Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Права выбару-2016»: Людзей прымушалі галасаваць датэрмінова


Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкія выбары. Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце №10 БДУ. Менск, 6 верасьня 2016 году

Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкія выбары. Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце №10 БДУ. Менск, 6 верасьня 2016 году

Кампанія «Права выбару-2016», якая ладзіць доўгатэрміновае назіраньне за ходам выбарчай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, адзначае, што цягам пяці дзён датэрміновага галасаваньня ўчастковыя камісіі пры дапамозе мясцовых уладаў і адміністрацыяў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў стварылі ўмовы для фальсыфікацыі выбараў.

«Улады не адмовіліся ад ранейшых практык масавага (у тым ліку прымусовага) датэрміновага галасаваньня, скрыні для галасаваньня захоўваюцца неналежным чынам», — гаворыцца ў справаздачы.

Назіральнікі адзначаюць, што ў часе датэрміновага галасаваньня зафіксаваныя шматлікія выпадкі прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, а таксама выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу ў мэтах схіленьня асобаў, залежных ад дзяржаўнай улады (студэнты і навучэнцы, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў) да недобраахвотнага галасаваньня ня ў дзень выбараў.

«У шэрагу выпадкаў пры згодзе альбо пры ўдзеле сябраў участковых камісіяў чыніўся супрацьзаконны кантроль за тым, ці ўзялі ўдзел прадстаўнікі гэтых групаў у датэрміновым галасаваньні, што ёсьць парушэньнем прынцыпу свабодных выбараў на ўмовах таемнага галасаваньня», — пішуць у справаздачы назіральнікі кампаніі «Права выбару-2016».

У назіральнікаў маюцца сьведчаньні простай фальсыфікацыі ў часе датэрміновага галасаваньня, у тым ліку праз допуск да галасаваньня асобаў, якія ня маюць права галасаваць.

Участковыя выбарчыя камісіі, як адзначаецца ў справаздачы, чынілі перашкоды для назіральнікаў, што выявілася ў супрацьзаконнай адмове ў акрэдытацыі назіральнікаў, пазбаўленьні назіральнікаў акрэдытацыі і іх выдаленьні з участкаў. Так, за 5 дзён датэрміновага галасаваньня 23 назіральнікаў кампаніі «Права выбару-2016» пазбавілі акрэдытацыі.

XS
SM
MD
LG