Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За датэрміновае галасаваньне — паездка дамоў па цёплыя рэчы


Чарга з ахвотных прагаласаваць у Горацкай акадэміі (фота газэты «Ўзгорак»)

Чарга з ахвотных прагаласаваць у Горацкай акадэміі (фота газэты «Ўзгорак»)

У першы дзень датэрміновага галасаваньня беларускі інтэрнэт стракацеў допісамі пра масавае наведваньне ўчасткаў студэнтамі. На фатаздымках моладзь ідзе на выбары па-хатняму, у халатах ды тапках.

Як і за каго галасуе моладзь, як ставіцца да «просьбаў адміністрацыі навучальных устаноў» прагаласаваць датэрмінова і ці чакае пазытыўных зьменаў у жыцьці ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня? На гэтыя пытаньні адказвалі магілёўскія студэнты.

Для бальшыні апытаных студэнтаў выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не выглядаюць як надзвычай важная падзея. Шмат хто казаў, што прагаласавалі, або што зьбіраюцца галасаваць датэрмінова, але за каго — ня ведаюць. Некаторыя казалі, што ім падказваюць, у які дзень варта наведаць участак для галасаваньня.

«Нечага добрага ад выбараў не чакаю»

«Пайду галасаваць датэрмінова, але пакуль у разгубленасьці, бо ня ведаю, за каго канкрэтна аддаць голас», — сказаў адзін зь першых апытаных студэнтаў. Намер галасаваць датэрмінова хлопец патлумачыў занятасьцю на выходных. Пра пажаданьне адміністрацыі навучальнай установы, каб студэнты галасавалі датэрмінова, ня чуў. Сказаў, што ў першы дзень прагаласавала нямала навучэнцаў:

«Мне нядаўна споўнілася васямнаццаць год, і я не разьбіраюся ў гэтых выбарах. Нечага добрага ад іх не чакаю. Мне падаецца, гэта звычайная фармальнасьць».

«Студэнтам „падказваюць“, калі ісьці галасаваць»

Яшчэ адзін студэнт прагаласаваў сёньня. На пытаньне, чаму датэрмінова, адказаў: «Прымушаюць!».

«Я ня ведаю, за каго галасаваць, таму прагаласую „супраць усіх“. Я не знаёмы з кандыдатамі, таму як я буду за некага канкрэтна галасаваць? — казаў ён. — Гэтыя выбары — фармальнасьць. Ад іх я нічога не чакаю. Усё будзе, як і раней — кепска».

«Я зьбіраюся ўхіліцца ад гэтых выбараў, хоць і падказваюць, што ўжо трэба ісьці галасаваць», — працягнуў гутарку наступны студэнт.

«Хадзіць на выбары ў мяне не ўвайшло ў звычку, — казаў суразмоўца. — Можа, да нядзелі і зьявіцца, тады схаджу. Але не зьбіраюся на гэты момант».

«Я наагул не пайду галасаваць, бо гэта маё права», — сказаў яшчэ адзін хлопец. Ён ведае, што студэнтам, асабліва хто жыве ў інтэрнатах, «падказваюць», калі ісьці галасаваць. «Гэта няслушная пазыцыя», — лічыць ён.

«Я асабіста дыстанцуюся ад палітыкі. Свая думка мне бліжэйшая, чым думкі іншых», — сказаў суразмоўца.

Уваход на адзін з участкаў для галасаваньня. Чэргаў з навучэнцаў няма

Уваход на адзін з участкаў для галасаваньня. Чэргаў з навучэнцаў няма

Ва ўчастковай камісіі сказалі, што ў першы дзень датэрмінова прагаласавалі блізу пяці працэнтаў выбарцаў.

«Актыўнасьць, як і ў ранейшыя выбарчыя кампаніі. Казаць, што выбарцы ідуць масава, ня стану, — сказала старшыня камісіі. — Галасаваць прыходзяць як навучэнцы, гэтак і людзі сталага веку».

«Пэнсіянэры нават віншуюць нас са сьвятам», — дадала адна з чальцоў камісіі.

Каб студэнты не забыліся, што трэба прагаласаваць

Каб студэнты не забыліся, што трэба прагаласаваць

«У першы дзень галасаваньня шмат моладзі прыходзіла, і цяпер ідуць. У асноўным іншагароднія навучэнцы. Куды ім падзецца ад пагрозаў страціць месца ў інтэрнаце, калі ня прыйдуць галасаваць», — сказаў адзін з назіральнікаў.

«Гэтыя выбары — фармальнасьць»

«Народ ідзе галасаваць. Ён дысцыплінаваны», — сказала сакратар камісіі. На пытаньне, ці шмат выбарцаў прагаласавала, быў адказ: сярэдні паказчык па вобласьці ў 4,6 працэнта тут перавышаны.

«Людзі ідуць галасаваць, бо імкнуцца выканаць сваю грамадзянскую пазыцыю», — сказала адна з чальцоў камісіі.

Выбар кандыдата

Выбар кандыдата

«Я ўжо прагаласаваў, — сказаў малады чалавек. — Гэтыя выбары — фармальнасьць. Не прагаласаваць я ня мог. У нас шасьцёра прэтэндэнтаў, і я не хачу, каб нехта няварты трапіў у Палату прадстаўнікоў. А раптам мой кандыдат стане дэпутатам, але гэта з фантастыкі».

«Мы жывём нібы ў ступары»

«Я сумняваюся, што нешта зьменіцца, хоць і чакаю зьменаў», — выказалася студэнтка.

Яна наважаная прагаласаваць у асноўны дзень галасаваньня, бо «так надзейней будзе»:

«У нас ужо колькі гадоў нічога не мяняецца. Мы жывём нібы ў ступары».

Масава ў першы дзень датэрміновага галасаваньня, паводле назіральнікаў, галасавалі студэнты інстытуту Міністэрства ўнутраных спраў (150 будучых афіцэраў-міліцыянтаў).

Каля ўчасткаў чэргі

Студэнтам Горацкай акадэміі за датэрміновае галасаваньне адміністрацыя абяцае «паездку дамоў па цёплыя рэчы». Пра гэта ў прыватных гутарках кажуць навучэнцы.

Стэнд пра выбары. Ахвотных прачытаць пра кандыдатаў няма

Стэнд пра выбары. Ахвотных прачытаць пра кандыдатаў няма

«Ахвотных атрымаць лішні выходны нямала, таму каля ўчасткаў чэргі», — сказаў адзін са студэнтаў.

«Адміністрацыя спачатку не казала, за каго галасаваць. Толькі абы прагаласавалі. А цяпер падказвае, што было б добра, каб прагаласавалі за... забыўся прозьвішча вылучэнкі, але яна з акадэміі, — дык за яе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG