Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарочыца Дэвора, народны дэпутат


Ілюстрацыя да Кнігі Судзьдзяў. Гюстаў Дорэ

Ілюстрацыя да Кнігі Судзьдзяў. Гюстаў Дорэ

1. Бібліятэрапія для беларускіх выбараў

Вой, ну, канечне, гэта кагнітыўны дысананс! Дэмакратычна выбранага парлямэнту дваццаць гадоў як не было, так і не паўстала, а дэпутаты-дэмакраты (ды яшчэ, нібыта дэмакратычным шляхам абраныя), дзівіся — ёсьць.

Каб змагчы гэты дысананс, можна, натуральна, ухіліцца ў грэх кансьпіралёгіі, абвінаваціўшы ўсю лібэральную зборню ў татальным запрадажніцтве. Або паспрабаваць прыкрыцца эўрапейскім досьведам, які перш-лепш прыгадае ангельскую гісторыю, дзе галоўная інтрыга палягала ў тым, які выбрык у дачыненьні да манархіі выкіне парлямэнт (і які галавакрутны захад зробіць у адказ сувэрэн). Аднак дазвольце сёньня прыкласьці да беларускіх электаральных ран бібліятэрапію, своеасаблівы гатунак інтэлектуальнага аўтатрэнінгу, чыю асноўную мантру сфармуляваў яшчэ меркаваны аўтар Кнігі Эклезіяста, цар Салямон:

"Што было, тое і будзе; што рабілася, тое і рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма. Бывае такое, пра што людзі кажуць: "Дзівіся, вось гэта новае"; але яно ўжо было спрадвеку, да нас." (Экл. 1:9, 10, пераклад Васіля Сёмухі).

Адгарнуўшы біблійную Кнігу Судзьдзяў, можна пабачыць, што ў гісторыі чалавецтва ўжо быў момант, калі на першы плян выйшлі парлямэнтарыі, якія дзейнічалі без парлямэнту.

2. «У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі»

Першыя народныя абраньнікі ў гісторыі чалавецтва зьявіліся пасьля ўварваньня габрэйскага народу ў абяцаную зямлю. Мэты, пастаўленыя вялікімі стырнавымі, Майсеем і Ісусам Навінам, дасягнутыя. Народ выведзены з эгіпэцкай няволі і шчасьліва прыведзены на ханаанскае прывольле. Але для каго забраны край, а для каго — родныя палястыны. Выбухае процістаяньне з ханаанцамі, народамі, якія засялілі зямлю ў адсутнасьць сыноў Ізраілю. Сярод ханаанцаў самыя шматлікія — філістымляне.

Перавага на баку ханаанскіх народаў. Яны захавалі за сабой большасьць гарадоў; габрэі ж атабарыліся ў палях і пячорах. Па-другое, ханаанцы маюць перавагу ў ваенных тэхналёгіях: валодаюць тагачаснымі танкамі, калясьніцамі, і сакрэтам апрацоўкі жалеза.

Габрэйскі народ, цяпер ня злучаны адзінай мэтай і сутыкнуўшыся з працяглым супрацьстаяньнем, раскалоўся на калены і кланы, якія дзейнічаюць хутчэй як вайсковыя хаўрусьнікі, чым як адзінае войска. Улада разгрупаваная. Дзеля каардынацыі дзеяньняў паміж каленамі і пакліканы судзьдзі, якіх адначасова магло быць некалькі.

Абіраліся судзьдзі заўжды на пэўны тэрмін — падчас крызісу, заступаючы на своеасаблівую дэпутацкую сэсію. Па заканчэньні крызісу судзьдзяў распускаюць па дамах.

Судзьдзі не займаюцца заканатворчасьцю. Народ ужо атрымаў Майсееву канстытуцыю на гары Сінай — дух і літару закону сьвятарская каста трымае на жэстачайшым кантролі. Сьвецкім судзьдзям застаецца кіраваньне і каардынацыя дзеяньняў агульным войскам, а таксама разьвязваньне цяжбаў паміж людзьмі або каленамі.

Біблія замоўчвае, як дакладна абраны народ абіраў сваіх дэпутатаў, але вядома, што судзьдзі вылучаліся з асяродзьдзя кланавых павадыроў, падтрымліваліся арыстакратыяй і абавязкова зацьвярджаліся Валадаром Валадароў праз сваіх моўцаў на зямлі.

Як старазапаветныя дэпутаты заваёўвалі прыхільнасьць Ягвэ і трымалі галасы выбарнікаў? Бадай, самыя вядомыя судзьдзі — зарочнік Самсон і прарочыца Дэвора — прапануюць дзьве адрозныя стратэгіі, нават інструкцыі, як паводзіцца дэпутату ў адсутнасьць парлямэнту.

Самсон. Ілюстрацыя са Скарынаўскай Бібліі

Самсон. Ілюстрацыя са Скарынаўскай Бібліі

3. Судзьдзя Самсон

Судзьдзя Самсон — бунтар, пазасыстэмны герой. Сваволіць, парушае правілы палітычнага змаганьня. Не ўступае ў кланавыя хаўрусы. Выпраўляецца куды лічыць належным — нават завітвае па прыватных справах у філістымскія гарады. Выглядае як лічыць належным — напрыклад, трымаецца зароку ніколі ня стрыгчыся.

Для Самсона ўсе выклікі — пэрсанальныя, нават вайна. Калі яму не дазволілі ажаніцца з пэўнай жанчынай, разгортвае цэлую ваенную кампанію аргумэнтам «Як яны са мной зрабілі, так і я зрабіў зь імі» (Судз. 15:11), то бок, «Мама, яны першыя пачалі!» Самсон атрымаў свой мандат пры дапамозе асьлюковай сківіцы, якой забіў у бойцы тысячу ворагаў. Чалавек дзікага нораву — уласнаруч задраў ільва і завязаў разам хвасты трыццаці лісам (ён — яўна не прадстаўнік партыі зялёных!) Вонкавых прыстойнасьцяў не трымаецца — насуперак усім законам і табу абірае сабе жонак і каханак сярод іншаземак (так, ён — вораг філістымлянаў, але ж не філістымлянак).

Гэтая непасрэднасьць, спантаннасьць і некіраванасьць шмат каму не даспадобы, а тлумачы нават пагаворваюць, што і Вярхоўны не ў захапленьні. Але ўражвае эфэктыўнасьць Самсона ў вайсковых апэрацыях — і яго трымаюць судзьдзём цэлых дваццаць гадоў.

Дэвора пад пальмай. Ілюстрацыя Джэймса Цісо

Дэвора пад пальмай. Ілюстрацыя Джэймса Цісо

4. Судзьдзя Дэвора

Прарочыца Дэвора — поўная процілегласьць Самсону. Яна — функцыянэрка, добра абазнаная ў законах вялікай палітыкі. Бо што робіць дасьведчаны палітык, калі перад ягонай краінай узьнікае сьмяротная небясьпека? Вядома, бярэ ўвесь цяжар адказнасьці і ўзвальвае яго на плечы калегаў па партыі! Калі на габрэяў ідзе ханаанскі военачальнік Сісора, Дэвора, выклікаўшы да сябе пад выславёную пальму калегу, судзьдзю Барака, загадае апошняму імем Госпада аднаасобна ўзначаліць войска. Загадваць ад свайго імя не насьмельваецца, бо Барак роўны ёй паводле званьня.

Але судзьдзя Барак таксама ня пальцам роблены. Паміж ім і судзьдзёй Дэворай адбываецца моўны двубой, — можа быць, першая занатаваная звадка аднапартыйцаў. Мова Бібліі абрывістая, поўная пякучых недагаворанасьцяў, але нават праз тысячагодзьдзі ў паўзах паміж словаў да нас далятае засяроджанае сапеньне і павойкваньне — гэта Дэвора і Барак перакідваюцца службовым абавязкам, не раўнуючы, гарачай бульбінай:

«Барак сказаў ёй: калі ты пойдзеш са мною, пайду, а калі ня пойдзеш са мною, не пайду. Яна сказала: пайсьці пайду з табою, толькі не табе ўжо будзе слава на шляху гэтым, куды ты ідзеш, а ў рукі жанчыне аддасьць Госпад Сісору». (Судз. 3:9)

У апошняй фразе Дэвора прадбачліва намякае, што ў спрэс мужчынскім сьвеце жанчына на чале войска-пераможцы — падзея неардынарная, заўважная, і плады перамогі дастануцца хутчэй за ўсё ёй.

Так і сталася. Барак, можа, і стаяў на чале войска, і першы ўварваўся ў варожы горад ды ўбачыў труп Сісоры, але ў вяках будуць памятаць Дэвору і яе слаўную перамогу. Судзьдзя ж Барак застаецца паўзабытым дэпутатам ад партыі «Адзіны Ізраіль».

А можа гэта і не прадказаньне было, а цьвярозы разьлік, і Дэвора перагуляла б Барака пры любым раскладзе? Бо калі б сталася параза, дык хто ў патрыярхальным грамадзтве стаў бы вініць у ваенным правале жанчыну?

5. «Я Госпаду сьпяваю, я граю Богу...»

Увесь пяты разьдзел кнігі Судзьдзяў — ваяўнічы гімн, укладзены Дэворай з нагоды перамогі над ханаанцамі. Гэта панарамная кінакарціна з гарой варожых трупаў і зіхценьнем дасьпехаў пераможніцы. Гімн, расквечаны ўсімі фарбамі ўсходняга славаслоўя, можа падасца сэрэнадай самазакаханага паўліна, ці дакладней, самазакаханай павы. Аднак гэта на першы пагляд. Пакрысе ў маляўнічых арабэсках угадваецца пісьменна складзеная праграма. Зь цягам песьні Дэвора не забываецца адвесіць лёстак свайму паплечніку Бараку (мімаходны рэвэранс у бок кіроўнай партыі), потым выславіць вычын кенэянкі Яіль, якая малатком і калком ад намёта адважна забіла военачальніка Сісору (Увага! Жаночыя галасы). Заканчвае Дэвора абавязковым хваласьпевам на адрас Ягвэ, падкрэсьліўшы сваю асабістую ляяльнасьць да Ягонай вярхоўнай волі. Карацей кажучы, гэтая праклямацыя можа азначаць толькі адно: прарочыца Дэвора зазьбіралася на другі тэрмін.

Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

XS
SM
MD
LG