Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Датэрміновыя выбары не адпавядалі ні беларускаму заканадаўству, ні міжнародным стандартам», — Лабковіч


Парлямэнцкія выбары. Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце №10 БДУ. Менск, 6 верасьня 2016 году
Парлямэнцкія выбары. Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце №10 БДУ. Менск, 6 верасьня 2016 году

Сёлета датэрмінова прагаласавалі больш выбарнікаў, чым на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах. Назіральнікі кажуць пра прымус і завышэньне яўкі на датэрміновым галасаваньні.

У датэрміновым галасаваньні на выбарах у Палату прадстаўнікоў, якое прайшло з 6 па 10 верасьня, узялі ўдзел 31,29% выбарнікаў ад агульнай колькасьці ўключаных у сьпісы.

Пра гэта паведаміў Цэнтравыбаркам.

У Берасьцейскай вобласьці датэрмінова прагаласавалі 28,52% выбарнікаў,

у Віцебскай — 34,56%,

у Гомельскай — 35,23%,

у Гарадзенскай — 32,75%,

у Менскай — 30,68%,

у Магілёўскай — 33,79%,

у Менску — 25,89%.

На участках па-за межамі краіны датэрмінова прагаласавалі 27,95% выбарнікаў.

На папярэдніх выбарах ў Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе датэрмінова прагаласавалі 26% выбарнікаў.

Сябра кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч пракамэнтаваў Свабодзе сёлетнія вынікі датэрміновага галасаваньня.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч

«Гэта беспрэцэдэнтная колькасьць тых, хто ўзяў удзел у датэрміновым галасаваньні на парлямэнцкіх выбарах, ды і на прэзыдэнцкіх таксама. Такая колькасьць дасягнутая сёньняшняй уладай двума шляхамі. Першы — гэта прымус. Значна больш людзей было загнана на датэрміновае галасаваньне, больш фактаў прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні. Нашы назіральнікі зафіксавалі факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні на 18% участкаў. Прымус ажыцьцяўляўся найперш па месцах навучаньня, па месцах пражываньня работнікаў у працоўных інтэрнатах, гэта дзяржслужбоўцы, вайскоўцы... Гэта адбывалася абсалютна непрыхавана, незаконным шляхам, былі пагрозы, узьдзеяньне адміністратыўнага кшталту.

Другі, самы беспрэцэдэнтны за ўсю гісторыю беларукіх выбараў інструмэнт, якім быў дасягнуты такі вынік датэрміновага галасаваньня, — гэта проста маніпуляцыі зь яўкай. То бок завышэньне рэальнай яўкі ад яўкі, якую паведамляла камісія. Асабліва шырока гэта адбылося цягам учорашняга дня, калі намі зафіксавана адрозьненьне на тых участках, дзе мы назіраем больш чым 31%. Гэта сьведчыць пра тое, што на тых участках, дзе мы назіралі, 31% выбарнікаў не былі на ўчастках, але як быццам бы прагаласавалі. Гэта, безумоўна, ёсьць элемэнтам фальсыфікацыяў. І гэтыя датэрміновыя выбары не адпавядалі ні беларускаму заканадаўству, ні міжнародным стандартам.

Агульная ж розьніца паміж дадзенымі па колькасьці выбарцаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні склала 14 % з участковых выбаркамаў, на якіх вялося назіраньне. На парлямэнцкіх выбарах 2012 году такая розьніца складала 10,4%».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG