Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злавіць Павука і аштрафаваць


Андрэй Павук
Андрэй Павук

На блогера, фатографа і адміна групы «Рудабельская паказуха» з райцэнтру Акцябрскі Андрэя Павука з усіх бакоў пасыпаліся непрыемнасьці: касуюць дамову на арэнду фатастудыі, пачынаецца суд зь мясцовым чыноўнікам, ідуць скаргі ў ДАІ.

«Тут і да бабкі не хадзі, — лічыць блогер, — хочуць прымусіць замаўчаць мяне й нашу «Рудабельскую паказуху».

Ідэоляг і блогер: хто каго?

Андрэй Павук — стваральнік і адміністратар групы «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». У яе 2600 падпісантаў — траціна ўсяго насельніцтва пасёлка. У групе расказвалі пра нікуды ня варты догляд і веснавую бяскорміцу на фэрмах некаторых калгасаў і саўгасаў, ад чаго памірала жывёла. Сюжэт пра гэта паказаў і дзяржаўны тэлеканал АНТ. Да гэтага часу вандруе ў сеціве відэазварот звольненых з ПМК-39 братоў-мэліяратараў Даніленкаў да Аляксандра Лукашэнкі: «Родны бацька Аляксандар Рыгоравіч...».

«Камэнтаваць, флудзіць і троліць нашы паведамленьні і тэмы ўзяўся найперш намесьнік начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Сяргей Зарычны. Ды настолькі шчыра, што калі яго забанілі ў групе, ён стаў пісаць пад жончыным імем», — кажа Андрэй Павук.

На адзін з адказаў Андрэя Павука ў дыскусіі Зарычны пакрыўдзіўся — і напісаў заяву ў міліцыю, што Павук узводзіць на яго паклёп. Там склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 9.2 КаАП і аддалі ў суд.

6 чэрвеня судзьдзя Акцябрскага раённага суду Ўладзімер Васілеўскі аштрафаваў стваральніка суполкі «Рудабельская паказуха» на 2 мільёны 100 тысяч рублёў, прызнаўшы яго вінаватым у паклёпе на намесьніка начальніка ідэалягічнай работы Сяргея Зарычнага.

«Я і ў судзе сказаў, што адміністрацыйная справа носіць палітычна матываваны характар. І не выпадкова Сяргей Іванавіч троліў нашы паведамленьні. Хоць я перапрасіў яго, на замірэньне ён не пагадзіўся. Значыць, трэба было, каб мяне аштрафавалі», — лічыць Павук.

Пастанова суду
Пастанова суду

Сам ідэоляг адмовіўся даць тлумачэньне журналісту БелаПАН.

«Маё выказваньне будзе прэпаравана і пададзена ў непрыглядным сьвятле», — заявіў Зарычны.

«Пяты вугал» у аўтастанцыі

За свае трыццаць тры гады Андрэй Павук займаўся шмат чым. Вучыўся ў тэхнікуме на дызайнэра-тэхноляга мэблі, ва ўнівэрсытэце — на настаўніка. Маляваў, працаваў у лясгасе, акампаніятарам у доме дзіцячай творчасьці. Выкладаў нават біялёгію ў сельскай школе, праўда, рэкордна кароткі час — усяго адзін дзень. А праславіўся Павук як аўтар хіта Ксеніі Дзягелькі «Я из деревни», напісанага ў суаўтарстве зь мясцовымі ідэолягамі ды выхавацелямі.

Цяпер Андрэй — індывідуальны прадпрымальнік, асноўны яго занятак — фатаграфія. Гэтым і зарабляе на хлеб, гадуючы з жонкай Вольгай дваіх дзяцей.

Акцябрская аўтастанцыя — арандаваны куток
Акцябрская аўтастанцыя — арандаваны куток

Да нядаўняга часу Павук па дамове зь Сьветлагорскім аўтапаркам № 5 арандаваў для фатастудыі невялічкі куткавы пакой на мясцовай аўтастанцыі. І хоць дамова была заключаная да 2017 году, нечакана транспартнікі запатрабавалі вызваліць памяшканьне.

«Усё пачалося, — лічыць Андрэй, — з сустрэчы рудабельцаў з гомельскім праваабаронцам, юрыстам Леанідам Судаленкам. Спачатку сустрэча плянавалася ў адной з прыватных кавярняў, але за дзень да таго да гаспадара прыйшлі «дзядзькі ў строгіх гарнітурах» і настойліва параілі адмовіць у памяшканьні з тэхнічных прычынаў. Сустрэчу з праваабаронцам перанесьлі ў мой пакойчык на аўтастанцыі. Ну, і пачаўся «сэзон паляваньня».

З уласнай ініцыятывы ці праз падказку, але транспартнікі запатрабавалі, каб Павук вызваліў арэндаванае памяшканьне. Знайшлі нюанс у дамове: «памяшканьне арандуецца для прыманьня заказаў на фотапаслугі, а ня дзеля выкананьня паслугаў».

«Я напісаў дакладную запіску ў аўтапарк. Я паважаю Андрэя Ўладзімеравіча за яго талент, але ён ня тым заняўся», — цьвердзіць начальнік Акцябрскага вытворчага ўчастку Алег Катовіч, падпісваючы акт пра здачу-прыёмку памяшканьня ад Павука.

Па словах прадпрымальніка, дыспэтчарам аўтастанцыі забаранялі нават мець зь ім хоць якія стасункі. Да таго ж сюды выклікалі падаткоўцаў, каб тыя «патрэсьлі» прадпрымальніка. У тыя ж дні прыходзіць на аўтастанцыю ліст ад нейкага Грушко А.В. — «па пытаньні працы абʼекта па аказаньні фотапаслуг, разьмешчанага ў будынку аўтастанцыі г.п. Акцябрскі».

Скаргу пераслалі ў аддзел эканомікі райвыканкаму, як і патрабуе заканадаўства.

«Два дні таму хадзіў па выкліку да начальніка аддзелу Аляксандра Пішчалы, — расказаў Павук. — Той патрабаваў пісаць тлумачальную. Я кажу: пакуль не пабачу сам ліст скаржніка, пісаць нічога ня буду. Можа, я быў на выезьдзе. Можа, скаржнік прыходзіў у непрацоўны час. Шмат чаго можа быць. На тым пакуль і разышліся. Выглядае, змушалі мяне шукаць у тым пакоі «пяты вугал».

Ананімы-добраахвотнікі

Андрэй Павук езьдзіць на старэнькім зялёным «Фіяце». Зь нядаўняга часу да ягонага легкавіка сталі праяўляць цікаўнасьць невядомыя добраахвотнікі.

«Нейкі ананім сфатаграфаваў маю няправільна прыпаркаваную машынку і падаў заяву ў міліцыю, — кажа Андрэй. — У сацыяльнай сетцы адзін малады чалавек разьмясьціў, як яму падалося, мой няправільна пастаўлены „Фіят“. Пабачыўшы гэты пост у групе, ананім ажывіўся: „Павук зноў няправільна ставіць машыну“ — і накатаў другую заяву ў міліцыю. Дзясятага чэрвеня выклікаюць у ДАІ. Пэўна, штрафаваць будуць».

Але й гэта яшчэ ня ўсё. Паўгода таму Павука нечакана абралі старшынёю жыльлёва-будаўнічага каапэратыву № 11. І вось на пачатку чэрвеня Андрэй, гэтым разам як старшыня ЖБУ-11, атрымаў яшчэ адзін «ліст шчасьця» — прадпісаньне аддзелу архітэктуры й будаўніцтва райвыканкаму.

«У падвале дома жыльцы пераабсталявалі памяшканьні. Цяпер я мушу да 15 чэрвеня „зьліквідаваць парушэньне“. Гэта азначае — разбурыць дабудаваныя тут загародкі. Як гэта зрабіць, ня ведаю, бо ўсюды і ва ўсе часы людзі ў шматкватэрніках прыстасоўвалі падвальныя памяшканьні для сваіх патрэбаў. Ня выканаю — хутчэй за ўсё, аштрафуюць».

У Рудабелцы — гэтак раней называлі райцэнтар Акцябрскі — Андрэя Павука ведае і стары і малы. Некаторыя пра ягоную дзейнасьць выказваюцца адмоўна. Афіцыйная раённая газэта «Чырвоны Кастрычнік» заяўляе, што нібыта людзі ў руках блогера «сталі марыянэткамі», каб «ачарніць, перавярнуць, сказіць».

Міхась Кароль: «Павук, напішы...»
Міхась Кароль: «Павук, напішы...»

Але нашмат больш давялося пачуць станоўчых выказваньняў: «Павук —абаронца абяздоленых», «справядліва піша», «не баіцца ўздымаць мясцовыя праблемы і крытыкаваць уладных чыноўнікаў».

«Людзі ідуць да мяне, і гэта сьведчыць, што мясцовая ўлада траціць людзкі давер, — лічыць Андрэй Павук. — Яны ідуць шукаць справядлівасьці і хочуць быць пачутымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG