Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера з Акцябрскага раёну судзяць за тое, што «прыставаў» да старшыні сельсавету


Андрэй Павук
Андрэй Павук

У судзе Акцябрскага раёну пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы пра хуліганства ў дачыненьні да мясцовага блогера, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Павука.

Паскардзілася на «хуліганства» блогера старшыня Любанскага сельсавету Тамара Кароль, а супрацоўнік міліцыі Андрэй Арцюшка аформіў пратакол адпаведна артыкулу 17.1 КаАП. Паводле пратаколу, 18 студзеня каля 16.00 Андрэй Павук, быўшы ў кабінэце старшыні сельсавету, «беспрычынна, з хуліганскіх памкненьняў, назойліва, неаднаразова прыставаў да Тамары Кароль, патрабаваў ад яе адказаў на пытаньні, якія не датычыліся яе службовых абавязкаў».

«Начуліся пра „дзейнасьць“ Павука»

«„Беспрычынна прыставаў“ — гэта звычайная лухта, — кажа Андрэй Павук. — Мяне меліся браць на працу настаўнікам біялёгіі і хіміі ў Любанскую школу. Тамара Кароль ініцыявала ліст ад бацькоў вучняў у аддзел адукацыі, каб мяне ня бралі на працу. Подпісы нават сфальшавалі: маці аднаго з вучняў ліст не падпісвала і з нагоды фальсыфікацыі накіравала заяву ў міліцыю. Я прыяжджаў даведацца, якую маю „дзейнасьць“ мела на ўвазе Кароль, напісаўшы ў аддзел адукацыі, што празь яе і адсутнасьць пэдагагічнага досьведу мяне ня трэба браць у школу».

У судзе Тамара Кароль заявіла, што Павук двойчы прыяжджаў у сельскі савет. Апошні раз (гэта было 18 студзеня) у яе быў прыём у асабістых пытаньнях, але Павук прыйшоў у сельсавет, калі прыём ужо скончыўся. Яна раіла блогеру прыходзіць наконт асабістых пытаньняў да яе дадому а 17.30. Тым ня менш Кароль адказвала на пытаньні Павука. Прапанавала нават прыходзіць працаўладковацца ў школу ў верасьні. А калі заўважыла, што відэакамера ўключаная і вядзецца запіс, стала тэлефанаваць у міліцыю: «Алё, міліцыя, мяне здымае Павук». Аднак у пратаколе гэтая акалічнасьць адсутнічае, а згадваецца толькі пра «назойлівае, неаднаразовае прыставаньне» да Тамары Кароль.

«Дзейнасьцю» Андрэя Павука кіраўніца сельскага савету, як вынікае зь яе тлумачэньняў у судзе, незадаволеная з тае прычыны, што на старонцы ў сацыяльнай сетцы «Рудабельская паказуха», аўтарам якой зьяўляецца Андрэй Павук, шмат нэгатыву.

«Вось калі б было 50 адсоткаў станоўчага, а 50 — нэгатыву, то можна было б яшчэ гаварыць», — тлумачыць Кароль.

Тым часам такая прапорцыя не захоўваецца ў «характарыстыцы» Павука, якую ініцыявала Кароль ад імя бацькоў вучняў у раённы аддзел адукацыі і якая не дазволіла яму ўладкавацца на працу ў Любанскую школу. Гэта і стала прычынай прыезду Андрэя ў сельсавет.

«Улічваючы тое, — пісала Кароль зь іншымі бацькамі ў раённы аддзел адукацыі, — што на працу накіроўваюць Павука Андрэя Ўладзімеравіча, у якога няма досьведу навучаньня дзяцей, і ў сувязі з тым, што мы начуліся пра ягоную „дзейнасьць“, пераканаўча просім гэтага настаўніка да нас не накіроўваць».

«Перашкаджаў сваёй прысутнасьцю»

Адвакатка блогера Кацярына Пятровіч пацікавілася ў старшыні сельсавету: «Калі б Андрэй Павук не ўключаў камэру, ці тэлефанавалі б вы ў міліцыю?»

«Магчыма, і не тэлефанавала б», — быў адказ. — Калі б ён прыйшоў і сказаў, што будзе здымаць, я вусны падфарбавала б, прычоску паправіла б, — адказала Кароль.

«А якой працы ў той дзень вы не зрабілі з прычыны прысутнасьці Павука?» —пацікавілася адвакатка. Аднак нічога канкрэтнага Тамара Кароль на гэта не адказала.

Бухгальтэрка сельсавету Вольга Руднік, сьведка ў судзе ў адміністрацыйнай справе, патлумачыла, якім чынам Павук дэзарганізаваў працу цэлага сельсавету:

«У мяне пакой прахадны, дзьверы ў кабінэт старшыні адчыненыя. Я ўсё чула. Павук культурна сябе паводзіў, але шмат пытаньняў задаваў. Ён сваёй прысутнасьцю перашкаджаў. Мы ўсё былі ўзбуджаныя: а што, калі камэрай з-пад шапкі здыме? Мы ж ведаем ягоную «Рудабельскую паказуху».

Андрэй Павук скончыў у свой час завочна біялягічны факультэт Белдзяржуніверсытэту і тэхнікум па спэцыяльнасьці дызайнэра мэблі. Працу ў райцэнтры па спэцыяльнасьці знайсьці складана, таму аказваў рудабельцам фотапаслугі як індывідуальны прадпрымальнік ды арганізаваў яшчэ групу «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы, дзе ня раз крытыкавалася мясцовае начальства. Калі скасавалі дамову на арэнду памяшканьня пад фотастудыю, стаў шукаць іншую працу, бо гадуе з жонкаю дваіх малалетніх дзяцей.

Судзьдзя Ўладзімер Васілеўскі, які разглядае адміністрацыйную справу, выслухаўшы бакі, абвясьціў перапынак. Судовае пасяджэньне мае быць адноўленае на пачатку сакавіка.

Далікатнае чынавенства

Гэта ня першы ў Ацябрскім суд, калі мясцовыя чыноўнікі бяз важкіх на тое падстаў зьвяртаюцца ў міліцыю, заяўляюць, што народныя журналісты «назойліва прыстаюць» да іх з пытаньнямі.

У канцы мінулага тыдня старшыня суду Людміла Гармаш аштрафавала на 15 базавых велічыняў актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, экс-кандыдатку ў дэпутаты парлямэнту Алену Луцковіч за «прыставаньне» да чыноўнікаў з пытаньнем пра выбары. Луцковіч была зь мікрафонам, задавала пытаньні, а Павук здымаў на відэакамэру. На Алену Луцковіч пакрыўдзіліся ажно чацьвёра чыноўнікаў райвыканкаму, у тым ліку і начальніца аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Тацяна Семянец, якая па абавязку службы арганізоўвае выбары ў раёне.

Скардзілася ў міліцыю і кіраўніца спраў райвыканкаму Валянціна Шлапакова, якую гомельскі журналіст-фрылянсэр Кастусь Жукоўскі нібыта абразіў, назваўшы «рабой». Адміністрацыйную справу за абразу з Акцябрску перакінулі ў Гомель, па месцы пражываньня адказчыка. І толькі суд Цэнтральнага раёну патлумачыў чыноўніцы, што слова «раба» літаратурнае і ня можа абразіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG