Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі дысыдэнты былі прэзыдэнтамі


Юліюс Шнор фон Каральсфэльд, «Саўл дзярэ крысьсё вопраткі Самуіла».

Юліюс Шнор фон Каральсфэльд, «Саўл дзярэ крысьсё вопраткі Самуіла».



Пралёг

...Тое былі дзіўныя выбары. Падчас выбарчай кампаніі, пакінуўшы двух сыноў «на гаспадарцы», кіраўнік краіны выправіўся ў турнэ па правінцыі. Аб дэмакратыі ў дзяржаве не вялося ня тое што гаворкі, а нават ня чулася ані найменшага зыку. Таму імітаваць свабоднае волевыяўленьня ці ўдаваць усенародную падтрымку патрэбы не было ніякае. Краіна стаілася, бы мыш пад венікам. Выбарнік значыўся ўсяго толькі адзін, і ўсе выдатна ведалі ягонае імя. Якіх іншых прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду не назіралася.

Дык каго ж тады абіраў кіраўнік краіны? Наступніка? Каманду? Ды, быццам, не. Хай сабе немалады чалавек, але поўны сіл ды імпэту, кіраўнік нікуды сыходзіць не зьбіраўся. Пагатоў пад крылейкам гадуюцца прыгаданыя вышэй сыны-спадкаемцы.

Дык што тады, хай яго няхай кіраўніка гэтага, адбываецца?!

Адказ, пэўна, заблытае яшчэ больш, чым пытаньне.

Падчас тых дзіўных выбараў кіраўнік краіны выбіраў сабе законнага канкурэнта. Вярхоўны сьвятар, прарок Гасподні Самуіл шукаў для Ізраіля будучага цара.

1. «Не было цара ў Ізраілі»

«Прарок Гасподні» — гэты перафраз не ганаровае званьне. У даманархічным Ізраілі «прарок Гасподні» — абсалютна акрэсьленая назва пасады кіраўніка тэакратычнай дзяржавы, старшыні касты, вярхоўнага начальніка сьвятароў. У тыя часы ўлада грунтавалася на духоўным аўтарытэце, але мешаніна ідэалягічнага з дынастычным (ну, як тут не прыгадаць паўночнакарэйскія ідэі «чучхэ» ці клан Кастра на Кубе!) прывяла да таго, што сыны прарока Самуіла меліся ўспадкаваць бацькаву пасаду. Так, як было у часы Майсея, які з аднаго боку набыў неверагодны духоўны аўтарытэт, але з другога боку нікога не бянтэжыла, (уключаючы яго самога), што наступнікам маецца стаць родны брат Аарон (і так бы, пэўна, здарылася, калі б Аарон не загінуў у пустэльні).

Тут варта зрабіць заўвагу, што ў адрозьненьне ад Аарона, двое сыноў Самуіла, апынуўшыся на высокіх пасадах, аўтарытэту не здабылі. Яны — скарумпаваныя:

«Але сыны яго не хадзілі шляхамі ягонымі, а ўхіляліся ў карысьлівасьць і бралі дарункі і судзілі несправядліва» (Першая Кніга Царстваў, 9:3).

Увогуле кажучы, праблема рэжыму сьвятароў часоў прарока Самуіла — ня толькі карупцыя, якая точыць сьвятарскія вярхі. Самае пякучае пытаньне — вайна. Уяўнілася філістымская пагроза, на якую сьвятары, звыклыя мець справу пераважна з нутраным ворагам, не высунулі годнага адказу. Вайна напоўніцу выявіла неэфэктыўнасьць, несучаснасьць іх улады.

І вось на тле гэтага выкліку народ і просіць (пакуль толькі просіць!) у Самуіла цара.

«І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраілю, і прыйшлі да Самуіла ў Раму, і сказалі яму: вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў» (Першая Кніга Царстваў, 9:3).

Абраны народ хоча пазбыцца абранасьці, заняць пачэсны пасад між звычайнымі народамі. Ізраільцы сасьпелі, каб іх справы вяліся гэтаксама, як у пасьпяховых суседзяў-шматбожнікаў. Зь зямным царом, што пануе і дае акрэсьленыя загады. З прагрэсіўным і эфэктыўным кіраўніцтвам, чыё прыняцьце палітычных рашэньняў і збор падаткаў прадыктаваныя палітычнай мэтазгоднасьцю, а не заблытанымі тэалягічнымі пасьянсамі.

Самуіл вельмі засмучаны, вінаваціць супляменьнікаў у адступніцтве ад Бога. Перад змушанымі выбарамі прарок робіць апошнюю спробу запаліць народ палымянай антыманархічнай прамовай. Але зь яго вуснаў вылятае нешта непераканаўчае і каструбаватае пра шкоднасьць рэформаў, пра дзікі нораў будучага цара, які, маўляў, абкладзе гаротны люд дзесяцінай ды будзе гнаць без часу ў прыгон. Але народ, які, не разгінаючы сьпіны, працуе на палях сьвятароў і ўжо здавён-даўна плаціць дзесяціну сьвятарству, настойвае — толькі цар!

Марк Шагал, «Самуіл мажа Саўла на царства»

Марк Шагал, «Самуіл мажа Саўла на царства»



2. Прэм’ер-міністар без партфэлю

Эўрапейская традыцыя разглядае прарока Самуіла як бацьку канфлікту паміж царквой і дзяржавай. Як таго, хто запачаткаваў падвойнасьць сьвецкай і рэлігійнай уладаў, падвойнасьць, якая сям-там доўжыцца аж да сёньняшніх дзён. Ужо пасьля, у Сярэднявеччы, Папа Рымскі заўзята змагаўся з эўрапейскімі імпэратарамі. Герархі адлучалі манархаў ад царквы, высоўваючы аргумэнты, маўляў, у трыадзінстве «Усявышні-Папа-народ» царам і каралям па вялікім рахунку месца няма. Манархі, у сваю чаргу, рэквізавалі царкоўнае майно, даводзячы, што пра ніякага папу і кардыналаў у Бібліі гаворкі не вялося (а цары і каралі якраз прысутнічалі). А вось ангельскі кароль Генрык VIII Сіняя Барада разьвязаў гэты канфлікт надзвычай элегантным спосабам. Парваўшы з Папам Рымскім, ён абвясьціў незалежную ад Рыма англіканскую царкву, і самохаць прызначыў сябе яе кіраўніком.

Аднак праўда палягае ў тым, што Самуіл уладай дзяліцца зусім не хацеў і канкурэнта сабе не гадаваў. Народ прагнуў дбайнага цара — памуляўшыся, Самуіл яго народу даў. Але пры гэтым прарок ужыў хітрык. Зрабіў так, як ужо ў ХХ стагодзьдзі паступалі самыя несымпатычныя рэжымы Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі, Азіі (так-так, і Эўропы!) Рэжымы, дзе ёсьць нібыта-прэзыдэнт і нібыта-парлямэнт, і нібыта-вярхоўны суд, але якія насамрэч толькі прылік. Фасад, кардонны муляж, за якім хавае сваю цмачыную тушу самая звычайная таталітарыя.

Гэтакія, скажам шчыра, прахіньдзейскія паводзіны, вынікаюць з самой сутнасьці Самуіла. У адрозьненьне ад непахіснага Майсея, Самуіл больш палітык, чым духоўны павадыр. Яму абыходзяць ня толькі праблемы народа, але таксама свая кар’ера і каставая карысьць. Прыгадаем тую гісторыю з бітвай у Міхмасе, калі маленькае войска Ізраілю мела перавагу нечаканасьці і патрабавала імгненна атакаваць гіганцкія полчышчы філістымлян. Але нават перад абліччам сьмяротнай для бацькаўшчыны пагрозы Самуіл да апошняга моманту адцягваў абавязковы перад любой бітвай рытуал ахвярапрынашэньня. Гэтак шантажуючы цара Саўла і выгадваючы гешэфты для сваёй касты.

Адным словам, прабеглы палітык Самуіл даў ізраільскаму народу пустышку. Схітрыўшы, падмяніў паняцьці, замыліў вочы. Сувора аплятаючы няспынным кантролем і бязьлітасна абцінаючы функцыі, прызначыў слабога цара. Узваліў на новасьпечанага манарха ўвесь цяжар вайны, але забраў наўзамен рэальныя вагары ўплыву.

Хай слова «цар» нас не бянтэжыць. Самуіл выбраў сабе не наступніка і не канкурэнта, а эфэктыўнага антыкрызіснага мэнэджэра. Потым гэтага мэнэджэра Самуіл надзяліў намінальнымі паўнамоцтвамі манарха, каб у выпадку правалу поўным правам сьпіхнуць віну на няўдаху. На цяперашнія, наскія рэаліі — кіраўнік дзяржавы прызначае паслухмянага, працавітага і пазбаўленага палітычных амбіцый прэм’ер-міністра.

3. Мяцеж мэнэджэраў

Пачаўшы зь дзіўнага турнэ, варта заўважыць, што дзіўноты палітычнай гульні прарока Самуіла на гэтым не заканчваюцца. Падчас паездкі ў правінцыйны Віфлеем Самуіл абірае Давіда намінальным валадаром, ужо некалькі гадоў маючы на троне другога цара. Яго імя — Саўл.

Саўл Самуіла не задавальняў. Канчаткова гэта высьветліла вайна з Амалікам, зьненавідным Самуілу народам. Па загаду Самуіла цар Саўл разграміў амалікіцян, выразаў насельніцтва, але насуперак волі прарока пашкадаваў іх валадара і ашчадзіў быдла. Прарок разьюшаны. Бо яго загад (а значыць, і загад Гасподні) гучаў адназначна: не пакінуць ад Амаліка ніводнай жывой душы! А цар Саўл у даважак меў дзёрзкасьць перад бітвай у Міхмасе сам, як мог, правесьці рытуал ахвярапрынашэньня без дапамогі сьвятароў.

Прарок почасту пагражае свайму стаўленьніку, але зрабіць нічога ня ў змозе — мэханізм выхаду ў адстаўку дзейнага цара яшчэ нераспрацаваны. Памазаўшы Саўла на цара, Самуіл ня ў стане адным рухам выкінуць яго з кіроўнай абоймы. І таму робіць гэты нягеглы захад: паверх старога цара выбірае яшчэ аднаго, як яму падаецца, больш паслухмянага Давіда.

Згэтуль яны будуць танчыць гэты танец улады ўтрох, уфармаваўшы амаль любоўны трохкутнік. Самуіл будзе ўсяляк дзяўбаць нэўратычнага Саўла, але да рашучых дзеяньняў ня дойдзе. Саўл, у сваю чаргу, няўклюднымі захадамі будзе абмяжоўваць духоўную ўладу Самуіла і вайсковую — папулярнага ў народзе генэрала Давіда. Хітрамудры і ўдачлівы Давід, ухіляючыся ад хвосткіх удараў падвойнага «Са», будзе старацца сябраваць з абодвума. Пакрысе набіраючы легітымнасьці і палітычнай зарукі ды прыхоўваючы сваю царскую сутнасьць.

Да канца «Трэцяй кнігі Царстваў» Самуіл сышоўся на пшык — рэлігійны істэблішмэнт ашукаў самога сябе. Прарок Самуіл загуляўся ў «цара гары», гульню, якую сам і прыдумаў. На дваіх мэнэджэраў моцы генэральнага дырэктара ня стала. Цар Саўл урэшце загінуў у бітве з філістымлянамі, Самуіл сканаў ад старасьці. Іх нашчадкі нэўтралізаваныя Давідам, які і бярэ стырно ўлады ў свае ўчэпістыя рукі.

Генрык VIII выступае ў парлямэньце

Генрык VIII выступае ў парлямэньце



4. Лямант у пустэльні

Манархія — новы этап у разьвіцьці краіны. Больш дзейсны спосаб кіраваньня пасьля ўлады прарокаў. У памазанага валадара, у адрозьненьне ад сьвятароў, ёсьць прафэсійны падзел працы, нейкае падабенства кабінэту міністраў. І хай нас не бянтэжаць назвы міністэрскіх пасадаў кшталту той, якую атрымаў пры дварэ Давіда нехта Ехдыя Мэраніцянін — «начальнік над асьліцамі». Асьліцы ў тыя часы цаніліся як «Мазы», «Белазы», «Беларусы», «Палесьсі», танкі і аўто разам узятыя. Ужо пры дварэ цара Салямона векапомны прыём царыцы Саўскай арганізуе крэпкі гаспадарнік, «начальнік над царскім домам» Ахісар. Ці ня праўда — гэтая пасада ўжо і гучыць бліжэй да «кіраўніка адміністрацыі»?

Сыноў Самуіла пасьля сьмерці бацькі больш на старонках Старога Запавету ня згадваюць. Ніхто, акрамя заўзятых біблеістаў, ужо ня ўспомніць, як звалі прарока Гасподняга пры сыне Давіда, цары Салямоне. Прарок Натан ведаў сваё сьціплае месца. Сваімі цырыманіяламі і збольшага рытуальнымі выступамі нагадваў хутчэй каралеву ў сучаснай Брытаніі або прэзыдэнта ў мадэрновай Дзяржаве Ізраіль.

А пасьля Салямона дык увогуле — прарокі бяруцца за тыя абавязкі, па якіх мы ведаем іх і цяпер: выяўленьне рэчаіснасьці ў апакаліптычных танах і нястомная крытыка дзейнай улады. Палітычныя магчымасьці прарокаў зрабіліся абмежаваныя, кланавая магута зьехалася на пшык, аднак маральны аўтарытэт наадварот — узьняўся, узбуяў.

Гэтак, зь цягам часу, першыя зрабіліся апошнімі. Аднак такімі апошнімі, за якімі апошняе слова. Увушшу дыктатараў усіх часоў і народаў дагэтуль, спадзяемся, стаіць той хвосткі вокрык прарока Ільлі, які ён кінуў цару Ахаву (цар падступна забіў свайго васала, каб прысабечыць ягоны вінаграднік):

«Ты забіў і ты яшчэ ўспадкаваў?!»

Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG