Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асудзіў чарговае вынясеньне сьмяротнага прысуду ў Беларусі


Мая Каціянчыч (Maja Kocijančič)
Мая Каціянчыч (Maja Kocijančič)

З асуджэньнем выступіла 20 траўня прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Эўразьвязу Мая Каціянчыч.

Паводле Маі Каціянчыч, рост сьмяротных прысудаў у Беларусі супярэчыць ранейшым заявам кіраўніцтва краіны пра гатоўнасьць супрацоўнічаць зь міжнароднай супольнасьцю ў пытаньнях адмены сьмяротнага пакараньня. Пры гэтым, паводле прэс-сакратара, Эўразьвяз па-ранейшаму чакае, што «Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая па-ранейшаму ўжывае вышэйшую меру пакараньня, — далучыцца да глябальнага мараторыя на сьмяротную кару ў якасьці першага кроку да яе адмены».

19 траўня Гомельскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд жыхару Гомеля Сяргею Вострыкаву, прызнанаму вінаватым у згвалтаваньні і забойстве дзьвюх жанчын. Прысуд Вострыкаву стаў трэцім сьмяротным прысудам у Беларусі з пачатку 2016 году. Акрамя яго, да пакараньня сьмерцю ў Беларусі сёлета былі асуджаныя Сяргей Хмялеўскі і Генадзь Якавіцкі. Усяго ў Беларусі цяпер чатыры чалавекі чакаюць сьмяротнага пакараньня. Таксама сярод іх Іван Кулеш, якога асудзілі ў 2015 годзе.

Яшчэ нядаўна Іван Кулеш сядзеў у адной камэры сьмяротнікаў разам з жыхаром Гомеля Сяргеем Івановым. Днямі стала вядома, што ў ноч на 18 красавіка Сяргей Іваноў быў пакараны сьмерцю.

Хто наступны?

Вярхоўны суд Беларусі сёлета тройчы разглядаў апэляцыйныя скаргі на сьмяротныя прысуды, але ўсе пакінуў бязь зьменаў. Гэтак, у сакавіку Вярхоўны суд пакінуў у сіле сьмяротны прысуд жыхару Лідзкага раёну Івану Кулешу. У красавіку гэтак жа была адхіленая скарга жыхара Вілейкі Генадзя Якавіцкага, а ў траўні быў пацьверджаны сьмяротны прысуд жыхару Менскага раёну Сяргею Хмялеўскаму. Цяпер ім засталося спадзявацца толькі на памілаваньне Аляксандра Лукашэнкі. Між тым вядома, што з 1994 году, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён памілаваў толькі аднаго з больш як 300 асуджаных на сьмерць.

У сакавіку ў Менску пад эгідай Эўразьвязу прайшла міжнародная канфэрэнцыя па пытаньнях адмены сьмяротнага пакараньня, на якой, сярод іншых, выступалі высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі. Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супроць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда кажа, што пакуль спадзяваньні беларускай і эўрапейскай грамадзкасьці на зьмякчэньне пазыцыі Беларусі адносна сьмяротнага пакараньня ня спраўджваюцца.

«Канвэер гэтай сьмерці працягвае свой шлях, не зьвяртаючы ўвагі ні на рыторыку нашых чыноўнікаў — прадстаўнікоў дзяржавы, ні на канфэрэнцыі, якія ладзяцца зь міжнароднымі экспэртамі. Ён проста ідзе далей і робіць сваю крывавую справу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG