Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі

1. Каб ты плаціў 100% «камуналкі»!

Сацыяльнае жытло на вуліцы Эдэмскай найбольш нагадвала ўтульны катэджык у прыватным сэктары. Сьцены з шчыльнага шэрагу дрэваў, яны ж — раскошны пладовы сад. У аздобе інтэр’еру зіхціць крышталь і камень онікс. Ужо падведзеныя камунікацыі — «з Эдэму выплывала рака на арашэньне раю» (Быцьцё 2:10). Цэнтральнае ацяпленьне таксама не падкачала — Адам Бацькавіч і Ева Адамаўна круглы год гойсаюць па райскіх дзялках абсалютна голыя. Больш за тое — на запаветных сотках дзейнічае ня толькі круглагадовае ацяпленьне, а і кругласуткавае кандыцыянаваньне. Біблія паведамляе, што нават сам Творца раз-пораз цешыўся выгодамі цывілізацыі: «... Які хадзіў па раі ў часe дзённай прахалоды» (Быцьцё 3:8). Хто ведае, што такое субтрапічныя краіны, пацьвердзіць — ніякай дзённай прахалоды там і знаку няма, палёгка наступае толькі позна вечарам (калі ўвогуле наступае), таму почасту адзіны паратунак — магутны кандыцыянэр. Праўда, насьцярожвае адсутнасьць даху над галавой. Але гэтая, здавалася б, нявыкрутка, кампэнсуецца інавацыйнай будаўнічай тэхналёгіяй, нябесным ноў-хаў — Эль-Шадай. Вялікі Брамнік проста адмяніў ападкі. І наастачу Адаму дазваляецца прапісаць на жылплошчы яшчэ аднаго чалавека. Адным словам, рай.

Колькі ж адказны кватэранаймальнік плаціць за гэтыя выгоды? У эдэмскай жыроўцы, якой ёсьць фактычна ўвесь другі разьдзел Кнігі Быцьця, над усімі графамі выдаткаў лунае нябачнае паведамленьне, што сто адсоткаў жыльлёва-камунальных паслуг пакрывае нябеснае валадарства. Калі ж казаць больш прадметна, дык за свае даброты Госпад патрабуе ў першых людзей толькі аднаго — ня лезьці ў палітыку:

«І наказаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці, а з дрэва спазнаньня дабра і зла ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш.» (Быцьцё 2:16).

За прыемнасьць мець «усё ўключана» за людзей хочуць вызначаць маральныя нормы і пісаць законы (а пагатоў уводзіць забароны).

Далей на далей, ва ўсёй гэтай сыстэме жыльлёва-грамадзкіх узаемінаў зьяўляецца трэці бок — спакусьлівая апазыцыя ў асобе Зьмея. Зьмей таксама прэтэндуе ўладарыць над думкамі і душамі людзей, а таму няблага разумее схаваныя памкненьні і палітычныя манэўры свайго нябеснага апанэнта. Усёмагутны яўна блефаваў, калі сказаў Адаму, што скаштаваўшы з дрэва, той імгненна памрэ. Палітык Зьмей ведае, што грамадзе без кіраўніка яшчэ сяк-так магчыма, але ж кіраўніку без грамады — аніяк. Не ў інтарэсах Пана Бога зьвесьці Адамава племя пад корань — трэба ж над кімсьці панаваць.

Увогуле кажучы, палітычная праграма, прапанаваная Зьмеем людзям — поўная супрацьлегласьць тэакратыі. Ён прапануе Адаму і Еве ўладу народу і роўнасьць: «...і адамкнуцца вочы вашы, і вы будзеце як багі, якія ведаюць дабро і зло» (Быцьцё 3:5). Колькі працэнтаў камуналкі будуць плаціць новасьпечаныя багі пры новай уладзе — на гэты конт Зьмей прадбачліва маўчыць.

І што ж маем? Госпад расцэньвае яблычны бунт Адама і Евы як спробу разгайдаць падмуркі свайго валадарства. Але ж крымінальнай справы па «несанкцыянаваным каштаваньні забароненых пладоў у публічных месцах» не распачынае. Зьмей меў рацыю — людзі патрэбныя на свабодзе.

Тут вагар Божага ўплыву на натурыстае насельніцтва не крымінальны, а адміністратыўны. Акрамя праклёнаў адносна вайны полаў і родаў у пакутах угневаны Госпад выганяе маладую сям’ю з сацыяльнага жытла ў неабжыты, поўны калючкавых і васільковых палёў, мікрараён «Захад» (у процівагу ад Эдэму, які лічыцца «на ўсходзе»). У гэтым мікрараёне камунальны камунізм. Калі добра прыслухацца, дык у грозьбе на адрас Адама «Праклятая празь цябе зямля!» выразна чуецца «Будзеш плаціць за свой мэтраж сто адсоткаў „камуналкі“!»

Цікава, што ад Эдэмгейту найменш пацярпеў прафэсійны палітык Зьмей. Бог асудзіў яго да скону глытаць пыл і перасоўвацца на пузе. Але хіба ў райскім садзе Зьмей рабіў нешта іншае?

2. Кантракт

Менавіта пасьля выгнаньня людзей з раю Госпад сасьпявае да ідэі кантракту з чалавецтвам. Ён пераканаўся, што кіраваньне паводле прынцыпу «спуск загадаў зьверху» — як мінімум неэфэктыўнае. А Ён — не дагматык. Тэрмінова выпрацоўваюцца больш гнуткія дамоўленасьці.

Іўрыцкае «брыт» перакладаецца на беларускую словам высокага штылю «запавет». Але сутнасьць адносін Бога зь людзьмі лепей тлумачыцца больш прыземленымі «дамова» і «кантракт». Ад «запавету» вее безагляднай аднабаковасьцю, маўляў, Ён запаветуе, а людзі паслухмяна выконваюць. Тады як у рэчаіснасьці, як трапна заўважыў Зьмей, Валадар Валадароў таксама залежыць ад сваіх падданых.

Так, да людзей патрабаваньняў шмат: ня лезьці ў заканатворчасьць, выконваць сьвецкія і маральныя ўстаноўкі, прысьвячаць час багаслужбе і слухаць праз прарокаў новыя загады. Але вось у чым навіна — ва Ўсенароднаабранага перад абраным народам таксама ёсьць абавязкі! Іх ужо нельга абмінуць увагай. У доўгім пераліку загадаў і інструкцый, якімі Бог забясьпечыў Майсея на гары Сінай, не-не дый праступаюць гэтыя абавязкі. Сярод шматстаронкавага пераліку законаў і ўказаў натрапляем на такую прысягу перад народам:

«Пашлю перад табой шаршнёў, і яны прагоняць ад твару твайго Эвэяў, Хананэяў і Хэтэяў, не праганю іх ад твару твайго за адзін год...» (Выхад 23:28).

Досыць кропкавае такое абяцаньне, і тэрміны рэалістычныя — «не за адзін год»... Так і рупіць дапісаць іншыя пункты перадвыбарчай праграмы — спыніць дэвальвацыю і не павышаць пэнсійны ўзрост.

Хай слупы агню, гук трубны, вясёлка ў небе, а таксама ўласнаручны подпіс, выгравіраваны пальцам Божым на камянях, ня ўводзяць у зман. На скрыжалях Запавету, як у звычайным кантракце, улічаныя інтарэсы двух бакоў. А парушэньне дамовы цягне за сабою кары ня толькі для людзей — нават для Сутнага выпрацаваная сыстэма стрымліваньняў і процівагаў. Напрыклад, народ Ізраілю можа па вялікім рахунку перадумаць і абраць сабе якога іншага бога.

Якія ж асноўныя абавязкі ў Ягвэ? Той яшчэ клопат у галаве! Ён мусіць і падвышаць дабрабыт насельніцтва, і перадаць у карыстаньне Зямлю Ханаанскую, і бараніць ад больш магутных суседніх дзяржаў... Трохі пазьней, празь дзьве тысячы з хвосьцікам гадоў, да гэтага сьпісу ўрачыста далучыцца клятва не паўтараць патопу.

Добра, кантракт падпісаны. З аднаго боку, людзі ёсьць людзі. Часам яны выконваюць, але калі рэчаіснасьць асабліва дапякае, стараюцца абмінуць умовы кантракту, ухіліцца ад выкананьня. Робяць сабе залатое цяля, прысабечваюць ахвярапрынашэньні, ну і дробязі — крадуць, прагнуць жонку блізкага свайго. Прыгадаем хітруноў кшталту прарока Ёны, які хаваецца ад Вярхоўнага Вока на караблях далёкага плаваньня.

З другога боку, Бог ёсьць Бог. Ён таксама збольшага выконвае кантракт, але часам — нэрвуецца і сваволіць. Яму не па чыне займацца такой драбязой як ухіленьні і перакручваньні. Ён папросту перапісвае ўмовы. Тут прыгадаем зацюканага Абрагама, якому сказалі прынесьці ў ахвяру сына Ісаака, і чыё сэрца разьдзіраецца паміж бацькоўскай любоўю і любоўю да Госпада. Потым урэшце Абрагаму літасьціва паведамляецца, што дзеля ахвяры Ўсявышняму можна абысьціся бараном. А яшчэ пазьней у Бібліі высьвятляецца, што і быдла для ахвяры паліць ня трэба, дастаткова набажэнстваў і дыму пахошчаў.

Такім чынам кантрактная сыстэма, мяняючыся і перапісваючыся, перажывае тысячагодзьдзі, пакуль не падыходзіць новая дамова, змацаваная крывёю і пячаткай з крыжам.

Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG