Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Twitter пра Фідэля: «Ня толькі кепскае зьвязана зь Гітлерам»


Фідэль Кастра

Фідэль Кастра

Выказваньні лідэраў краінаў сьвету пра лідэра кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра пасьля ягонай сьмерці былі вельмі розныя.

Цяперашні прэзыдэнт ЗША Барак Абама казаў, што «гісторыя вынесе свой вырак»; пераможца на выбарах Дональд Трамп называў Кастра «жорсткім дыктатарам»; Уладзімір Пуцін назваў Кастра «выдатным дзяржаўным дзеячом», а Кубу ў ягоныя часы — «натхняльным прыкладам для шматлікіх краінаў»; Аляксандар Лукашэнка казаў, што «мы страцілі мысьляра, замены якому пакуль няма».

Ды найбольшую рэакцыю ў інтэрнэце выклікала выказваньне прэм’ер-міністра Канады Джастына Трудо. Той расхваліў Кастра як «выдатнага лідэра», які «служыў сваім людзям амаль паўстагодзьдзя», хоць і назваў яго «неадназначнай фігурай». Ён дадаў, што ягоны бацька ганарыўся сяброўствам з Кастра.

У Twitter ды іншых сацсетках людзі пачалі публікаваць падобныя выказваньні пад хэштэгам #TrudeauEulogies — «панегірыкі Трудо»:

«Мы смуткуем аб сьмерці Ўлада Цэпэша Дракула, які ўзначаліў ініцыятывы, што кранулі сэрцы мільёнаў»

«Усама бін Ладэн быў, вядома, неадназначнай фігурай, але ягоны ўнёсак у бясьпеку аэрапортаў ня мае сабе роўных»

«Але ж заганны Гітлер быў вэгетарыянцам, які любіў жывёлаў, зрабіў унёсак у мастацтва, быў гордым абаронцам Нямеччыны»

«Мао быў бліскучым рэвалюцыянэрам, які выратаваў мільёны ад працяглага голаду, эфэктыўна адаслаўшы іх у месцы масавых пахаваньняў»

«З ягонай інавацыйнай праграмай абнаўленьня гораду Пол Пот сьмела змагаўся з неадкладнай праблемай перанасяленьня»

«Не забудзем Джэка Трыбухарэза як вялікага дабрадзея, які працаваў не пакладаючы рук дзеля ліквідацыі прастытуцыі на вуліцах»

«Мы смуткуем аб страце Юды Іскарыёта. Памятаеце ягоныя амбіцыі і дзелавую хватку? Нішто не магло стаць на ягоным шляху, нават сябры»

«У глыбокім смутку і з падзякай мы шануем Саўрона, які імкнуўся стварыць больш уніфікаваны сьвет»

«А мне і прыдумляць нічога ня трэба», — піша карыстальнік і дае ранейшую цытату Трудо пра тое, што «забойствы тых, хто зьняславіў сям’ю, нельга называць барбарскімі».

Падобныя словы пра Гітлера гучалі ня жартам, а зусім сур’ёзна з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1995 годзе, падчас інтэрвію Handelsblatt:

«Гісторыя Нямеччыны — гэта зьлепак у нейкай ступені гісторыі Беларусі на пэўных этапах. У свой час Нямеччына была паднятая з руінаў дзякуючы вельмі жорсткай уладзе вядомым Адольфам Гітлерам. Ня ўсё толькі дрэннае было зьвязанае ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам. Нямецкі парадак фармаваўся стагодзьдзямі, пры Гітлеру гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшага пункту. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта: Гітлер сфармаваў магутную Нямеччыну дзякуючы моцнай прэзыдэнцкай уладзе. Нямеччына ўзьнялася дзякуючы моцнай уладзе, дзякуючы таму, што ўся нацыя здолела кансалідавацца і аб’яднацца вакол моцнага лідэра. Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт, ягоны аўтарытэт, ягоная вядучая роля — выходзяць на гэтым этапе на першае месца. Гэтаму вучыць нас нямецкая гісторыя».

Лукашэнка пазьней адмаўляўся ад тых словаў, хоць і не выбачаўся за іх. Трудо ж пазьней прызнаў, што Кастра быў дыктатарам. Але ня выбачыўся, што зусім не ўласьціва канадцам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG