Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтара гіта «Я из деревни» у інтэрнэце абвінавачваюць у падрыхтоўцы «майдану»


Андрэй Павук, архіўнае фота

Андрэй Павук, архіўнае фота

Міліцыя райцэнтру Акцябрскі сьцьвярджае, што ня мае тэхнічнай магчымасьці выявіць, хто ў сацыяльнай сетцы пагражае мясцовым грамадзкім актывістам гвалтам ды абражае іх, называючы «шайкай тэрарыстаў».

«Я зьвярнуўся зь лістом у міліцыю, — кажа грамадзкі актывіст і блогер Андрэй Павук, — каб супрацоўнікі ўстанавілі і прыцягнулі да адказнасьці асоб, якія абражаюць іншых людзей, у тым ліку й мяне, распальваюць варажнечу ды палітычную нецярпімасьць, заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў. І вось нядаўна атрымаў адказ, што ўстанавіць такіх асобаў у сацыяльнай сетцы міліцыя ня мае «тэхнічнай ды іншай магчымасьці».

Невядомая асоба пад нікнэймам «Yanina kosmetolog» зьмясьціла ў сацыяльнай сетцы допіс, які сабраў багата камэнтароў. Яна, у прыватнасьці, пісала:

«Іх павінны ведаць у твар! Жыхары Акцябрскага, якія хочуць зрабіць Майдан у краіне, як ва Ўкраіне. Га́няць нашага прэзыдэнта, не жадаюць працаваць, хочуць у Эўропу... Вось іх імёны: Андрэй Павук, у яго прага ўлады, хоча заняць месца А. Р. Лукашэнкі, Алена Луцковіч — так званая апазыцыя з-пад плота. Трэці ўдзельнік Аляксандар Радчанка. Ёсьць і чацьвёрты... Самая сапраўдная шайка высьпяваючых тэрарыстаў. Такое трэба высякаць з коранем!»

«Yanina kosmetolog» нават падпісвала фатаздымкі рудабельцаў — хто ёсьць хто, заклікала «разабрацца» зь імі.

«У заяве ў міліцыю, — дадае Павук, — я нават пазначыў, хто менавіта хаваецца пад нікам «Yanina kosmetolog», бо нескладана было высьветліць. Гэта — спадарыня Яніна з Бабруйску, якая гандлюе касмэтыкай. Захаваліся скрыншоты перапіскі зь ёю.

Міліцыя апытала згаданую асобу і зрабіла выснову: «Дакладна ўстанавіць, каму належыць старонка, не ўяўляецца магчымым, у сувязі з адсутнасьцю тэхнічных і іншых магчымасьцяў, таму што згаданая старонка магла быць створана любым чалавекам».

Паводле блогера, такая выснова была зроблена старшым участковым інспэктарам, маёрам міліцыі Кругловым на той падставе, што Яніна патлумачыла: яна ня ведае, хто стварыў старонку ў «Аднаклясьніках» пад нікнэймам «Yanina kosmetolog» ды зьмясьціў яе нумар тэлефона ў інтэрнэце. Ну, а IР-адрас кампутара, зь якога ажыцьцёўлена карыстаньне старонкай з абвінавачваньнем наконт «шайкі высьпяваючых тэрарыстаў», высьветліць міліцыянтам таксама нібыта не ўяўлялася магчымым — такія зьвесткі трэба запытваць у правайдэра «Odnoklassniki Co Ltd», уладальніка адпаведнай сацыяльнай сеткі з дамэнам оk.ru, а гэта ўсё знаходзіцца ў Расеі. Зрабіць запыт у МУС Расейскай Фэдэрацыі таксама нельга, бо няма пагадненьня на падобныя запыты па адміністрацыйных справах — толькі па крымінальных. А што й беларускія правайдэры, паводле заканадаўства, павінны захоўваць гісторыі карыстальнікаў сеціва, акцябрскія міліцыянты не згадалі.

Міліцыя наагул ня ўгледзела ў выпадах супраць рудабельскіх актывістаў нейкіх абразаў, палітычнай нецярпімасьці, заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў.

«Згодна Канстытуцыі кожны мае права выказваць сваю думку», — патлумачылі праваахоўнікі, адпраўляючы заяву Андрэя Павука ў архіў.

Нават сьцьвярджэньне на адрас актывістаў, што яны «хочуць зрабіць Майдан у краіне, як ва Ўкраіне», міліцыя абачліва перавяла ў рэчышча філялягічных дэфініцыяў:

«Слова „майдан“, пад якім Павук А.У. мае на ўвазе масавыя беспарадкі, паводле тлумачальных слоўнікаў С.Ожэгава і У.Даля, абазначае ва Ўкраіне і паўднёвых абласьцях Расеі: базар, базарная плошча, плошча, месца, стан».

Год таму Андрэй Павук з паплечнікамі стварыў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» групу «Рудабельская паказуха». Яны сталі асьвятляць мясцовыя падзеі, пісаць песьні на злабадзённыя тэмы, посьціць цікавыя матэрыялы з інтэрнэт-рэсурсаў — заняліся народнай журналістыкай.

«Рудабельская паказуха» пісала пра стан мэдычных установаў і спартовых збудаваньняў у райцэнтры, не абмінала ўвагай абмялелыя вясковыя калодзежы, высьмейвала неабгрунтаваную рэкляму піва і сьпіртовых напояў. Ставіла на абмеркаваньне й філязофскія пытаньні, а таксама практыку дзяржаўнага кіраваньня, кшталту: «Ці адчуваеце вы сябе вольным чалавекам?», «Ці павінен райвыканкам трымаць справаздачу перад насельніцтвам?», «Якога прэзыдэнта вам хацелася б мець у Беларусі?».

Мясцовы афіцыйны друк рэагаваў, як мог, на такія высілкі крытыкай. А пры канцы мінулага году ў сеціве пайшлі непасрэдныя абразы ды цкаваньне рудабельскіх актывістаў, таму Андрэй Павук вымушаны быў зьвярнуцца ў міліцыю з заявай.

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які два гады таму таксама зьведаў напады й пагрозы на свой адрас, не зьдзіўляецца, што міліцыя ня выявіла паклёпніка ў сеціве:

«Калі паступалі абразы й пагрозы на мой адрас, міліцыя таксама адказала, што ня ў стане знайсьці тых, хто гэта робіць. Я ня думаю, што ў яе няма тэхнічнай магчымасьці разабрацца. Цяпер сілавыя структуры хочуць набыць нават „патрашыцеляў“ смартфонаў, а тут нібыта ня могуць выявіць, каму належыць нейкі там IP-адрас. Калі б справа ішла пра віноўнасьць якога актывіста, усё б знайшлі вельмі хутка. А абараняць дэмакратычных актывістаў — хто ж будзе ў нашай дзяржаве. Уладам, наадварот, лепей, каб супраць іншадумцаў хоць неяк расла хваля незадавальненьня ды абурэньня. Будзе на каго сьпісваць усе „касякі“, нават у эканоміцы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG