Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навошта ўладам патрэбнае масавае датэрміновае галасаваньне?


Як стасуецца агітацыя за датэрміновае галасаваньне і пажаданьне Лукашэнкі, каб «людзей не гналі на выбары»?

Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: Сёньня, 6 верасьня пачынаецца датэрміновае галасаваньне на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Яно працягнецца пяць дзён да 10 верасьня.

Звычайна ў Беларусі датэрміновае галасаваньне носіць масавы характар. Улады выкарыстоўваюць адміністратыўны ціск на людзей, каб яны прагаласавалі датэрмінова На мінулых парлямэнцкіх выбарах у 2012 годзе датэрмінова прагаласавалі 26% выбаршчыкаў, а на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 года — 36% грамадзянаў.

Датэрміновае галасаваньне — адна з галоўных праблемаў беларускіх выбараў. Апазыцыя, праваабаронцы, незалежныя назіральнікі цьвердзяць, што з бюлетэнямі датэрміновага галасаваньня адбываюцца маніпуляцыі, іх падмяняюць у ноч перад днём асноўнага галасаваньня. Таму БДІПЧ АБСЭ у ліку асноўных рэкамэндацый па выніках леташніх выбараў запісала і такую: «Сыстэма датэрміновага галасаваньня павінна быць перагледжана».

Беларускія ўлады адмаўляюць фальсыфікацыі і спасылаюцца на міжнародны досьвед. Маўляў, у дэмакратычных краінах таксама адбываецца масавае датэрміновае галасаваньне, і там ніякіх праблем няма, ніхто ім не рэкамэндуе яго забараніць. Я нядаўна сустракаўся з назіральнікамі ад АБСЭ, якія прыехалі на гэтыя выбары. Сярод іншых пытаньняў было і такое: ці ёсьць юрыдычна зафіксаваныя факты фальсыфікацый бюлетэней датэрміновага галасаваньня? Я спаслаўся на сьведчаньне падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова падчас выбараў 2008 году.

Галоўны доказ фальсыфікацыяў — гэта тое, што вынікі на парадак адрозьніваюцца ад вынікаў асноўнага дня галасаваньня.

Фактычна гэта ўсё. Можна спаслацца на тое, што назіральнікі бачылі сьвятло ноччу ў пакоі, дзе стаяць выбарчыя скрыні ў ноч перад днём асноўнага галасаваньня. Назіральнікі фатаграфавалі пячаткі на скрынях і выяўлялі, што яны мянялі сваю форму да дня асноўнага галасаваньня. Ды і адміністратыўны прымус галасаваць датэрмінова выклікае падазрэньні. Але гэта ўскосныя доказы.

Галоўны доказ фальсыфікацыяў — гэта тое, што вынікі датэрміновага галасаваньня ашаламляльна, на парадак, адрозьніваюцца ад вынікаў асноўнага дня галасаваньня, так матэматычна быць ня можа. Але Ярмошына на гэта адказвае, што апазыцыя ж заклікае сваіх прыхільнікаў галасаваць толькі ў асноўны дзень галасаваньня, вось таму датэрмінова галасуе толькі праўладны выбаршчык, таму такія і вынікі.

Увогуле ўзьнікае пытаньне: навошта ўладам датэрміновае галасаваньне, калі падлік галасоў адбываецца непразрыста? Можна напісаць любую лічбу, і ня трэба ўся гэтая замарочка з датэрміновым галасаваньнем.

Мой адказ такі: уладам патрэбна некалькі мэханізмаў, страховак, каб атрымаць патрэбны вынік. А раптам на некаторых участках, дзе прысутнічаюць назіральнікі АБСЭ, спатрэбіцца дапусьціць іх да месца падліку, яны змогуць убачыць рэальныя лічбы. Вось таму і патрэбная страхоўка. А ва ўмовах мажарытарных выбараў у адзін тур 30% — датэрміновых галасоў — гэта, фактычна, амаль гарантыя перамогі. Па-другое, датэрміновае галасаваньне забясьпечвае неабходную яўку, бо выбары мала цікавыя, людзі могуць і не прыйсьці на ўчасткі. Нарэшце выкананьне плянаў датэрміновага галасаваньня па рэгіёнах і працоўных калектывах — гэта праверка палітычнай ляяльнасьці мясцовай вертыкалі і кіраўнікоў калектываў. Таму вось ехаў у метро, і там усіх пасажыраў актыўна заклікаюць галасаваць датэрмінова.

Цыганкоў: Пры гэтым усе апошнія выбары назіраецца адназначная тэндэнцыя — кожная наступная выбарчая кампанія ставіць новы рэкорд па лічбах датэрміновага галасаваньня. Тут выключэньняў пакуль не было.

Замена бюлетэняў, ускрыцьцё пячаткі, падкіданьне іншых бюлетэняў, — безумоўна, злачынства, і той, хто гэта робіць, гэта разумее.

Канешне, сёньня толькі першы дзень, але сыходзячы з папярэдняга досьведу і з той важнасьці, якую даволі красамоўна апісаў Валер, можна меркаваць, што і на гэтых выбарах лічбы датэрміновага галасаваньня будуць высокія і магчыма зноў акажуцца рэкорднымі. Акрамя некалькі выпадкаў, адсутнічаюць канкрэтныя доказы крымінальнага неправавога характару злачынстваў, якія робяцца падчас датэрміновага галасаваньня. Але ніякі чалавек, наколькі б ён ні быў дэмакратычным альбо не, не схільны добраахвотна прызнавацца ў злачынстве. А тое, што падчас датэрміновага галасаваньня адбываюцца такія рэчы, як замена бюлетэняў, ускрыцьцё пячаткі, падкіданьне іншых бюлетэняў, — безумоўна, злачынства, і той, хто гэта робіць, гэта разумее.

Таму пры наяўнасьці цяперашняй улады цяжка меркаваць, што хтосьці будзе прызнавацца. Такія сьведчаньні, як міліцыянта Казлова, які зараз вельмі прыкметны актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вельмі дарагія і рэдкія. Датэрміновае галасаваньне — гэта праверка дзейнасьці ўсёй машыны, адміністратыўнай, бюракратычнай, у тым ліку прапагандысцкай. У 1996 годзе ўпершыню Аляксандар Лукашэнка прамацаў такую форму, з таго моманту яна «удасканальвалася». Улады пераканаліся, што гэтая форма дае максымальна шырокія магчымасьці для маніпуляцыяў. Пяць дзён скрыні для галасаваньня знаходзяцца без прыгляду. Уначы яны наогул без кантролю. Таму гэта самая надзейная і спакойная форма для масавых фальсыфікацыяў.

Дракахруст: На гэтых выбарах беларускія ўлады ставяць перад сабой дзьве мэты, якія да пэўнай ступені супярэчаць адна адной. Адна — гэта каб выбары прайшлі, як заўжды, як заўсёды, як па маслу, а другая — каб усё ж такі міжнародныя назіральнікі канстатавалі пэўны прагрэс.

Вось дзеля дасягненьня гэтай апошняй мэты робіцца шэраг крокаў, будуецца шэраг «пацёмкінскіх» вёсак, і адна зь іх — гэта сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Лідзіяй Ярмошынай, якая адбылася напярэдадні датэрміновага галасаваньня і падчас якой Лукашэнка зрабіў шэраг цікавых заяў.

Ён, прынамсі, сказаў, што «нам не патрэбныя штучныя выбары», што «не трэба гнаць людзей на датэрміновыя выбары, трэба іх папрасіць». Ён таксама падкрэсьліў, што менавіта датэрміновыя выбары — адна з галоўных падставаў для папрокаў назіральнікаў і Захаду ў несправядлівасьці, несвабодным характары выбараў. Таму, маўляў, давайце не будзем перагінаць кій з гэтым.

Падчас гутаркі з Ярмошынай ён паразважаў, што і сам бы пайшоў на датэрміновыя, але, маўляў, вы ж разумееце, як Захад на гэта паглядзіць. Так што, паведаміў Лукашэнка, я прыйду ў асноўны дзень галасаваньня, мае сыны таксама.

Я не думаю, што гэта нешта большае, чым проста дэманстрацыя, бо як працуе машына, вы, Валер, распавялі, нават у мэтро абвяшчаюць, ужо не кажучы пра прадпрыемствы і інтэрнаты.

Не выключана, што пасьля вось гэтай заявы Лукашэнкі гэтая кампанія крышачку прыцішыцца, прынамсі, яна не будзе публічнай, не будуць у мэтро да гэтага заклікаць і па тэлебачаньні. А на працоўных месцах, як сказаў Аляксандар Лукашэнка, будуць «прасіць». Ды так, што будзе цяжка многім людзям адмовіцца.

Магчыма гэтым разам тэндэнцыя росту лічбаў датэрміновага галасаваньня зьменіцца і лічба крыху зьнізіцца.

Яшчэ адзін момант: ён часткова патлумачыў, у чым неабходнасьць у датэрміновым галасаваньні. Лукашэнка сказаў, што калі вялікая колькасьць людзей ідзе на выбары, гэта дэманстрацыя сувязі ўлады з народам. Ну і сапраўды, для беларускіх уладаў заўсёды яўка была паказчыкам таго, што народ прызнае гэтыя выбары, уладу, яе легітымнасьць.

І гэта вельмі важны чыньнік. Хоць і гэта можна сфальсыфікаваць, і часам так і робіцца, але пры ўсім гэтым прынцып захоўваецца: хай людзі самі ведаюць, яны ж адзін з адным размаўляюць, што ўсё ж такі так — большасьць пайшла на выбары. Але я не выключаю, што з гэтых словаў Лукашэнкі вынікае, што магчыма гэтым разам тэндэнцыя росту лічбаў датэрміновага галасаваньня, пра якую вы, Віталь, казалі, зьменіцца і лічба крыху зьнізіцца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG