Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

16,71 %. «Замест пакемонаў ловяць віртуальных выбарнікаў» — назіральнікі кажуць пра маніпуляцыі зь яўкай на выбарах


Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце №10 БДУ. Менск, 6 верасьня 2016 году

Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце №10 БДУ. Менск, 6 верасьня 2016 году

За тры дні датэрміновага галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 16,71 % выбарнікаў. Прычым на Гомельшчыне прагаласаваў ужо амаль кожны пяты — 19,7% выбарнікаў.

Такія дадзеныя апублікаваў ЦВК.

Датэрміновае галасаваньне на выбарах-2016 працягвае ісьці больш інтэнсіўна, чым на мінулых парлямэнцкіх выбарах: у 2012 годзе за два дні прагаласавалі 12,5 % выбарнікаў.

Тым часам кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведамляе пра беспрэцэдэнтнае завышэньне яўкі з боку выбарчых камісіяў.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, на 186 участках, дзе вялося назіраньне, колькасьць тых, хто прагаласаваў, за трэці дзень датэрміновага галасаваньня склала 16 612 чалавек, а паводле пратаколаў выбарчых камісіяў — 18 685 чалавек. Такім чынам, яўка была завышаная на 11% альбо на 2 073 чалавекі (у 2012 годзе праваабаронцы фіксавалі завышэньне яўкі толькі на 4,6%). Прычым на адным з выбарчых участкаў у Магілёве, паведамляюць праваабаронцы, яўка была завышаная больш чым у 5 разоў: там прагаласавалі 263 чалавекі паводле дадзеных УВК і 46 паводле дадзеных назіральнікаў.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Маштабы ўражваюць. Розьніца па яўцы складае 11% (!!!!) паміж дадзенымі камісіяў і падлікам назіральнікаў. У 2012 годзе розьніца складала 4,6%. А тады падавалася, што гэта неверагодна шмат. Але няма межаў для „дасканаласьці“. Цяпер на ўчастках сябры камісіяў замест пакемонаў ловяць віртуальных выбарнікаў», — напісаў у сваім Фэйсбуку прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч.

Праваабаронцы таксама працягваюць паведамляць пра масавае арганізаванае галасаваньне студэнтаў, вайскоўцаў, служачых МНС.

Назіральнікі ад кампаніі «Права выбару» ў сваю чаргу заяўляюць, што адразу на шэрагу выбарчых участкаў у Менску былі зафіксаваныя так званыя «каруселі», калі групы людзей пераходзяць ад участку да ўчастку і незаконна на іх галасуюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG