Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашы людзі ў Ерусаліме


Фота (зьлева направа): Мэндэле Мойхер-Сфорым, Шолам-Алейхэм, Мардэхай (Рабіновіч) Бэн-Амі і Хаім Нахман Б’ялік.
Фота (зьлева направа): Мэндэле Мойхер-Сфорым, Шолам-Алейхэм, Мардэхай (Рабіновіч) Бэн-Амі і Хаім Нахман Б’ялік.

Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі.

1. Ці расла ў Эдэме бульба?

Пісьменьнік Мэндэле Мойхер-Сфорым у сваёй кнізе «Падарожжы Біньяміна Трэцяга», апублікаванай у 1878 годзе, некалькі разоў ужыў слова «бульбус». Назваўшы гэтак славуты караняплод, Мойхер-Сфорым прыўнёс у іўрыт, які тады бурліва адраджаўся і актыўна замазваў прабелы, новае-старое слоўца. Яно, мяркуючы па ўсім, зьявілася не без уплыву славянскай моўнай стыхіі, што атачала шаноўнага літаратара ў родных Капылі і Слуцку.

Трэба заўважыць, у «бульбуса» моцныя карані. Старагрэцкія. З гэтым словам габрэі былі знаёмыя як найменей паўтары тысячы гадоў — бульбус можна выкапаць сям і там на старонках Талмуду. Праўда, там ён азначаў не бульбу, якую дакалюмбавая Эўразія ня ведала, а цыбулю.

Нягледзячы на апеку вядомага літаратара і шыкоўны радавод, у сучасным гутарковым іўрыце «бульбус» не прыжыўся. Цяпер на рынках і ў супэрмаркетах Хайфы і Ерусаліму гучыць іншае слова, прапанаванае менш вядомымі рэаніматарамі іўрыту — «тапуах адама» (даслоўна «яблык зямлі»). Філялягічныя аргумэнты гэтага слова таксама крэпкія — карані ж спрадвечна-сэміцкія (а не старагрэцкія), а абедзьве палоўкі словазлучэньня «тапуах» (яблык) і «адама» (зямля) зьяўляюцца ўжо ў другім разьдзеле біблійнай Кнігі Быцьця, якая, натуральна, нашмат старажытнейшая за Талмуд.

Аднак пры больш старанным разглядзе слова «тапуах адама» выяўляецца не такім натуральным і старажытным, як здавалася. Бульба ж не апісаная ў эдэмскім садзе ці краіне на захад ад раю, куды саслалі небараку Адама. Фантазія адмаўляецца маляваць гэтую дзікую карціну, як першы чалавек у стаптаных сандалях поўзае па эдэмскіх градах і зьбірае зь зялёных кустоў каларадзкіх жукоў. Паводле Бібліі, у раі быў проста тапуах, яблык, які прапанаваў Зьмей Еве, і проста адама, зямля, з пылу якой і паўстаў Адам. Злучыць гэтыя палоўкі ў словаспалучэньне здагадаліся тыя, хто ведаў сучасную францускую мову, дзе гэтыя дзьве частачкі скамбінавалі ў ХVIII стагодзьдзі ў наватвор «pomme de terre», «яблык зямлі».

2. Фабрыка слоў

Жывая мова не заўжды слухаецца філялёгіі. Каб зразумець, чаму габрэі не падпарадкаваліся аўтарытэтнаму літаратару і мовазнаўцу Мойхер-Сфорыму, а прыдумалі іншае напаўштучнае слова, давядзецца трохі адкінуць наўзбоч звыклы міт пра вырашальную ролю харызматычных асоб у справе адраджэньня гутарковай мовы. Праўда палягае ў тым, што іўрыт адраджалі да Эліэзэра Бэн-Егуды і пасьля яго, а ў Эўропе і на Зямлі Ізраілю шчыравала вялікае войска прафэсіяналаў, аматараў і проста зацікаўленых самавукаў, якія на старонках газэт, кніг або рэфэратаў пускалі ў размоўны абег новыя словы. І галасы такіх карыфэяў, як Мэндэле Мойхер-Сфорыма ці Эліэзэра Бэн-Егуды не заўжды ўлічваліся.

Каб зразумець лінгвістычную ліхаманку, якая ахапіла габрэяў канца ХІХ—першай паловы ХХ стагодзьдзя, дастаткова пачытаць біяграфіі тагачасных вайскоўцаў, грамадзкіх дзеячаў ці палітыкаў. Вельмі часта ў канцы будзе невялічкая прыпісачка кшталту такой, на якую я натрапіў, чытаючы афіцыйны жыцьцяпіс аднаго ізраільскага прафсаюзнага лідэра сярэдняй рукі. «Таксама прыдумаў на іўрыце словы „стаж“ і „навучэнец“».

Словы, якіх яшчэ не было ў Бібліі, рабіліся найперш аб’ектам заўзятай дыскусіі. Вось і клясык ізраільскай паэзіі, вучань валожынскай ешывы (і, дарэчы, грамадзянін БНР) Хаім Нахман Б’ялік настойваў, што матылька, які, на жаль, ня віўся на старонках Старога Запавету, трэба менаваць на іўрыце «птушкай вінаграднікаў». Цяпер гэтае цьверджаньне выкліча адно крывую посьмешку сучаснага ізраільскага школьніка, які пры выглядзе крылатай кузуркі ўжыве абсалютную прыдумку, наватвор «парпар». Парпар-матылёк за гэтыя дзесяцігодзьдзі стаўся фактам мовы, а птушка вінаграднікаў — толькі кніжнай мэтафарай.

Увогуле кажучы, даволі цяжка прасачыць, чаму ў сучасным гутарковым іўрыце адны словы прыжыліся, а іншыя — так і засталіся пазаштатнымі сынонімамі. Нават на прыкладзе так званых міжнародных словаў складана знайсьці прычыну, чаму сучасныя ізраільцы, амаль як мы, кажуць «тэлефон», а «кампутар» мянуюць наватворам «махшэў» (даслоўна «вылічальнік»).

...Вось жа, «тапуах адама» — не зусім сумленна і з волі выпадку — перамагло «бульбус». Да нашага шчырага расчараваньня француска-сэміцкае лобі ў іўрыце адолела беларуска-грэцкае. Ад бульбапрапаганды Мэндэле Мойхера-Сфорыма ў жывым іўрыце замацаваўся толькі прыметнік «бульбусі» — «гузаваты», «падобны да бульбы». Звычайна гэты прыметнік ужываюць, калі кажуць пра форму носа.

3. Рэаніматары іўрыту

Нягледзячы на тое, што беларусы ў бульбяной эпапэі ХІХ-ХХ стагодзьдзяў засталіся з носам, у ХХІ стагодзьдзі яны актыўна прыўлашчваюць ізраільскі нацыянальны пантэон. Наважуся сьцьвердзіць, што на сёньняшні дзень ураджэнец Лужкоў Эліэзэр Бэн-Егуда больш беларускі герой, чым ізраільскі. Кацярына Кібальчыч, арганізатарка «Мова ці кава», самай значнай ініцыятывы ў ХХІ стагодзьдзі па ажыўленьні беларускага маўленьня, у сваім праграмным тэксьце «Налівайце каву, а я раскажу вам гісторыю», апэлюе менавіта да ізраільскага прыкладу:

«Эліэзэр Бэн-Егуда быў энтузіястам, нават фанатыкам. Ён пераехаў з жонкай у Палестыну (сёньняшні Ізраіль). Упершыню стаўшы на бераг гістарычнай радзімы, пачаў размаўляць на іўрыце з кожным напатканым габрэем: з абменьшчыкам грошай, прадаўцом у краме. І часам яму нават адказвалі на ламанай, але мове».

Рэўвэн Рубін, «Ерусалім», 1925
Рэўвэн Рубін, «Ерусалім», 1925


Людзі, якія культывавалі іўрыт у Палестыне, у вачах сучасных беларусаў паўстаюць тытанамі, апантанымі носьбітамі, тады калі ў Ізраілі гэта ўслаўленьне ўжо, напэўна, пайшло на спад. Бэн-Егуда, безумоўна, прысутнічае ў школьных падручніках, а амаль у кожным горадзе адна з цэнтральных вулак абавязкова носіць імя Вялікага рэаніматара. Але ў масавай сьвядомасьці гэтая постаць прыдбала налёт камічнасьці. За цяперашнім сьветам герой лінгвістычнага цуду паўстае хутчэй у гумарыстычным сьвятле. А часам нават як апантанец, які маніякальна прымушаў атачэньне размаўляць на адзіна правільнай мове.

Пару гадоў таму ізраільскія экраны абышоў правакацыйны набор скетчаў «Габрэі ідуць!» У адным зь іх Эліэзэр Бэн-Егуда засьпявае свайго сына Ітамара за чытаньнем эратычнага часопісу. Замест пэдагагічных вымоваў бацька захоплена пачынае тлумачыць, як будуць называцца інтымныя часткі на іўрыце, а таксама раіцца з ушчэнт зьбянтэжаным хлопцам, як іх можна было б назваць больш трапна.

Тут хіба ўсё зразумела: патрэбы ў мітах моўнага адраджэньня ў сучасным Ізраілі няма — усе размаўляюць на іўрыце. Але ў Беларусі, дзе прынцыпова іншая сытуацыя, такія постаці дужа трэба. Як заўважыў той жа Мойхер-Сфорым у прадмове да «Біньяміна Трэцяга»: «Што ўжо казаць аб шанаваных паночках... Вакол іх проста абавязаны ад рана да рана віцца натоўп херувімаў, падбадзёрваць уласным прыкладам і нашэптваць на вушка наступнае: „Вылазь ты, абібок, з балота!“»

Нягледзячы на моцнае заплечча, складзенае з клясыкаў-херувімаў ды іхніх крылатых цытат, пераносіць у моўным пытаньні ўсю вагу на гераічны міт ня варта. Эліэзэр Бэн-Егуда, Хаім-Нахман Б’ялік, Мэндэле Мойхер-Сфорым зрабілі сваё, але ажывілі мову ўрэшце ня столькі іх артыкулы і літаратурныя творы, і нават не ахвярнасьць першых носьбітаў. У 1922 годзе, годзе сьмерці Бэн-Егуды, у Ерусаліме ўсяго толькі некалькі дзясяткаў сем’яў штодзённа кантактавалі на іўрыце, а пэрспэктывы маўленьня выглядалі ўсё яшчэ туманна. Працэс пайшоў гадоў праз дзесяць — найперш дзякуючы спрыяльнай гістарычнай сытуацыі, волі грамадзтва і палітычнаму манэўру.

Таму наастатак гэтага допісу пералічым асноўныя падзеі, якія прывялі да таго, што ў Ізраілі цяпер размаўляюць на іўрыце:

  • 1. 1912 год — Заснаваньне ў Хайфе (на той час горадзе Асманскай імпэрыі) ўнівэрсытэту «Тэхніён», вялікай політэхнічнай акадэміі. У «Тэхніёне» пасьля непрацяглай сутычкі іўрыт выйграў спаборніцтва ў значна больш пашыраных тады нямецкай і ангельскай. Выйграў збольшага праз тое, што англафілы і германафілы не змаглі дамовіцца. Перамагла мова, абсалютна на той час непрыстасаваная для пазначэньня катэтаў і выкладаньня супрамату. Зьяўленьне такога ВНУ дыктавала тэхнічнай эліце хоцькі-няхоцькі пераходзіць на іўрыт — гуманітарная ж эліта рабіла тое і без гуманітарнага ўнівэрсытэту.

  • 2. 1918 год. Абавязковы перавод сельскіх (кібуцных) школ, дзе вучылася большасьць габрэйскіх дзяцей, на іўрыт. Бацькі-рэпатрыянты маглі размаўляць сабе на якіх заўгодна мовах, а дзеткі міжсобку ўжо ціўкалі на іўрыце, пераносячы яго са школы ў побыт.

  • 3. 1921 год. Прыняцьце закону, паводле якога на ўсёй тэрыторыі Зямлі Ізраіля (тады правінцыі Брытанскай імпэрыі) іўрыт абвяшчаўся афіцыйнай, абавязковай да ўжываньня мовай. Габрэйскія лабісты ў Лёндане прапхнулі ў каляніяльны закон абавязковае дубляваньне на іўрыт усёй дзяржаўнай брытанскай дакумэнтацыі і справаводзтва.

  • 4. Ну і, вядома, іўрыту крышачку пашэнціла.


Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG