Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа рымскі: Сьмяротнае пакараньне спрыяе не справядлівасьці, а помсьце


Сьмяротнае пакараньне супярэчыць Божаму пляну і спрыяе не справядлівасьці, а помсьце, заявіў папа рымскі Францішак у сваім відэазвароце да ўдзельнікаў шостага Сусьветнага кангрэсу супраць сьмяротнага пакараньня, які пачаў працу ў Осла 21 чэрвеня.

«Запаведзь „Не забі“ мае абсалютнае значэньне і адносіцца як да невінаватых, так і да вінаватых», — падкрэсьліў пантыфік.

На кангрэс прыехала больш за 1,5 тысячы ўдзельнікаў больш як з 90 краін: палітыкі, грамадзкія актывісты, праваабаронцы, юрысты, сваякі асуджаных на сьмерць, а таксама тыя, хто былі прысуджаныя да выключнай меры, але пазьней памілаваныя або рэабілітаваныя. У форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

З прывітальным словам на кангрэсе выступіў міністар замежных спраў Нарвэгіі Бёрге Брэндэ. На яго думку, да барацьбы з гэтай праблемай павінны далучыцца ўсе цывілізаваныя краіны. «Ніводная судовая сыстэма не ідэальная, — заявіў палітык. — Кожны раз, выносячы сьмяротны вэрдыкт, мы рызыкуем, бо прыгавораны можа быць і невінаватым. Найлепшы спосаб пазьбегнуць памылкі — адмяніць пакараньне сьмерцю».

Спэцпрадстаўнік ЭЗ па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс у сваёй прывітальнай прамове падкрэсьліў, што сьмяротнае пакараньне не зьяўляецца культурнай ці палітычнай асаблівасьцю асобнай краіны. «Паглядзіце, забіваюць у ЗША і Іране, — нагадаў ён. — Прадстаўнікі краін, дзе сьмяротнае пакараньне ўсё яшчэ выкарыстоўваецца, пытаюцца: „А чаму мы павінны яго адмяняць?“ На самай справе пытаньне павінна гучаць інакш: „Чаму вы да гэтага часу яго прымяняеце?“ Час зьмяніўся».

У 140 краінах сьмяротнае пакараньне адмененае заканадаўствам або на практыцы. Разам з тым, паводле зьвестак міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у 2015 годзе было пакарана як мінімум 1.634 чалавекі ў 25 краінах.

На першым месцы па колькасьці асуджаных на сьмерць знаходзіцца Кітай. Далей ідуць Іран, Пакістан і Саудаўская Аравія.

Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу прымяняецца сьмяротнае пакараньне. З часу атрыманьня незалежнасьці да выключнай меры пакараньня былі прыгавораныя больш за 400 чалавек. Пасьля таго як рашэньне суда набывае моц, асуджаны мае права зьвярнуцца з прашэньнем аб памілаваньні на імя прэзыдэнта. Аднак вядомы толькі адзін выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмерць, нагадвае БелаПАН.

Згодна са зьвесткамі кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня», на гэты момант у «калідоры сьмерці» у СІЗА № 1 МУС знаходзяцца тры чалавекі: Іван Кулеш (прызнаны вінаватым у забойстве трох чалавек), Генадзь Якавіцкі (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі), Сяргей Хмялеўскі (прызнаны вінаватым у забойстве трох чалавек). Сёлета быў расстраляны жыхар Рэчыцы Сяргей Іваноў, якога суд прызнаў вінаватым у жорсткім забойстве дзяўчыны.

XS
SM
MD
LG