Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рудабельская паказуха» пра праўладных кандыдатаў: «Ён адзін з нас — з заробкам 30 мільёнаў?»


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Група ў сацыяльнай сетцы «Рудабельская паказуха» з райцэнтру Акцябрскі прааналізавала даходы і праграмы кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту, якія балятуюцца ў Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41. Акцябрскі раён уваходзіць у згаданую выбарчую акругу. Паводле «Рудабельскай паказухі», некаторыя кандыдаты проста хітруюць, апавядаючы, што яны «адны з нас» і што ім неабыякавыя праблемы звычайных беларусаў.

У Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41 балятуюцца чатыры кандыдаты: ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Алена Луцковіч, ад Лібэральна-дэмакратычнай — Сьвятлана Сігай, ад партыі «Беларускі народны фронт» — Тамара Зайцава. Чацьвёрты прэтэндэнт на дэпутацкі мандат — старшыня Мазырскага райвыканкаму Яўген Адаменка. Афіцыйна ён беспартыйны, але пра такіх кажуць, што гэта кандыдат ад «партыі ўлады».

«Рудабельская паказуха» прыводзіць задэкляраваныя даходы ўдзельнікаў перадвыбарчай кампаніі і адкрыта пацяшаецца са сьцьвярджэньня кандыдата ад «партыі ўлады», што ён «адзін з нас». За мінулы год даход Яўгена Адаменкі як старшыні Мазырскага райвыканкаму склаў 360 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, то бок — 30 мільёнаў на месяц. Гэта амаль у чатыры з паловай разы болей, чым сукупны гадавы даход трох астатніх канкурэнтаў. Адсюль і пытаньне да чытачоў: «Ён адзін з нас — з заробкам 30 мільёнаў?».

«Мы прапанавалі выбарцам, — кажа стваральнік групы „Рудабельская паказуха“ Андрэй Павук, — выказаць сваё меркаваньне: ці вераць яны, што Яўгену Адаменку неабыякавыя іхнія праблемы? Вынік не прымусіў сябе чакаць. Звыш 67 адсоткаў чытачоў не паверылі кандыдату ад улады. І толькі 10,9 адсотка выказаліся станоўча. Мяркуючы па настроі людзей, наўрад ці нейкая іншая сытуацыя прысутнічае ў суседніх акругах, дзе балятуюцца праўладныя кандыдаты. Іхнія зарплаты ў 7–10 разоў вышэйшыя, чым рэальныя даходы бальшыні звычайных людзей».

Перадвыбарная праграма Яўгена Адаменкі, ілюстрацыйнае фота з суполкі "Рудабельская паказуха" ў vk.com

Перадвыбарная праграма Яўгена Адаменкі, ілюстрацыйнае фота з суполкі "Рудабельская паказуха" ў vk.com

Адміністратар «Рудабельскай паказухі», вядома, мае рацыю. Калі параўнаць прадстаўленыя для публічнага азнаямленьня даходы любога кандыдата ў дэпутаты ад улады, то відаць, што «яны страшна далёкія ад народу», як трапна выказваўся адзін камуністычны дзеяч, чые помнікі красуюцца перад кожным выканаўчым камітэтам.

У Палескай выбарчай акрузе № 43 кандыдатам у дэпутаты парлямэнту вылучыўся старшыня Ельскага райвыканкаму Леанід Пісанік. У згаданую акругу ўваходзяць, апроч Ельскага раёну, Лельчыцкі, Нараўлянскі і частка Мазырскага. Занядбаны Ельскі раён стаў своеасаблівым трамплінам для «вэртыкальных» чыноўнікаў, якія ідуць у дэпутаты. Папярэднік Пісаніка, Сяргей Канопліч, таксама пайшоў у парлямэнт зь Ельску і нават два скліканьні ачольваў пастаянную камісію па чарнобыльскіх пытаньнях. Ды так ачольваў, што пасьля прыняцьця новага чарнобыльскага закону ліквідатары, якія ня маюць інваліднасьці, страцілі апошнія льготы. Затое кіраўніцтва раёну, выглядае, не адчувае нейкіх фінансавых цяжкасьцяў. 59-гадовы кандыдат Пісанік, сябра Камуністычнай партыі Беларусі, падаў у акруговую камісію зьвесткі, што зарабіў за мінулы год звыш 279 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, або каля 23,3 мільёна ў месяц.Тым часам сярэдні заробак у Ельскім раёне, паводле зьвестак Белстату, складае ўсяго 4,8 мільёна рублёў. Гэта адзін з найбяднейшых раёнаў краіны.

Не бядуюць ад безграшоўя вылучэнцы ў дэпутаты, якія займаюць пасады ў абласных «вэртыкальных» структурах.

У Рэчыцкай выбарчай акрузе кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваны намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Баляслаў Пірштук.

Яму 57 гадоў. У аблвыканкам Пірштука забралі са Сьветлагорскага райвыканкаму, дзе ў свой час пачыналі будаваць кар’еру былы старшыня Гомельскага аблвыканкаму і Камітэту дзяржкантролю Аляксандар Якабсон, а таксама віцэ-прэм’ер Уладзімер Патупчык.

У Гомельскім аблвыканкаме Баляслаў Пірштук зарабляў больш як 26 мільёнаў рублёў на месяц, агулам за мінулы год — 320 мільёнаў.

На Гомельшчыне на выбарах паўторна балятуюцца 7 з 17 дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, або 41 адсотак ад усіх абраньнікаў у рэгіёне. Гэта нават перавышае патрабаваньне кіраўніка дзяржавы мець трыццаць адсоткаў «старых» дэпутатаў дзеля пераемнасьці працы парлямэнту.

Палата прадстаўнікоў выглядае неблагой сынэкурай для афіцыйных прызначэнцаў. У Гомельскай-Навабеліцкай акрузе № 36 другі раз запар балятуецца былая загадчыца тэрапэўтычнага аддзяленьня паліклінікі Алена Астапюк, якая ставіць сабе ў заслугу за чатырохгадовы тэрмін дэпутацтва вонкавае асьвятленьне Чонкаўскага праезду, парадкаваньне дваровай тэрыторыі дома № 15 на вуліцы Дзьмітрава, усталяваньне сьвятлафора на вуліцы Ільіча паблізу прыпынку «Завод хімічных вырабаў». Што завод, мякка кажучы, загнуўся — гэта быццам бы нармальна. А сьвятлафор — заслуга.

У тэлевыступе дэпутатка сьцьвярджала таксама, што дапамагала часткова даць рады і зь нястачай месцаў у дзіцячых садках. Ну, і атрымала за мінулы год Алена Астапюк як сябра камісіі па эканамічных пытаньнях у Палаце прадстаўнікоў 291 мільён рублёў заробку, або звыш 24 мільёнаў на месяц.

Падобныя даходы маюць і іншыя прэтэндэнты на паўторны дэпутацкі мандат. Калі ж у Палаце абраньнік ачольвае пастаянную камісію альбо выступае як намесьнік старшыні камісіі, то ягоны заробак сягае ўжо да 30 мільёнаў на месяц. Тут, відаць, і хаваецца адказ на пытаньне, як дбаюць народныя абраньнікі пра тых, хто іх нібыта абірае ў парлямэнт.

Паведамляючы пра гэтыя факты, «Рудабельская паказуха» паставіла на сваім сайце пытаньне наконт прэтэндэнта на дэпутацкі мандат у Калінкавіцкай акрузе Яўгена Адаменкі: «Ён адзін з нас — з заробкам 30 мільёнаў?»

XS
SM
MD
LG