Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку аштрафавалі за «прыставаньне» да чыноўнікаў з пытаньнем пра выбары


Алена Луцковіч
Алена Луцковіч

Акцябрскі раённы суд на Гомельшчыне пакараў штрафам ў памеры 15 базавых велічыняў ( 345 рублёў) сяброўку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, экс-кандыдатку ў дэпутаты парлямэнту Алену Луцковіч, прызнаўшы яе вінаватай у дробным хуліганстве. Адміністрацыйную справу пра «хуліганства» актывісткі разгледзела сама старшыня суду Людміла Гармаш.

«У нас няма незалежнага справядлівага суду, — кажа Луцковіч. — Усё гэта спэктакль, які іншы раз ператвараецца ў звычайны цырк».

У нас няма незалежнага справядлівага суду.

17 студзеня Алена Луцковіч зь відэаблогерам Андрэем Павуком зьбірала меркаваньні мясцовых жыхароў для старонкі «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце», наколькі выбары ў Беларусі сумленныя й справядлівыя.

На Цэнтральнай плошчы перад райвыканкамам Луцковіч з мікрафонам у руках задала гэтае пытаньне й некаторым чыноўнікам. Тыя пакрыўдзіліся, абвінавацілі Луцковіч у «назойлівым прыставаньні».

Пільнасьць праявіў Сяргей Зарычны, намесьнік начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі райвыканкаму. Ён патэлефанаваў у міліцыю.

І хоць апытвалі Луцковіч і Павук багата каго, але абуранымі аказаліся толькі тры чыноўніцы з райвыканкаму: начальніца аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Тацяна Семянец, якая па доўгу службы арганізоўвае выбары ў раёне, начальніца ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва Тацяна Габінетава ды галоўная спэцыялістка аддзелу архітэктуры і будаўніцтва Ірына Дулуб.

Усё яны напісалі заявы ў міліцыю, якія пачыналіся гэтак: прашу прыцягнуць Луцковіч і Павука да адказнасьці, бо яны «навязьліва задавалі пытаньні, перагароджвалі дарогу ў будынак райвыканкаму».

Акцябрскі раённы суд
Акцябрскі раённы суд

У пастанове суду пра дзеяньні Алены Луцковіч гаворыцца: «Наўмысна, беспрычынна, назойліва, неаднаразова спыняла і прыставала да грамадзянаў Тацяны Семянец, Ірыны Дулуб, Тацяны Габінетавай, патрабавала адказаць на пытаньні, на просьбы грамадзянаў пакінуць іх у спакоі не рэагавала, чым парушыла грамадзкі парадак і спакой грамадзянаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG