Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Дзятлава, Зьдзецел, Зецела?


Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.

Афіцыйная назва — Дзятлава

Аўтэнтычныя назвы — Зецела, Зьдзецел

Паселішча згадваецца ад сярэдзіны XV стагодзьдзя пад назвамі Зецел, Зецела (гэта і рэчка, ад імя якой, хутчэй за ўсё, назва паселішча), пазьней двор Зьдзецел, Зьдзенцел. Зь дзятламі нічога супольнага назва ня мае, у яе аснове можа быць імя летапіснага возера Зята.

Палац Радзівілаў у Зьдзецеле-Дзятлаве
Палац Радзівілаў у Зьдзецеле-Дзятлаве

З этнамоўнага гледзішча мясьціна цікавая. У навакольлі яшчэ нядаўна жыла кампактная літоўскамоўная грамада з гаворкай, якая можа сьведчыць ці пра колішняе перасяленьне гэтых балтаў з Прусіі, ці пра іхныя яцьвяскія карані, а значыць, пра тутэйшасьць. Мо і гідронім Зецела балцкага паходжаньня (дарэчы, па-літоўску Дзятлава так і называецца Zietela).

У цэнтры Зьдзецела-Дзятлава
У цэнтры Зьдзецела-Дзятлава

Разам зь іншымі гарадамі, якія ў XVIII стагодзьдзі апынуліся пад юрысдыкцыяй Расейскай імпэрыі, Зьдзецел стаў ахвяраю тапанімічнай русыфікацыі. Пасьля 500 гадоў існаваньня старажытнае мястэчка ператварылася ў Дзятлава (мо ў галовах прышлых чыноўнікаў была нейкая «птушыная» матрыца — бо ж і Вярэнаў у Воранава перарабілі). Гэта адбылося ў 1866 годзе, калі Янаўшчыну перахрысьцілі ў «Ивановку», Казлоўшчыну — у «Козловку», а Юзафполь — у «Осиповку».

Як пераймяноўвалі беларускія гарады

Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».

Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.

• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.

Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.​

Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.

Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.

«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».

Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.

Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG