Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праслухоўваньне тэлефонаў, ананімкі і роля кіраўніка БТ. Загадкі «справы БелТА», пра якія мы даведаліся ў судзе


Марына Золатава на лаве падсудных у першы дзень працэсу.
Марына Золатава на лаве падсудных у першы дзень працэсу.

Судовы разбор па справе Марыны Золатавай скончаны. На працэсе засталіся толькі спрэчкі бакоў.

Працэс па крымінальнай справе галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага і працягваўся роўна шэсьць дзён. Перапынкі ў слуханьнях абвяшчаліся толькі на абед, палова аднаго з паседжаньняў прайшла ў закрытым рэжыме. У панядзелак 25 лютага стане вядома, якога пакараньне для Золатавай запатрабуе пракурор. Свабода прысутнічала на ўсіх паседжаньнях суду і налічыла там некалькі спрэчных момантаў.

Кампэнсацыя шкоды для СБ

Адным з удзельнікаў працэсу па «справе БелТА» быў супрацоўнік Аддзелу прававой працы выдавецкага дому «Беларусь Сегодня» Аляксей Шпілеўскі. СБ разам зь БелТА выставіла прэтэнзіі да галоўнай рэдактаркі парталу Tut. by Марыны Золатавай. Калі з прэтэнзіямі агенцтва БелТА ўсё было больш-менш зразумела, то пазыцыю СБ на працэсе тлумачыў сам галоўны рэдактар выданьня Дзьмітры Жук, які да лютага 2018 году якраз кіраваў інфармагенцтвам БелТА.

«Збоі з доступам да стужкі платнай падпіскі агенцтва БелТА аказвалі ўплыў на працу ўсёй рэдакцыі, — казаў Жук у залі суду. — Нашыя супрацоўнікі сутыкнуліся з праблемамі з доступам, не маглі зайсьці туды. Чалавека выкідвала. Мы зьвярнуліся ў агенцтва БелТА з просьбай патлумачыць, што адбываецца».

Па вэрсіі Жука, праблемы з доступам да стужкі БелТА ў супрацоўнікаў СБ узьніклі таму, што тымі ж паролямі карысталіся падначаленыя Золатавай. Якім чынам яны маглі перашкодзіць, калі БелТА выдавала адзін пароль на ўсё выданьне і ніяк не абмяжоўвала колькасьць асобаў, якія маглі карыстацца паролем, у судзе так і не патлумачылі. Акрамя гэтага, Дзьмітры Жук заявіў, што СБ праз «справу БелТА» панесла іміджавыя страты, бо сайт СБ пачаў пазьніцца з навінамі, а на супрацоўнікаў дзяржаўнага выданьня пачаўся ціск у сацсетках.

Пры гэтым памер кампэнсацыі, якую СБ прад’явіла Золатавай і іншым фігурантам «справы БелТА», быў разьлічаны ад пачатку 2017 году і зыходзіў з кошту месячнай падпіскі на стужку БелТА для СБ (каля 170 рублёў, кошт падпіскі для іншых выданьняў вагаўся ад 500 да больш як 800 рублёў у месяц. — РС). Хоць, па словах галоўнага рэдактара СБ Жука, праблемы з доступам да БелТА ў ягоных падначаленых пачаліся толькі вясной 2018 году.

Генэральны дырэктар «БелКП-ПРЭС» Натальля Галезьнік, якую на працэсе апытвалі пасьля Жука, расказала, што ніякіх праблемаў з доступам да стужкі БелТА супрацоўнікі «Камсамольскай праўды» ня мелі. А тое, што падначаленыя Марыны Золатавай карысталіся паролямі, выдадзенымі для «Камсамольскай праўды», на працу рэдакцыі не паўплывала. Па словах Галезьнік, праблема з доступам да стужкі БелТА ў КП узьнікла толькі аднойчы — калі летам 2018 году сама БелТА зьмяніла паролі доступу, не папярэдзіўшы рэдакцыю перад гэтым.

Зьяўленьне ў залі суду кіраўніка БТ

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант зьявіўся на паседжаньні пасьля абеду 13 лютага. Гаварыў няшмат, збольшага расказваў пра працу і дасягненьні сваіх супрацоўнікаў.

«Для нас любы збой у працы — гэта надзвычайнае здарэньне, — сказаў у судовай залі Іван Эйсмант. — Не сказаць, што мы б цалкам спыніліся (у выніку праблемаў з доступам да стужкі платнай падпіскі агенцтва БелТА. — РС), але... Асабліва гэта важна для навінавай службы. Яна на гэтым працуе».

Па словах Івана Эйсманта, дзякуючы БелТА журналісты БТ могуць рыхтаваць свае сюжэты літаральна не выходзячы з кабінэтаў будынка на вуліцы Макаёнка. Даючы паказаньні, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі згадаў пра «адзінкавы заход» супрацоўнікаў парталу Tut. by на стужку БелТА з выкарыстаньнем пароля доступу, які належыць БТ. Летам 2018 году ў сувязі з гэтым у Белтэлерадыёкампаніі пачалі выдаваць паролі БелТА пад подпіс. Высьвятляць, хто мог перадаць журналісту альбо рэдактару Tut. by пароль, Эйсмант ня стаў, бо атрымаць такую інфармацыю складана.

Ужо тады, калі Іван Эйсмант пакінуў залю, супрацоўнікі парталу Tut. by заявілі, што згадак пра заходы на платную стужку БелТА з выкарыстаньнем пароляў Белтэлерадыёкампаніі ў матэрыялах справы няма. Адпаведна, і зьяўленьне Эйсманта на паседжаньні ў якасьці сьведкі засталося незразумелым.

Ананімкі ад «супрацоўнікаў БелТА»

Пра тое, што ў матэрыялах «справы БелТА» ёсьць ананімкі, стала вядома на паседжаньні 15 лютага. Пра іх напрыканцы паседжаньня згадала пракурор Харчэйкіна, калі агучвала матэрыялы 37-га тома. Чытаць накіраваны старшыні Сьледчага камітэту Івану Наскевічу і кіраўніцы Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай ліст пракурор не захацела. Гэта зрабіла адвакатка Марыны Золатавай.

Паводле гэтага дакумэнту, падпісанага «супрацоўнікамі інфармацыйнага агенцтва БелТА», адразу некалькі кіраўнікоў агенцтва на працягу некалькіх гадоў перадавалі парталу Tut. by эксклюзіўную інфармацыю. У тым ліку — паролі да платнага доступу. Пры гэтым за свае паслугі яны атрымлівалі грошы. У лісьце называюцца прозьвішчы рэальных супрацоўнікаў агенцтва БелТА і раскрываюцца некаторыя падрабязнасьці іх прафэсійнай дзейнасьці і прыватнага жыцьця. А таксама сьцьвярджаецца, што «справа БелТА» была задуманая яшчэ ў сакавіку 2018 году і мае сувязь са зьменай кіраўніцтва агенцтва.

Як відаць з матэрыялаў справы, Сьледчы камітэт праводзіў праверку прыведзеных у ананімным лісьце фактаў, і яны «не атрымалі пацьверджаньня».

Супрацоўніца БелТА Алена Кузьняцова, адказная за выдачу пароляў, 13 лютага падчас допыту на працэсе расказала, што пэрыядычна стварала паролі да платнай падпіскі без дамовы з новым кліентам, проста па просьбе свайго кіраўніцтва. Якраз сакавіком 2018 году датаваныя і матэрыялы праслухоўваньня тэлефонных перамоваў рэдактараў Tut. by — адзін з асноўных доказаў на працэсе Золатавай.

Акрамя гэтай ананімкі, у матэрыялах «справы Белта» ёсьць яшчэ два лісты з даносамі на канкрэтных супрацоўнікаў Tut. by. Гэтыя супрацоўнікі, па інфармацыі аўтараў ананімак, мелі чужыя паролі да стужкі БелТА і імі карысталіся.

Марына Золатава адмаўляе тое, што Tut. by мог плаціць супрацоўнікам БелТА за інфармацыю і паролі да падпіскі. Па словах галоўнай рэдактаркі парталу, сьледчыя СК былі перакананыя, што ананімкі напісалі падначаленыя Золатавай. Ці спрабаваў СК высьветліць аўтарства дасланага Івану Наскевічу і Натальлі Качанавай ліста, застаецца невядомым.

Праслухоўваньне тэлефонаў і доступ да чатаў

Масавыя затрыманьні журналістаў — фігурантаў «справы БелТА» адбыліся 7 жніўня 2018 году. У той жа дзень большасьць зь іх даведаліся, што яны падазраюцца ў незаконным доступе да кампутарнай інфармацыі. Таксама вядома, што некаторыя з кіраўнікоў і рэдактараў дзяржаўных СМІ былі дапытаныя сьледчымі раней за гэтую дату — у ліпені 2018 году. У прыватнасьці, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Аднак у матэрыялах справы ёсьць запісы праслухоўваньня тэлефонных размоваў Марыны Золатавай з падначаленымі, датаваныя сакавіком 2018 году.

Падчас допыту Марына Золатава пацьвердзіла, што гэты запіс сапраўдны. Якім чынам запіс трапіў у матэрыялы справы, кім ён быў зроблены і чаму тэлефон галоўнай рэдактаркі праслухоўваўся задоўга да падзей пачатку жніўня 2018 году, так і засталося незразумелым.

Цалкам запіс тэлефоннай размовы праслухоўваўся на закрытай частцы паседжаньня 15 лютага. Тады ж былі агучаныя матэрыялы прыватнай перапіскі Марыны Золатавай і падначаленых ёй рэдактараў. Частка гэтых тэкстаў была атрыманая ў выніку вывучэньня канфіскаваных у фігурантаў «справы БелТА» ноўтбукаў, стацыянарных кампутараў, жорсткіх дыскаў, флэшак і тэлефонаў. Але ня ўсе. У матэрыялах справы ёсьць таксама перапіска супрацоўнікаў Tut. by у чаце Telegram, якая адбывалася ўжо пасьля затрыманьняў і выхаду на свабоду. Доступ да яе сьледчыя атрымалі праз тэлефон, забраны ў рэдактара Tut. by Дзьмітрыя Бобрыка. Супрацоўнікі СК некаторы час працягвалі чытаць перапіску журналістаў, якія нічога пра гэта ня ведалі.

Адсутнасьць некаторых сьведак і заявы пра ціск з боку сьледчых

За шэсьць дзён працэсу над Марынай Золатавай у судзе заслухалі паказаньні 16 сьведак — супрацоўнікаў БелТА, СБ, Белтэлерадыёкампаніі, таксама дзейных і былых супрацоўнікаў парталу Tut. by. Пры гэтым ня ўсе з тых, чые прозьвішчы часта згадваюцца ў матэрыялах справы, давалі паказаньні на працэсе.

У прыватнасьці, на працэс не выклікалі рэдактара парталу Tut. by Дзьмітрыя Бобрыка, які ў верасьні 2018 году расказаў пра ціск з боку сьледчых падчас допыту па «справе БелТА». Пра ціск Бобрык напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Паводле допісу, у дзень арышту Бобрыка пратрымалі ў СК да «позьняга вечара», пасьля трохгадзіннага вобшуку ў кватэры. Сьледчыя пагражалі яго родным, а таксама абяцалі выкрыць акалічнасьці асабістага жыцьця. Пасьля гэтага, паводле прызнаньня Дзьмітрыя Бобрыка, ён пагадзіўся на супрацоўніцтва, але пры гэтым " зразумеў, што ня будзе гэтага рабіць«. Пасьля таго як супрацоўнікам СК «стала зразумела», што атрымаць патрэбную інфармацыю ад Бобрыка ня ўдасца, журналіста перавялі ў статус падазраванага, і ціск на яго ўзмацніўся.

Пра ціск з боку сьледчых расказалі на працэсе і іншыя рэдактары парталу Tut. by. Па словах Галіны Ўласік, супрацоўнікі СК на допыце адкрыта патрабавалі паказаньняў супраць Марыны Золатавай.

«Мне было сказана ў СК, што я павінна паведаміць, быццам заходзіла на платную стужку БелТА па ўказаньні Марыны Золатавай, — расказала Галіна Ўласік у судзе. — Калі я адмовілася гэта сказаць, мне паведамілі, што я ўжо ня сьведка, а абвінавачаная. Пасьля гэтага адвезьлі на Акрэсьціна, дзе я прабыла да 9 жніўня».

Рэакцыі пракурора і судзьдзі на заявы сьведак пра ціск з боку сьледзтва не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG