Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стваральнік «Рудабельскай паказухі» ўганараваны дыплёмам «За адданасьць прафэсіі»


Андрэй Павук

Андрэй Павук

Напярэдадні дня Міжнароднай салідарнасьці журналістаў відэаблогер і бард, стваральнік суполкі «Рудабельская паказуха» з райцэнтру Акцябрскі Андрэй Павук уганараваны дыплёмам «За адданасьць прафэсіі».

Такое рашэньне па выніках конкурсу прынятае на сходзе Гомельскай філіі ГА «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

«Я скончыў тэхнікум і ўнівэрсытэт, набыў спэцыяльнасьць дызайнэра мэблі і настаўніка біялёгіі. Але ніводная спэцыяльнасьць мне не прыдалася ў жыцьці. Працую фатографам і адначасова займаюся, калі можна так сказаць, народнай журналістыкай. Ежджу па вёсках, здымаю людзей, якія распавядаюць пра сваё жыцьцё і праблемы без прыўкрасаў. Хачу заняцца больш шчыльна палітычнай сатырай», — тлумачыў калегам сваю пазыцыю Андрэй Павук.

Творчыя высілкі журналіста з Рудабелкі найбольш адпавядалі ўмовам конкурсу, пазначаным на сайце ГА «БАЖ»: «выказваць падтрымку і салідарнасьць з калегамі, якія пацярпелі ад уціску і дыскрымінацыі на прафэсійнай глебе і праявілі мужнасьць, адстойваючы свае правы на прафэсійную дзейнасьць».

На публікацыі і відэасюжэты ў «Рудабельскай паказусе» рэагавалі ўлады і кантрольныя органы, сам Андрэй Павук зьведаў судовы перасьлед, паколькі «крыўдзіў» мясцовых чыноўнікаў.

«Рудабельская паказуха» стала своеасаблівым народным тэлебачаньнем у Акцябрскім раёне. Некаторыя відэасюжэты набіралі да 30 тысяч лайкаў, іх выкарыстоўвалі многія інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы.

Штогадовы конкурс «За адданасьць прафэсіі» заснаваны Гомельскай філіяй БАЖ у 2009 годзе — на памяць выдаўца і рэдактара Ўладзімера Вербавікова. У папярэднія гады дыплёмам «За адданасьць прафэсіі» былі ўганараваныя незалежныя журналісты з Гомеля, Бабруйску, Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG