Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі

1. Візыт першадрукара

Скарына: Я літаратар і перакладчык з замежных моваў. Хачу выдаць у вас кнігу... кніг.

Логвінаў: Цю! «Замежка» кепска рэалізуецца.

С: Дык наклад невялікі, пару дзясяткаў асобнікаў. За свой кошт, з ілюстрацыямі.

Л: Кніжныя ілюстратары на афармленьне ўпаковак падаліся.

С: Ды я сам, калі што якое, магу гравюру выразаць. Галоўнае, каб друкарня была.

Л: Мінінфарм забраў ліцэнзію на друк.

С: Дык я магу друкарню на сваё імя адчыніць. І сам выдам дзе-небудзь у Празе ці ў Вільні.

Л: А, ну тады я спакойны. Толькі лягатып для вашага выдавецтва трэба падабраць прыгожы. Хай у вас будзе вялікая «С» — паўмесяц, які стане сымбалізаваць вас. І вы такі спрабуеце атуліць, узяць у абдымкі сонца беларускай літаратуры. Вы такі ўвесь хочаце вельмі, вельмі стараецеся, а сонца беларускай літаратуры рагоча вам проста ў твар.

2. Сярэднявечны стартап

Скарына не патрабуе нацяжак і перакідваньняў у будучыя часіны — першадрукар сам якой хочаш эпосе дасьць форы. Выкшталцоная адукацыя, стракатае працоўнае рэзюмэ, авантурныя пярэбары з адной эўрапейскай сталіцы ў другую, сядзеньне ў даўгавой яме, адпор абвінавачаньням у гусіцкай (і Бог яго ведае якой яшчэ) ерасі... Скарына, безумоўна, назапасіў купу ўмельстваў і процьму досьведу. Ён — рызыкант, які сабраў у адзінае высокатэхналягічнае рашэньне цэлы шэраг інавацыяў: заходнеэўрапейскія і кітайскія вынаходзтвы, працу з інвэстарамі і фундатарамі, культурніцкі мэнэджмэнт, рэклямістыку і сувязі з грамадзкасьцю.

Усякія размовы пра асабістыя інтарэсы Францішка Скарыны почасту разьбіваюцца аб жалезабэтонны мур азначэньняў «гуманіст» і «асьветнік». Дык гэта ўсё роўна як пра гаспадароў стартапаў і пачынальнікаў інавацыйных праектаў пачынаюць гаманіць, што іх мэта — зьмяніць сьвет, сарамліва прыхоўваючы фінансавую выгоду аўтара і рост яго ўплыву ў грамадзтве. Скарына, як усякі прадпрымальнік, меў асабістае зацікаўленьне ў выданьні кніг. Друкар, які на старонках сьвятой кнігі хрысьціянства разьмясьціў партрэт самога сябе.

3. У век сіквэлаў...

Скарына выглядае цалкам гарманічна ў другой палове ХІХ стагодзьдзя падчас буму пэрыядычных выданьняў, побач з такімі літаратурна-выдавецкімі магнатамі, як Артур Конан Дойл і Джэром Клапка Джэром. Конан Дойл выдаваў свайго «Холмса» з працягам, у газэтах ці невялікіх паводле фармату брашурах, на недарагой паперы.

Рэклямныя хітрыкі і друкарскія штучкі зашытыя таксама ў большасьць выданьняў Скарыны. У дадатак Скарына не хавае сьвецкага характару сваёй працы — на прыгаданым вышэй аўтапартрэце ніводнага рэлігійнага сымбалю.

Цяпер, абглядаючы Скарынавы кнігі ў музэі, цяжка назваць іх покетбукамі ці брашурамі. Аднак перанакіраваўшы позірк на масіўны фаліянт Гутэнбэрга, разумееш, што так яно і ёсьць. Выданьне Скарыны ў чатыры, а часам і ў восем разоў меншае ад прастольнай Бібліі.

4. ...і спэцэфэктаў

Яшчэ лепш Скарына глядзіцца ў пачатку ХХІ стагодзьдзя зь яго блокбастэрамі паводле бэстсэлераў, калі ведаючы сюжэт наперад, мы ўсё роўна сочым за дзействам да канца.

У часы Скарыны трывае магутная вусная традыцыя — шмат людзей ведае Сьвятое Пісьмо напамяць. І таму выданьне скарынаўскай Бібліі больш нагадвае рымэйк, перапеўку. Гэта ўжо крок наперад ад Шэрлака Холмса ці «Траіх джэнтэльмэнаў у чоўне», дзе чытача трымаюць інтрыгай, то бок, як заб’юць новую ахвяру або якім чынам сядуць у лужыну тры джэнтэльмэны ў чоўне (і гэта калі не лічыць сабакі).

Каб пераканаць чытача набыць кнігу, зьмест якой той ужо трымае ў галаве, патрабуецца немалое майстэрства і цэлы арсэнал дадатковых прынадаў. Усё роўна як сэрыял «Шэрлак» з Камбэрбэчам і Фрымэнам у галоўных ролях, які бярэ бонусамі: спэцэфэктамі, перагуканьнямі з сучаснасьцю, сэрыямі з ірваным, непасьлядоўным сюжэтам.

Таксама Скарына. Ён піша актуальную прадмову і камэнтары, дадае ў царкоўнаславяншчыну шмат жывых беларускіх словаў і выразаў, малюе гравюры зь сярэднявечнымі замкамі і модамі, выштукоўвае зыркія ўніфікаваныя застаўкі, а таксама выпускае біблійныя кнігі-разьдзелы асобнымі выданьнямі, зблытаўшы нумарацыю.

Падабенства з кінаіндустрыяй узмацняюць абгрунтаваныя падазрэньні, што Скарына ўвогуле ня ёсьць адным чалавекам. Што пад гэтым імем хаваецца (вы)творчае аб’яднаньне, калектыў спэцыялістаў, прадпрымальнікаў і заангажаваных сваякоў. «Скарына бразэрз» усё роўна як робіць галівудзкі блокбастэр «Выхад: Валадары і Багі» (2014). Няма чаго казаць — якасны і працаёмкі культурны прадукт. Біблійная прыпавесьць пра Майсея трапляе на ўрадлівую глебу па-ранейшаму прыязнай да рэлігіі Амэрыкі. Мэта яго стваральнікаў — за адзін засяд нагадаць пра хрысьціянскія каштоўнасьці і зарабіць сабе на хлеб.

І вішанька на торце, абяцаны спэцэфэкт,— адмысловае аздабленьне Песьні Песьняў. Скарына не расчароўвае чытачоў сэрыялу — у самай гульлівай кнізе Старога Запавету да звыклай чорна-белай гамы ў афармленьні дадае дзёрзкі чырвоны колер. Калядны выпуск у хату.

Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG