Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Жыве Куба, жыве Фідэль!» — прамова Віктара Шэймана на разьвітаньні з «нашым сябрам» Кастра


Кіраўнік справамі прэзыдэнта Беларусі Віктар Шэйман выступіў на разьвітаньні зь Фідэлем Кастра, што адбылося 29 лістапада ў сталіцы Кубы Гаване на плошчы Рэвалюцыі — перад мэмарыяльным комплексам імя Хасэ Марці, дзе знаходзіцца урна з прахам Кастра.

Першыя і апошнія словы Віктар Шэйман прамовіў па-гішпанску. Ён неаднаразова называў Кастра «непераможным камандантэ», сябрам Беларусі, выказваў надзею, што справа рэвалюцыі будзе жыць. У час ягонага выступу над натоўпам луналі сьцягі Кубы, Вэнэсуэлы, Мэксыкі, Нікарагуа і вясёлкавы сьцяг, што найчасьцей выкарыстоўваецца ЛГБТ-актывістамі.

Фідэль Кастра памёр 26 лістапада ва ўзросьце 91 году. Ён узначальваў камуністычную астраўную дзяржаву на працягу амаль паўстагодзьдзя, пры ім дзяржава была жорсткай дыктатурай, насельніцтва жыла крайне бедна, хоць і мела бясплатную адукацыю і ахову здароўя. Пахаваньне Фідэля Кастра павінна адбыцца 4 сьнежня ў сталіцы краіны Гаване. У сувязі са сьмерцю Кастра на Кубе абвешчаная 9-дзённая жалоба.

***

Поўная прамова Шэймана:

«Дарагі Рауль! Дарагія кубінскія сябры! Таварышы! Спадары і спадарыні! З адчуваньнем глыбокага смутку сёньня мы разьвітваемся з чалавекам-эпохай, выдатным лідэрам кубінскай рэвалюцыі, нашым сябрам камандантэ Фідэлем.

Цяжка перадаць словамі пачуцьці, што перапаўняюць нашы сэрцы, калі мы прыгадваем гістарычныя падзеі XX стагодзьдзя, асноўным натхняльнікам і выканаўцам якіх быў непераможны камандантэ. Велізарны асабісты ўнёсак гэтага чалавека ў забесьпячэньне сацыяльнай справядлівасьці і грамадзянскай роўнасьці ня толькі на Кубе, але і ва ўсім сьвеце. Рэвалюцыйныя выступы змагароў за свабоду, што ўзначаліў Фідэль, зь цягам часу ператварыліся ў маштабны вызваленчы рух на рэгіянальным і ўсясьветным узроўні.

Жыцьцёвы шлях і духоўная спадчына палымянага камандантэ сталі арыентырам для шматлікіх змагароў за свабоду свайго народу. Усё сваё сьвядомае жыцьцё ён прытрымліваўся прынцыпу: лепей памерці стоячы, чым жыць на каленях.

Усё ягонае гераічнае, поўнае подзьвігаў і перамог жыцьцё — выдатны прыклад самаадданага служэньня Айчыне, прыклад адстойваньня ідэалаў свабоды, роўнасьці і сацыяльнай справядлівасьці. У Беларусі вельмі шануюць аграмадны асабісты ўнёсак Фідэля Кастра ў разьвіцьцё сяброўскіх стасункаў між нашымі дзяржавамі.

Як адзначыў прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка, сьветлае імя бясстрашнага камандантэ залатымі літарамі ўпісанае ў гісторыю станаўленьня беларуска-кубінскага стратэгічнага партнэрства.

Упэўнены, што несьмяротная справа камандантэ Фідэля працягне свой гістарычны шлях. Ягоная спадчына будзе сымбалем спадзяваньняў простых людзей на справядлівае і шчасьлівае жыцьцё. Цягам дзесяцігодзьдзяў Беларусь застаецца верным сябрам і надзейнай партнэрам братняй Кубы. Так будзе і далей.

Дарагія сябры. Фідэль не адышоў, Фідэль застаецца. Сьветлы вобраз непераможнага камандантэ, ягоная палітычная спадчына з намі назаўсёды. Заўжды да перамогі! Жыве Куба, жыве Фідэль!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG