Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зноў заклікаў Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне


Эўрапейскі Зьвяз чакае, што Беларусь далучыцца да глябальнага мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта сказана ў заяве прэс-сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Маі Качыянчыч, апублікаванай на афіцыйным сайце службы.

Заява распаўсюджана ў сувязі з выкананьнем у Беларусі сьмяротнага прысуду адносна Сяргея Іванова (жорсткае забойства чалавека), а таксама рашэньнем Вярхоўнага суду пакінуць у сіле сьмяротны прысуд Сяргею Хмялеўскаму (забойства трох чалавека). Пра абодва факты стала вядома 6 траўня.

«Нягледзячы на шматлікія заклікі, зробленыя Эўрапейскім Зьвязам, у Беларусі ажыцьцёўлена новае выкананьне сьмяротнага прысуду. Выпадак Сяргея Іванова, які быў прыгавораны да сьмерці Вярхоўным судом Беларусі ў сакавіку 2015 году, выклікае асаблівую занепакоенасьць у сьвятле таго факту, што яго скарга знаходзілася на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека», — адзначаецца ў заяве.

Падкрэсьліваецца, што ЭЗ выступае супраць сьмяротнага пакараньня, якое ня ў стане стрымліваць злачыннасьць і ўяўляе сабой «непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці і недатыкальнасьці».

З падобнай да гэтай заявай выступіў таксама генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд.

Як піша БелаПАН, Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе да гэтага часу прымяняецца сьмяротнае пакараньне. З моманту здабыцьця краінай незалежнасьці да расстрэлу былi прыгавораны больш за 400 чалавек, Аляксандр Лукашэнка памілаваў зь іх ліку толькі аднаго асуджанага. Пасьля вынясеньня кожнага сьмяротнага прысуду Рада Эўропы, Эўразьвяз і праваабарончыя арганізацыі традыцыйна заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад прымяненьня сьмяротнага пакараньня і абвясьціць на яго мараторый.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, пакараньня зараз таксама чакаюць Іван Кулеш (жорсткае забойства трох чалавек) і Генадзь Якавіцкі (жорсткае забойства аднаго чалавека). Прысуды аб выключнай меры пакараньня ў дачыненьні да іх набылі моц.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG