Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў пра кубінскага дыктатара Фідэля Кастра


Фідэль Кастра, фота 2006 году

Фідэль Кастра, фота 2006 году

На 91-м годзе жыцьця памёр шматгадовы кіраўнік Кубы Фідэль Кастра. Народу пра сьмерць правадыра абвясьціў у тэлезвароце яго брат Рауль, які займае з 2008 году вышэйшую пасаду ў дзяржаве.

Пахаваньне Фідэля Кастра павінна адбыцца 4 сьнежня ў сталіцы краіны Гаване. У сувязі са сьмерцю Кастра на Кубе абʼяўленая 9-дзённая жалоба.

Фідэль Кастра нарадзіўся 13 жніўня 1926 году. Палітычным актывістам ён стаў у сярэдзіне 1940-х гадоў падчас вучобы ў Гаванскім унівэрсытэце. У 1953 годзе ён прыняў удзел у спробе зьвяржэньня кубінскага дыктатара Фульхенсіё Батысты, аднак быў арыштаваны і прысуджаны да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня. У 1955 году Кастра выйшаў на волю паводле амністыі і зьехаў у Мэксыку. У лістападзе 1956 году Кастра вярнуўся на Кубу ў кампаніі Чэ Гевары, свайго брата Рауля і яшчэ 79 узброеных паплечнікаў і арганізаваў партызанскую вайну супраць кубінскіх уладаў. 1 студзеня 1959 году армія паўстанцаў увайшла ў Гавану, а дыктатар Батыста зьбег з краіны. На Кубе была ўведзеная аднапартыйная сыстэма, усялякае іншадумства душылася.

Фідэль Кастра (у цэнтры) побач з Камілё Сьенфуэгас і Эрнэста Чэ Гевара (зьлева) ў Гаване, 1959 год

Фідэль Кастра (у цэнтры) побач з Камілё Сьенфуэгас і Эрнэста Чэ Гевара (зьлева) ў Гаване, 1959 год

У адказ на нацыяналізацыю амэрыканскіх прадпрыемстваў на востраве ЗША абвясьцілі гандлёвае эмбарга супраць Кубы. У красавіку 1961 году ЗША паспрабавалі зьвергнуць камуністычны рэжым Кастра рукамі кубінскіх эмігрантаў, уцекачоў з выспы, аднак уварваньне ў заліве Сьвіней завяршылася поўным правалам. У 1962 годзе Кастра дазволіў савецкаму генсеку Мікіту Хрушчову разьмясьціць на Кубе савецкія ракеты, што паставіла сьвет на мяжу ядзернай вайны (Карыбскі крызіс).

Фідэль Кастра (зьлева) і Нікіта Хрушчоў падчас чатырохтыднёвага афіцыйнага візыту ў Маскву, травень 1963 году

Фідэль Кастра (зьлева) і Нікіта Хрушчоў падчас чатырохтыднёвага афіцыйнага візыту ў Маскву, травень 1963 году

Хоць афіцыйна Фідэль пакінуў усе дзяржаўныя і партыйныя пасады ў пэрыяд з 2008 па 2011 гады, перадаўшы паўнамоцтвы ў рукі свайму брату Раулю, якому сёньня 85 гадоў, ён да канца сваіх дзён заставаўся духоўным лідэрам так званай «кубінскай рэвалюцыі».

Свабода выбрала 7 найбольш цікавых фактаў пра Фідэля Кастра, у тым ліку зьвязаных зь Беларусьсю.

Наведаў Менск 44 гады таму

Фідэль Кастра наведаў Менск у ліпені 1972 году. Лідэр кубінскіх камуністаў пабываў на плошчы Перамогі, у доме 1 зьезда РСДРП, у Хатыні і на Кургане Славы. Яго суправаджаў Пётар Машэраў. Паводле сьцьвярджэньняў відавочцаў, візыт Фідэля Кастра выклікаў сярод менчукоў вялікі ажыятаж.

У 2005 годзе Аляксандар Лукашэнка падчас сваёй сустрэчы з амбасадарам Кубы ў Беларусі Фэліксам Карвальлё запрасіў Кастра наведаць Беларусь: «Калі ён (Фідэль Кастра) калі-небудзь будзе ў Эўропе і спалучыць свой прыезд зь візытам у Беларусь, дык мы з задавальненьнем прымем яго як самага блізкага і добрага чалавека». Між тым на той момант Фідэль Кастра ўжо моцна хварэў, таму ні да Беларусі, ні да Эўропы ў прынцыпе кубінскі лідэр так і не даехаў.

Узнагародзіў Лукашэнку

Фідэль Кастра падчас параду на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване, 1 траўня 2005 году

Фідэль Кастра падчас параду на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване, 1 траўня 2005 году

Фідэль Кастра і Аляксандар Лукашэнка сустракаліся ў 2000 годзе. Падчас візыту Лукашэнкі на Кубу паміж краінамі было падпісанае пагадненьне аб сяброўстве і супрацоўніцтве. Кастра тады назваў Беларусь найбольш сяброўскай з краінаў постсавецкай прасторы.

Фідэль Кастра ўзнагародзіў Лукашэнку ордэнам Хасэ Марці — лічыцца, што гэта адна з трох найвышэйшых узнагародаў Рэспублікі Куба. Падчас узнагароджаньня падкрэсьлівалася, што беларускі прэзыдэнт «адрозьніваецца цьвёрдай прынцыповасьцю, абаронай інтарэсаў свайго народа і сталымі намаганьнямі, накіраванымі на інтэграцыю і абʼяднаньне былых савецкіх рэспублік».

У верасьні 2006 году Лукашэнка зноў наведаў Кубу дзеля ўдзелу ў саміце Руху недалучэньня, але паводле стану здароўя Кастра ўжо ня мог сустрэцца са сваім беларускім калегам.

Аўтар крылатага выразу «Гісторыя мяне апраўдае»

Фідэль Кастра з групай таварышаў пасьля ўзброенай спробы штурму ваенных казармаў Манкада

Фідэль Кастра з групай таварышаў пасьля ўзброенай спробы штурму ваенных казармаў Манкада

26 ліпеня 1953 году пад кіраўніцтвам Фідэля Кастра была зробленая ўзброеная спроба штурму ваенных казармаў Манкада з мэтай захопу зброі для паўстаньня.

Напад скончыўся няўдачай, многія яго ўдзельнікі былі забітыя. Фідэля Кастра арыштавалі і судзілі. Судовы працэс Кастра выкарыстаў як трыбуну для палітычнага выступу: на заключным паседжаньні 16 кастрычніка ён выступіў з 5-гадзіннай прамовай, якая стала сусьветна вядомай. Яна ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Гісторыя мяне апраўдае» — сэнс яе ў тым, што кубінскія рэвалюцыянэры маюць поўнае права зьвергнуць дыктатарскі рэжым Батысты, які зьдзекуецца са свайго народа. «Асудзіце мяне! Гэта ня мае значэньня! Гісторыя мяне апраўдае!» — заявіў Кастра.

Гэтыя словы сталі легендарнымі для рэвалюцыянэраў усяго сьвету. Пасьля прыходу Фідэля Кастра да ўлады прамова была надрукаваная асобным выданьнем спачатку на гішпанскай, а потым і на многіх іншых мовах. У гэтым выступе Фідэль Кастра фактычна прадставіў сацыяльна-палітычную канцэпцыю сваёй рэвалюцыі, што паўплывала на рост яго папулярнасьці.

Трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса за самую доўгую прамову ў ААН

Фідэль Кастра выступае ў ААН (фота 1979 году)

Фідэль Кастра выступае ў ААН (фота 1979 году)

26 верасьня 1960 году на пасяджэньні ААН Фідэль Кастра сказаў самую доўгую за ўсю гісторыю арганізацыі прамову — працягласьцю ў 4 гадзіны і 29 хвілінаў. Гэты час спатрэбіўся Кастра, каб абгрунтаваць свой тэзіс: «Калі зьнікне філязофія рабаваньня, тады зьнікне і філязофія вайны».

З гэтай прамовай ён увайшоў у Кнігу рэкордаў Гінэса, хаця гэта была ня самая доўгая прамова падчас ягонай палітычнай кар’еры: паводле дадзеных СМІ, выступ Кастра на Трэцім зьезьдзе Кубінскай камуністычнай партыі ў 1986 годзе доўжыўся 7 гадзінаў 10 хвілінаў.

Рэпрэсаваў больш, чым Сталін і Гітлер

Фідэль Кастра, фота 1959 году

Фідэль Кастра, фота 1959 году

Паводле дадзеных дасьледчыкаў, Фідэль Кастра кінуў у турмы і канцэнтрацыйныя лягеры ў некалькі разоў больш палітычных вязьняў у працэнтных адносінах да колькасьці насельніцтва, чым Гітлер ці Сталін.

Лічыцца, што Куба мела найбольшую колькасьць палітычных зьняволеных і прысудаў па палітычных справах, калі-небудзь зарэгістраваных у Заходнім паўшарʼі. На адным з этапаў адначасова ў турмах па палітычных матывах знаходзіліся 100 000 чалавек з усіх слаёў грамадзтва, пры тым што пры кубінскіх дыктатарах да рэвалюцыі колькасьць палітвязьняў ніколі не перавышала 5 тысяч чалавек.

Згодна з выдадзенай у Гарвардзе «Чорнай кнігай камунізму», рэжымам Кастра было расстраляна за 14 000 чалавек ва ўзросьце ад 16 да 68 гадоў, уключаючы некалькіх жанчын, зь іх прынамсі адна была цяжарная. Паводле амэрыканскай арганізацыі «Freedom House», паўмільёна кубінцаў прайшлі праз сыстэму канцлягераў і камэры катаваньняў рэжыму Кастра. Больш за мільён чалавек былі вымушаныя эміграваць з Кубы.

Меў свой акаўнт у Твітэры

Фідэль Кастра меў свой афіцыйны акаўнт у Твітэры — ён зьявіўся ў 2010 годзе. Падпісантамі лідэра кубінскай рэвалюцыі былі амаль паўмільёна чалавек, за час існаваньня акаўнту было апублікавана 4 039 твітаў.

У асноўным на гэтым акаўнце рэтрансьлявалася пазыцыя Кастра адносна навінаў сусьветнай палітыкі.

На Кубе інтэрнэт знаходзіцца пад жорсткай цэнзурай, таму мікраблёг з цытатамі Кастра зьяўляўся найбуйнейшым рэсурсам, які прадстаўляў Кубу ў сусьветнай благасфэры. Праўда, акаўнт лідэра Кубы быў ня самым папулярным сярод палітыкаў Лацінскай Амэрыкі — у прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса, напрыклад, на момант сьмерці было 4,25 мільёна падпісантаў.

Сястра Фідэля Кастра — агент ЦРУ

Хуаніта Кастра

Хуаніта Кастра

Агульнавядома, што брат Фідэля Кастра Рауль заўсёды быў найбліжэйшым паплечнікам лідэра кубінскай рэвалюцыі і ў апошнія гады менавіта ён кіруе краінай. Менш вядома, што сястра Фідэля і Рауля Хуаніта Кастра знаходзілася ў апазыцыі камуністычнаму кіраўніцтву Кубы.

Хуаніта спачатку падтрымлівала братоў, але неўзабаве была расчараваная ў камуністычнай рэвалюцыі. Паводле ўласнага прызнаньня, з 1961 году яна супрацоўнічала з ЦРУ — дапамагала грамадзянам Кубы пакінуць востраў і выконвала іншыя даручэньні.

Кубу Хуаніта пакінула пад ціскам братоў у 1964 годзе. Яна спачатку пераехала ў Мэксыку, а потым у ЗША. З Фідэлем яна больш ніколі асабіста ня мела зносінаў. У 2009 годзе Хуаніта апублікавала аўтабіяграфію Fidel y Raul, mis hermanos. La historia secreta (Фідэль і Рауль, мае браты. Сакрэтная гісторыя).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG