрымальніца, армія безадказных чыноўнікаў на чале з прэзыдэнтам Лукашэнкам, які, паводле Алены, не выконвае абавязкаў, прапісаных Канстытуцыяй — аб абароне правоў грамадзянаў.

У якасьці прыкладу Алена прыводзіць такі факт: праз Youtube-канал яна зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разабрацца і дапамагчы, але не атрымала адказу.

«Можна бязь віл і Плошчы перамагчы. Трэба аб’яднацца, сабраць доказы таго, што Лукашэнка як гарант Канстытуцыі не выконвае сваіх абавязкаў, і запатрабаваць выкананьня законаў, якія ён даўно закінуў на сьметнік. Калі ж ён гэтага ня зробіць, усім разам заявіць аб ягонай адстаўцы», — мяркуе Алена Ашыхміна.

Алена Ашыхміна ніколі не займалася палітыкай і таму ўстрымліваецца ад вызначэньня сваёй палітычнай пазыцыі.

«Я правая ці левая? Адкажу так, што я хутчэй малады палітык, які шукае падтрымкі і жадае павярнуць жыцьцё ў нашай краіне да лепшага. Мая мэта — аб’яднаць адзіночак, якія жадаюць жыць па-чалавечы, па законе, у тым ліку і чыноўнікаў. Мяркую, знайду такіх людзей, і мы зьбяром подпісы для вылучэньня мяне кандыдатам, але для мяне важна ня толькі гэта.

Нават калі не зарэгіструюць, я буду працягваць дзейнічаць, каб аб’яднаць людзей і дамагчыся адстаўкі гаранта Канстытуцыі законнымі сродкамі. Канечне, Лукашэнка можа зноў сам сябе выбраць, але мы можам сабраць доказы таго, што ён не выконвае сваіх абавязкаў, і паводле закону ён будзе вымушаны датэрмінова сысьці ў адстаўку», — кажа Алена Ашыхміна.

Алена Ашыхміна замужам, у яе двое дзяцей, дарослы сын і непаўналетняя дачка. Жанчына кажа, што ў яе была і застаецца мара — жыць у доме за горадам, быць у ім гаспадыняй і мамай, але гэтую мару рэалізаваць пакуль немагчыма.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG