Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмін групы «Рудабельская паказуха» Андрэй Павук ужо праславіўся як аўтар хіта Ксеніі Дзягелькі «Я из деревни», а цяпер яшчэ і прымусіў выканкам пачынаць раніцу з чытаньня навінаў на сваёй суполцы. Што там у Акцябрскім? — чытайце ў першым рэпартажы новага правінцыйнага цыклю Радыё Свабода «Хто яны, рудабельцы?»

На паўночным захадзе Гомельшчыны ёсьць аддалены райцэнтар Акцябрскі, колішняя Рудабелка. Легендарны край, цікавыя й самабытныя людзі. Адзін з такіх — Андрэй Павук. Ён імкнецца ўзвысіць дух землякоў-рудабельцаў, змагаецца з хібамі мясцовага жыцьця і зьбірае подпісы за вылучэньне апазыцыйнага палітыка кандыдатам у прэзыдэнты.

Раніца ў выканкаме пачынаецца з чытаньня навінаў на «Рудабельскай паказусе»

У верасьні Андрэю Павуку споўніцца 33 гады. Ён жанаты, з жонкай гадуе сына й дачку. Сам нарадзіўся ў Нароўлі, адкуль пасьля Чарнобыля з бацькамі пераехаў у Акцябрскі. Лічыць сябе рудабельцам, бо менавіта тут пачалося ягонае сьвядомае жыцьцё, тут нарадзіліся яго дзеці.

У сваім пакуль яшчэ непрацяглым жыцьці грамадзянін Беларусі, жыхар райцэнтру Акцябрскі Андрэй Павук шмат чаго рабіў, шмат што выпрабаваў.

Вучыўся ў тэхнікуме на дызайнэра-тэхноляга мэблі, ва ўнівэрсытэце — на настаўніка, маляваў, працаваў у лясгасе, акампаніятарам у доме дзіцячай творчасьці. Выкладаў нават біялёгію ў сельскай школе, праўда, рэкордна кароткі час — усяго адзін дзень.

«Я зразумеў, што я не пэдагог, не спэцыяліст, як і многія завочнікі, — тлумачыць Андрэ. — Было сорамна перад дзецьмі нічога ня ведаць. Трэба было добра рыхтавацца да ўрокаў, а мяне гэта напружвала. У дзевятым клясе я панастаўляў дзясятак усім (сьмяецца)... Ведаеце, былі ў школе дзеці, якія толкам чытаць ня ўмелі. Наколькі памятаю, у дзясятым з трох вучняў — адзін ня ўмеў добра чытаць. Я, здаецца, падрыхтаваўся, у інтэрнэце дадатковую інфармацыю знайшоў, а ім — нецікава. Проста няўдзячная праца. Я ня ведаю, якім трэба настаўнікам быць — зь кіем над імі стаяць? Бачу, што ім нецікава. Думаю, я сам хутчэй кепскі настаўнік, чым яны кепскія вучні. Словам, ніводная атрыманая адукацыя мне не спатрэбілася ў жыцьці. Я толькі цяпер зразумеў, чым магу й хачу займацца».

У Акцябрскім Андрэй Павук заняўся фатаграфіяй — стаў індывідуальным прадпрымальнікам. На дадатак зацікавіўся народнай журналістыкай — паўгода таму стварыў суполку «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». Стаў асьвятляць мясцовыя падзеі, пісаць песьні на злабадзённыя тэмы, посьціць цікавыя матэрыялы з інтэрнэт-рэсурсаў:

«Жыцьцё праходзіць — і штосьці трэба рабіць. Надышоў час сапраўдных мужчынскіх учынкаў. Калі ты жывеш сярод людзей, якія баяцца нават таго, што можна, то адчуваеш сябе некамфортна і ў цябе няма спосабу разьвівацца ў такім грамадзтве. Ну, я й стварыў у інтэрнэце суполку „Рудабельская паказуха“, дзе паказваю недарэчнасьці й неадэкватнасьці нашага жыцьця — сацыяльнага, палітычнага, а заадно заклікаю рудабельцаў актыўна абмяркоўваць гэтыя праблемы. Гэта ж у інтэрнэце не забаронена. Ведаю, што раніца ў райвыканкаме, бывае, пачынаецца з навінаў нашай групы. Яны там сядзяць, хоць у нашай адкрытай групе іх і няма, пастаянна сочаць, адзначаюць. І нават іншы раз даходзіць да парадоксу: тым жа пэдагогам забараняюць, каб у навінах школьнікі не пазначалі клясы, выказвалі нейкія сымпатыі і нават былі ў групе актыўнымі».

Рудабельская пякучка: Якога прэзыдэнта вам хацелася б?

Цяпер у суполцы «Рудабельская паказуха» — 953 чальцы. Якіх толькі тэмаў тут не абмяркоўваюць! Стан мэдычных установаў і спартовых збудаваньняў у райцэнтры, неабгрунтаваную рэкляму піва і сьпіртовых напояў, абмялелыя вясковыя калодзежы й руйнаваньне помнікаў ахвярам фашызму, імунізацыю падрастаючага пакаленьня супраць грыпу й куплю райвыканкамам за бюджэтныя грошы шыкоўнага аўто. Ставяцца на абмеркаваньне й філязофскія пытаньні, а таксама практыка дзяржаўнага кіраваньня, кшталту: «Ці адчуваеце вы сябе вольным чалавекам?», «Ці павінен райвыканкам трымаць справаздачу перад насельніцтвам?, «Якога прэзыдэнта вам хацелася б мець у Беларусі?»

Калі ж Андрэй заўважае, што дзелавы стыль рудабельцам надакучвае, то бярэцца за гітару, запісвае песьні на злобу дня — з гумарам, бывае, зь едкай сатыраю. Прыкладам, пра шыкоўнае райвыканкамаўскае аўто, купленае ў год беражлівасьці, або пра царкоўныя паслугі, кошт якіх выражаны ў грашовых купюрах. Ну проста Крапіва нашага часу зь яго вечна жывымі словамі пра марную траву ў мастацкім гародзе:

«Я расту вось тут пад плотам
I ня так даўно ўзышла,
А ўжо многім абармотам
Рукі-ногі апякла».

«Са школьных гадоў нам даводзяць пра легендарную Рудабельскую рэспубліку, пра бунтарскі дух рудабельцаў. Дзякуючы яму рудабельцы спрабавалі будаваць камунізм, падымаць узровень жыцьця, — распавяде Андрэй. — А цяпер, гледзячы на навакольнае жыцьцё, дзівуюся: а дзе ён, бунтарскі дух, куды падзеўся? І што ж гэта рудабельцы так нізкапаклоньнічаюць перад начальнікамі? Становіцца проста крыўдна, хочацца разбудзіць гэты бунтарскі дух. Хочацца часам сказаць: „Шаноўныя грамадзяне, давайце абмяркуем, а ці правільным курсам мы ідзём?“ Сумнявацца ж не забаронена! Але іншыя й сумнявацца баяцца. Думаюць, што праз гэта зь імі не працягнуць кантракт. У Рудабелцы цяпер неяк усё гіпэртрафавана. І нават ня ведаю, як ратаваць людзей, а тым больш калі яны й самі не заўсёды ратавацца хочуць».

Андрэй Павук

Андрэй Павук

З-за актыўнай жыцьцёвай пазыцыі перападае і самому Андрэю Павуку: то нечакана адміністрацыя аўтастанцыі, дзе ён арандуе памяшканьне пад фатастудыю, намагаецца датэрмінова скасаваць дамову на арэнду — пад выглядам абсталяваньня камэры захоўваньня, то тролі ў інтэрнэце абзываюць яго «гадкім Павуком». А то і ў міліцыю выклічуць з нагоды ананімнага ліста, невядома кім напісанага:

«Я прыйшоў, а мне сказалі, што атрымалі ананімку. Маўляў, давай паразмаўляем. Адказваю — давайце. Распавёў, што наша суполка „Рудабельская паказуха“ не нясе ніякай пагрозы нацыянальнай бясьпецы. Мы абмяркоўваем вострыя сацыяльныя праблемы, якія ўзьнікаюць у раёне. Я ў шмат каго з жыхароў бяру інтэрвію, апытаньні запісваем на розныя тэмы — падабаецца вось гэта ці не? Займаемся цалкам законнымі рэчамі. У міліцыі асабліва не замарочваліся, запісалі з маіх словаў — я пагадзіўся з запісаным.

Спытаў яшчэ, каму гэта патрэбна? Адказалі, што ў архіў. А ў які архіў, каму патрэбная гэтая інфармацыя, ня ведаю».

За гіт мне ня сорамна: я толькі сабраў тое, чаму нас вучаць

У біяграфіі Андрэя Павука, чалавека творчага й самалюбнага, быў адзін даволі скандальны посьпех — гіт «Я из деревни», які выканала рудабельская школьніца Ксенія Дзягелька. Ад імя электарату ў песьні выказвалася рыфмаваная падзяка «за хлеб на полях, за хорошую жизнь в деревнях».

Андрэй прызнаецца, што гіт — ня цалкам ягоны:

«Быў конкурс, і трэба было ў ім удзельнічаць. Мы з Домам творчасьці, калі я там працаваў, прывыклі перамагаць. Даволі часта перамагалі з маёй пасільнай дапамогаю. І зноў захацелі перамагчы. І да мяне: „Ну, прыдумай што!“. Напісаў, прынёс. Ага, тут не падабаецца, там не пасуе — давай гэтак. Словам, давай думаць разам, што ды як.

Яны прапаноўваюць, а я рыфмую. Так і атрымаўся той гіт. Гэта не маё аўтарства цалкам, а агульнае. Аднак яны ня хочуць гэтага прызнаваць ніякім чынам. Няхай гэта буду я аўтар. А калі даведаўся, што на ўзроўні краіны на нейкай там радзе абмяркоўваюць, як далей быць з гітом, разумееш і сваю значнасьць. І гэта ня мне павінна быць сорамна за гэты кліп, бо я там нічога новага не прыдумаў. Я толькі сабраў тое, чаму нас вучаць. Гэта падсумаваньне таго, чаму ідэалёгія навучыла нас за доўгія гады. І калі гэта не падабаецца, тады выбачайце — працуйце над сабою».

Спадзяюся, што Анатоль Лябедзька здымецца з выбараў

У гэтыя дні, апрача сваёй асноўнай працы, Андрэй Павук займаецца й зборам подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты апазыцыйнага палітыка, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Яго можна бачыць на пікеце поруч зь іншымі грамадзкімі актывістамі райцэнтру Акцябрскага — колішняй Рудабелкі, перайменаванай бальшавікамі.

«Я цяпер зьбіраю подпісы, каб кандыдатам стаў Анатоль Лябедзька. Для мяне гэта першы досьвед актыўнага ўдзелу ў выбарах. Я, канечне, настроены скептычна, — кажа Андрэй. — Спадзяюся, што пазьней Анатоль зьнімецца з выбараў. У Лукашэнкі ня будзе дэмакратычных супернікаў, і ўсё будзе выглядаць яшчэ большым фарсам. Хацелася б, каб Лябедзька праявіў салідарнасьць з тымі, хто на выбары ня ходзіць».

«Выбары варта было б байкатаваць, — мяркуе Андрэй Павук. — Гэта мела б лепшы вынік, бо нездарма ж улада спалохалася разьвіцьця такіх падзеяў і забараніла агітаваць за байкот».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG