Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласьці выявіў шэраг парушэньняў у арганізацыі харчаваньня пацыентаў Быхаўскай цэнтральнай раённай лякарні, піша БелТА.
Зафіксавана, што ў стравы кладуць менш, чым патрэбна, прадуктаў; не трымаюцца рацыёнаў і тэхналёгіі гатаваньня ежы. Таксама выяўленыя незаконныя атрыманьні сродкаў бюджэту і парушэньні ў правядзеньні дзяржаўных закупак.
Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 23 чалавекі, яшчэ 19 — да дысцыплінарнай, у бюджэт зь вінаватых спагналі 50 тысяч рублёў.
Літаральна чатыры дні таму Аляксандар Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне шэрагу новых кіраўнікоў райвыканкамаў, у тым ліку новага кіраўніка Быхаўскага раёну: ім стаў былы першы намесьнік старшыні Клімавіцкага райвыканкаму Дзьмітры Марціновіч.
«Гэты раён мяне ня ўразіў, — казаў Лукашэнка пра Быхаўшчыну. — Я наўмысна лётаў над ім — у Гомель быў пералёт. Думайце, як разьвіваць гэты раён, што мы там будзем рабіць».
Замянілі таксама кіраўнікоў Гомельскага, Клічаўскага, Маладэчанскага і Стаўпецкага райвыканкамаў, прычым Маладэчанскі ўзначаліць былы старшыня Стаўпецкага.