Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць прызнаць Марыну Золатаву вінаватай і аштрафаваць на 25500 рублёў


Марына Золатава ў судзе. 12 лютага 2019 году
Марына Золатава ў судзе. 12 лютага 2019 году

Судовы разбор у «справе БелТА» завершаны. На працэсе пачаліся спрэчкі бакоў.

25 лютага на працэсе галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаліся спрэчкі бакоў. Першай свой выступ пачала дзяржаўная абвінаваўца, пракурор Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна.

У сваім выступе дзяржаўная абвінаваўца адзначыла, што лічыць віну Марыны Золатавай цалкам даказанай. Паводле пракурора, за пэрыяд са студзеня 2017 году да канца ліпеня 2018 супрацоўнікі парталу Tut.by незаконна зайшлі на платную стужку БелТА 7 927 разоў, пры гэтым падначаленыя Золатавай выкарыстоўвалі тры розныя паролі, якія належалі рэдакцыям іншых СМІ.

Пракурор Юлія Харчэйкіна
Пракурор Юлія Харчэйкіна

У сувязі з гэтым, сказала Юлія Харчэйкіна, Марыну Золатаву неабходна прызнаць вінаватай і прызначыць ёй пакараньне ў выглядзе штрафу памерам 25500 рублёў.

«Марына Золатава сьвядома ня выканала сваіх абавязкаў, — адзначыла падчас свайго выступу пракурор Харчэйкіна. — Не прыняла неабходныя захады дзеля заключэньня дамовы з прадпрыемствам БелТА. У выніку невыкананьня Золатавай сваіх абавязкаў падначаленыя супрацоўнікі ажыцьцявілі з выкарыстаньнем чужых пароляў несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі прадпрыемства БелТА. Яны дзейнічалі зь ведама і згоды абвінавачанай. Абвінавачаная аб несанкцыянаваным доступе была праінфармаваная. Тое, што яна ведала пра несанкцыянаваны доступ сваіх супрацоўнікаў да інфармацыі БелТА, было даказана з дапамогай сабраных падчас сьледзтва доказаў».

У прамове пракурора не прагучала патрабаваньня пазбавіць Марыну Золатаву права займаць кіроўныя пасады на нейкі пэрыяд.

Прысуд прагучыць 4 сакавіка ў 12.30.

Суд у справе Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Крымінальны артыкул, паводле якога абвінавачваюць галоўную рэдактарку парталу Tut.by (ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу Беларусі — «Бязьдзейнасьць службовай асобы»), прадугледжвае пакараньне ад штрафу да 5 гадоў зьняволеньня. Золатава кампэнсавала нанесеную агенцтву БелТА шкоду, на першым судовым паседжаньні яна заявіла, што віны сваёй не прызнае ў сувязі «з адсутнасьцю складу злачынства».

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG