Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі.

На пачатку стварыў Бог... Кожны раз, калі чытаю самы першы разьдзел Бібліі, ува мне б’ецца ножкай арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў. Які размах, якая эпічнасьць! Піратэхніка, парад плянэт, грандыёзнае авіяшоў над безданямі. Электрыфікацыя («хай будзе сьвятло») і мэліярацыя («хай будзе цьвердзь пасярод вады») у сусьветных маштабах! Прамысловы альпінізм урэшце. Бліскучае, галавакрутнае апісаньне ці ня самага плённага тыдня Богавай кар’еры. Тут усё першыня: і нараджэньне, і сьмерць.

Калі ў чытачоў першых біблійных радкоў пакрысе, з кожным новым Гасподнім подзьвігам, займае мову, дык у шаноўнага аўтара «Быцьця» зь цягам часу наадварот: шматслоўнасьць павялічваецца, аповед абрастае дэталямі і дадаткамі. Урэшце, дапяўшы пятага дня да стварэньня жывых душ, пасьля безымянных паўзуноў чытачу адкрываецца і першае ўласнае імя... і гэта будзе... будзе гэта... кракадзіл! (у іўрыцкім арыгінале — «танін»). Усё астатняе: галубы, авечкі, шакалы, ільвы, і нават людзі зь іхнімі заблытанымі радаводамі і лёсамі будуць пасьля. Танін — першынец.


Вось пра гэтую выбітную падзею даслоўна:

«І стварыў Бог танінаў вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада. Паводле роду іх, і ўсякага офа крылатага паводле роду яго. І ўбачыў Бог, што гэта добра» («Быцьцё» 1:21).

Аднак аматарам рэптылёйдаў прапаную не сьпяшацца. Так, паводле слоўнікаў сучаснага іўрыту «танін» — гэта «каракадзіл». Але даваць веры ўраджэнцу Лужкоў Эліэзэру Бэн-Егуду і яго «мованановай» кампаніі да канца нельга. Нельга давяраць хаця б таму, што старазапаветныя словы не заўжды захоўваюць у адноўленым іўрыце колішняе значэньне. Як напрыклад адбылося з «офам крылатым», які зьяўляецца ў Бібліі з танінамі ў абдымачку. Гаворка ідзе пра першую птушку, якая лятае па-над яшчэ пустэльнымі зямнымі абсягамі. Дык вось гэты «оф» у сучаснай мове, дзякуючы Бэн-Егуду і К, азначае банальную «курыцу», «кураціну». Далібог, неблагая аграфэрма падбіраецца ў нас на першых старонках «Быцьця» — кракадзілы і курыцы!


Але Бэн-Егуду можна выбачыць. Перад рэаніматарам гутарковага іўрыту пры канцы ХІХ стагодзьдзя стаяла задача, каб на мове размаўлялі шараговыя людзі, збольшага сяляне, кібуцнікі, засваяльнікі Зямлі Ізраіля. Не да канца ўцямнае старажытнае слова «танін» як найлепшым чынам пасавала лютаму і старажытнаму жыхару топкіх палестынскіх балот, якому ў тагачасным іўрыце не было дакладнага імені. І які ж стол бяз куркі?

Але ж мы адбегліся наўзбоч — вернемся да высьвятленьня асобы таніна. Дык можа, Бог зь ім? Назавём яго адцягнёнымі тэрмінамі «пачвара» або «гад»... Хіба што паперадзе «танінаў» стаіць на варце вызначаны іўрыцкі артыкль «гэй», таму адцягнёнымі назвамі не абмяжуесься, патрабуецца канкрэтыка.

Тады дапусьцім другую вэрсію. Васіль Сёмуха, легендарны перакладчык (пэўна, усьлед за царкоўнаславянскім перакладам) называе «вялікіх танінаў» «вялікімі рыбамі». Гэта вялікая недакладнасьць. Бо ўжо празь пяць абзацаў (або праз адзін дзень стварэньня — гэта каму як зручна вылічваць) Госпад Бог, зрабіўшы мужчыну і жанчыну, запрашае іх валадарыць сярод іншых жывуноў таксама над рыбамі марскімі, «дагой» на іўрыце.

«Эх, і гэты бяз ботаў!» — хочацца ў роспачы выгукнуць усьлед за героем анэкдоту, якога паслалі на Ніл дастаць кракадзілавыя боты.
Дзеля справядлівасьці варта заўважыць — на старонках Старога Запавету то там, то сям усплываюць земнаводныя пачвары, якія нам, сучасным людзям, не да канца, мякка кажучы, вядомыя. Як, напрыклад, Левіятан, які «кіпяціць багну як кацёл, і мора ператварае ў кіпучую мазь, пакідае за сабой сьветлую сьцежку, бездань здаецца сівізнай». Або невядомая неверагодная Рыбіна, якая ў адзін дзень свайго бурлівага жыцьця ў пэдагагічных мэтах узяла і праглынула прарока Ёну, які спрабаваў уцячы ад Божага разьмеркаваньня з інстытуту прарокаў. Ёна, як вядома, пасядзеў у чэраве-ангары Рыбіны і падумаў над сваімі ня надта годнымі паводзінамі ўхіліста. Пасьля выйшаў на бераг цэлы і жывы, ужо гатовы прыняць вярхоўную волю. Можа быць, у падзяку за эфэктнае выбаўленьне і эфэктыўнае выхаваньне шматлікія перакладчыкі на шматлікія мовы назвалі тую Рыбіну пазытыўным кітом?

А ўсьлед за імі Скарына, відаць, паддаўшыся станоўчаму іміджу вялізнага сысуна, пераклаў ужо танінаў як «киты великие»?
Аднак факты сьведчаць, што танін — ня кіт. Вось жа, у «Кнізе прарока Ісаі», 27:1, мы чытаем такія словы пра векапомны двубой паміж Гаспадаром Ваярстваў і пачварай-мегатрансформэрам: «Таго дня Гасподзь пакарае мечам Сваім цяжкім, і вялікім, і моцным Левіятана — зьмея, які проста бяжыць, і Левіятана — зьмея, які зьвіваецца, і заб’е таніна марскога».

Што ж, памяняем адну часткак гэтай «тры ў адным» пачвары. Замест «таніна» паставім «кіта»... Уявіць, як кіт (тое, што ён яшчэ і зьмей ды Левіятан, пакінем прынамсі да наступных нагод у спакоі) зьвіваецца сабе на беражку яшчэ сяк-так магчыма, але, безумоўна, кіт, які бадзёрым трушком бяжыць проста на вас — відовішча не для слабанэрвовых.


Ёсьць і трэцяя тэорыя: «танін» — гэта дыназаўр. Сьпярша Бог стварыў дыназаўраў, потым мамантаў, а пасьля нэандэртальцаў. Пасьлядоўнікі Дарвіна паціраюць ручкі: «Быцьцё» імкліва ператвараецца ў здымачную пляцоўку «Парку Юрскага пэрыяду», Кніга Кніг на радасьць скочваецца да першага, але другаснага падручніка эвалюцыянісцкай тэорыі. Магія біблійнага генэзісу трапляе малпам пад хвост. Кітазьмеі канаюць, падрыгваючы спрынтарскімі лапамі. Аднак руку на сэрца — якія дыназаўры маглі быць нейкія мізэрныя 5776 гадоў назад, калі ствараўся сьвет паводле Бібліі? У гэты час ужо нават і мамантаў не засталося.

Адным словам, несур’ёзна (ледзьве не напісалася — «ненавукова») усё гэта і адначасова патыхае здаваньнем моцных крэатывісцкіх пазыцый.
Рызыкну прадаць сваю вэрсію паходжаньня таніна — цмачыную. У цмока моцныя аргумэнты. У Агадзе, своеасаблівым габрэйскім сіквэле Старога Запавету, таніну ўжо даверылі ахоўваць каштоўныя камяні. Гэтая легенда пра лускавічнага ахоўніка пераплятаецца з больш позьнімі скандынаўскімі і кельцкімі паданьнямі, дзе эўрапейскі дракон стаіць на варце схаваных скарбаў. А там і да беларускага цмока рукой падаць — таго, які носіць золата свайму гаспадару. Аднак у процівагу легендам пра дракона, што робяць акцэнт на зямной прыродзе свайго героя, паданьні пра цмока (адсюль і «смактаць»?) яскрава кажуць пра воднае паходжаньне. А як нам ужо вядома з «Быцьця», «танінаў вялікіх (...) утварыла вада». Ну, і ўрэшце цмок — не зусім дыназаўр. Ён жывун хутчэй гіпатэтычны, чым узяты жыўцом з дарвінісцкага дапушчэньня. Такая вэрсія дазволіць яму захаваць сваё быліннае аблічча.

Ну, я за цмока таксама чыста з мэркантыльнай зацікаўленасьці. Бо не за гарамі ў «Быцьці», літаральна празь якія два разьдзелы, ганебнае выгнаньне Адама і Эвы з сацыяльнага жытла на вуліцы Эдэмскай. Выгнаньне без майна, у адзежыне не па сэзоне, выгнаньне фактычна на вуліцу. І вось, як мы ведаем з беларускіх казак, у адрозьненьні ад лютага дракона, цмок — істота даволі прыязная да людзей. І калі ўзяць у рахубу, што Усявышні даў права чалавеку валадарыць над усімі жывунамі ў сьвеце («Быцьцё» 1:26), дык цалкам верагодна, што наяўны цмок будзе падпарадкоўвацца і ўсяляк спрыяць небаракам Адаму і Эве. Напрыклад, з папаўненьнем заняхаенага сямейнага бюджэту — калі тады ўжо будзе цаніцца золата. І хто, як не агнядыхлівы цмок, зоймецца плянавым ацяпленьнем вышпурнутай на холад з кандыцыяванага раю парачкі, нашых наўпроставых продкаў?

Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG