Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі чарговы расстрэл: выкананы прысуд Івану Куляшу


Як паведаміў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда, прыведзены ў выкананьне сьмяротны прысуд у дачыненьні да жыхара Лідзкага раёну Івана Куляша.

Пра гэта праваабаронцу стала вядома ад сваякоў расстралянага, паведамляе «Вясна».

Меркаваная дата прывядзеньня сьмяротнага прысуду ў выкананьне — 5 лістапада. Дакладная дата будзе вядомая, калі сваякі атрымаюць пасьведчаньне аб сьмерці.

20 лістапада 2015 году Гарадзенскі абласны суд пад старшынствам судзьдзі Анатоля Зайца вынес сьмяротны прысуд Івану Куляшу.

Кулеш быў прызнаны вінаватым у трох забойствах, крадзяжы, рабунку і спробе яшчэ аднаго забойства. Зьмякчальнымі акалічнасьцямі суд палічыў тое, што ў Івана Куляша ёсьць малалетняе дзіця, а таксама яго асабістае прызнаньне ва ўчыненьні злачынстваў і яўку з павіннай. Да абцяжвальных акалічнасьцяў аднесьлі п’яны стан Куляша ў час злачынстваў і яго ранейшыя злачынствы. Нестыкоўкі паміж паказаньнямі падсуднага і матэрыяламі сьледзтва патлумачылі тым, што ў момант зьдзяйсьненьня злачынства Кулеш быў п’яны і злачынствы адбыліся досыць даўно. Шмат пытаньняў па гэтай справе застаецца і ў журналістаў.

Калі ў апэляцыйным парадку калегія Вярхоўнага суду разглядала 29 сакавіка 2016 году скаргу Івана Куляша, той казаў, што цалкам згодны з вынесеным яму прысудам, бо пазбавіў чалавека жыцьця. Прашэньня аб памілаваньні на імя Лукашэнкі асуджаны не падаваў.

28-гадовы Іван Кулеш — выхаванец дзіцячага дому, скончыў 9 клясаў, жыў безь сям’і. У 18 год быў асуджаны першы раз за крадзеж. У 2014 годзе яго абвінавачвалі ў фальшывым даносе і крадзяжы. Іван Кулеш афіцыйна нідзе не працаваў. Зарабляў зьбіраньнем грыбоў і ягад ды іншымі часовымі падзаработкамі. Жыў у вёсцы Сялец Лідзкага раёну, хоць прапісаны быў у Баранавіцкім.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG