Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня трэба ісьці на датэрміновае галасаваньне і як «адкасіць», — тлумачаць праваабаронцы


Датэрміновае галасаваньне на выбарах у Палату прадстаўнікоў стартавала 6 верасьня. Праваабаронцы і грамадзкія актывісты заклікаюць выбарнікаў не хадзіць на датэрміновае галасаваньне, а галасаваць непасрэдна ў дзень выбараў, 11 верасьня.

«На датэрміновым галасаваньні адбываецца найбольшая колькасьць магчымых правапарушэньняў і фальсыфікацыяў, — кажа Свабодзе прэс-сакратар кампаніі назіраньня „Права выбару-2016“ Ігар Барысаў. — Мы ня можам прасачыць, як захоўваюцца скрыні для галасаваньня, бо яны бескантрольна „начуюць“ некалькі начэй. І звычайна, калі ўскрываюць гэтыя скрынкі, то колькасьць галасоў за праўладных кандыдатаў вельмі вялікая, даходзіць да 90% і больш».

Лідзія Ярмошына кажа, што празрыстасьць датэрміновага галасаваньня забясьпечваецца штодзённым апячатваньнем скрыняў для галасаваньня з подпісамі сяброў камісіяў і штодзённым абнародаваньнем зьвестак пра колькасьць выдадзеных бюлетэняў — гэта нібыта і ёсьць выкананьне рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ.

Барысаў лічыць, што гэтыя захады нічога ня зьменяць:

«Мы ж ведаем, якія ў нас скрынкі для галасаваньня, як там і дно можна адкруціць, і ў шчылінку што хочаш прасунуць. З году ў год гэта ўсё паўтараецца».

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

Ён мяркуе, што Ярмошына штораз з усіх рэкамэндацыяў АБСЭ «чапляецца» за самыя неістотныя і выпраўляльныя — і ўвесь сэзон хваліцца «прагрэсам» па іх. Так, на мінулых выбарах зьявілася магчымасьць выкарыстоўваць у галасаваньні шрыфт Брайля для людзей са слабым зрокам, чым і хваліліся дзяржаўныя СМІ. Сапраўдная ж праблема, непразрысты падлік галасоў, ня выпраўленая.

«А што тры мэтры ці 10 мэтраў стаяць назіральнікі ад падліку галасоў, дык розьніцы няма, бо назіральнікі ўсё роўна ня бачаць, за каго пастаўленыя птушачкі ў бюлетэнях», — дадае ён.

На датэрміновае галасаваньне штораз заклікаюць студэнтаў, вайскоўцаў, працаўнікоў заводаў. Нярэдка гучаць пагрозы — напрыклад, пазбавіць інтэрнату.

Як адмовіцца ад датэрміновага галасаваньня? Тлумачыць прэс-сакратар кампаніі «Права выбару-2016» Ігар Барысаў:

«Галоўнае — людзі, ня бойцеся. Калі страх будзе выкараняцца, калі людзі пераадолеюць страх і масава ня пойдуць, нікому нічога ня будзе, — мяркуе Барысаў. — Калі гэта будзе насіць кропкавы характар, то з такімі людзьмі можна будзе лёгка і дэманстратыўна „расправіцца“. А калі ўвесь інтэрнат ці ўвесь факультэт ня пойдзе галасаваць, гэта будзе паказьнікам.

Ды што ж гэта за студэнты, будучая эліта, якая ня можа паказаць сваю жорсткую пазыцыю? Ну, нават калі выгналі, ёсьць магчымасьць працягнуць вучобу ў іншых краінах, дзе ніхто ня будзе табе пагражаць. Але я сумняюся, што ўсе гэтыя пагрозы будуць рэалізаваныя».

Як Барысаў, так і іншыя назіральнікі і праваабаронцы раяць фіксаваць пагрозы і парушэньні на выбарах на дыктафоны, рабіць фота і відэа парушэньняў. Зафіксаванае можна ня толькі публікаваць у сацсетках ці адсылаць у СМІ, але і перадаваць праваабаронцам. Так, у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» дзейнічае кругласуткавая «гарачая лінія», зьвесткі пра парушэньні прымаюцца па пошце ktn@spring96.org. Фіксаваць парушэньні можна і з дапамогай мабільнай праграмы Vochy ад кампаніі electby.org.

Ужо ў першы дзень датэрміновага галасаваньня назіральнікі зафіксавалі парушэньне на адным з выбарчых участкаў у Магілёве: студэнты прыйшлі і галасавалі «пад росьпіс». Відэа парушэньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абяцаюць апублікаваць у хуткім часе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG