Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вынесены другі за год сьмяротны прысуд


Гарадзенскі абласны суд прысудзіў да вышэйшай меры пакараньня (расстрэлу) жыхара Лідзкага раёну Івана Куляша, які прызнаны вінаватым у забойстве трох чалавек. Іван Кулеш ад апошняга слова адмовіўся, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Івану Куляшу 28 год. Ён выхоўваўся ў дзіцячым доме, скончыў 9 клясаў, нідзе не працаваў, зарабляў на жыцьцё, зьбіраючы грыбы, ягады, выконваў выпадковыя працы. Раней двойчы быў судзімы за крадзеж. Злачынствы, у якіх суд прызнаў вінаватым Івана Куляша, ён зьдзейсьніў у 2013 годзе — забіў сякерай трох гандлярак сельскіх крамаў.

Гэта другі за год сьмяротны прысуд, які вынесены ў Беларусі. У сакавіку Гомельскі абласны суд асудзіў на сьмерць жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова за згвалтаваньне і забойства дзяўчыны. Прысуд пакуль не прыведзены ў выкананьне.

Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе сьмяротныя пакараньні прадугледжаныя законам і рэгулярна выконваюцца. Паводле праваабаронцаў, з 1995 году ў Беларусі пакарана сьмерцю больш за 300 чалавек. Толькі адзін з асуджаных на сьмерць быў памілаваны прэзыдэнтам, які мае на гэта права паводле Канстытуцыі. Беларуская апазыцыя і праваабаронцы дамагаюцца адмены сьмяротнага пакараньня, да гэтага заклікае беларускія ўлады і Эўразьвяз. Беларускае кіраўніцтва не ідзе на саступкі, матывуючы сваю пазыцыю вынікамі рэфэрэндуму 1996 году.

XS
SM
MD
LG