Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не жартавала пра тратыл, а супраціўлялася незаконнаму надгляду». Інтэрвію з Марыяй Рымар


Марыя Рымар

Марыя Рымар

Марыя Рымар ужо месяц знаходзіцца ў Беларусі. 7 ліпеня жыхарку Самары затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» за паведамленьне пра тратыл. Чым яна займаецца, пакуль яе адпусьцілі пад заклад, чаму не дазваляе сваякам наведаць яе ў Менску і за што насамрэч яе затрымалі, яна распавяла ў інтэрвію Свабодзе.

«Прыбярыце ад мяне рукі». У менскім аэрапорце правяраюць усіх

4 жніўня 37-гадовую Марыю Рымар ужо асудзілі на 25 базавых велічыняў. Пакуль разглядалася толькі адміністрацыйная справа аб непадпарадкаваньні міліцыі.

Па крымінальнай справе працягваецца сьледзтва. Рымар просіць не называць гэты выпадак «жартам». Па яе словах, слова «тратыл» яна паўтарыла за супрацоўніцай, якая праводзіла асабісты надгляд і правярала рэчы ў аэрапорце.

«Я супраціўлялася неабгрунтаванаму дадатковаму асабістаму надгляду, — кажа Рымар. — Так правільна казаць».

7 ліпеня яна вярталася самалётам з Кіева ў Самару. У Менску была перасадка. На сканэры ў Рымар праверылі торбу, а потым і яна сама прайшла праз рамку. Сыгналу, які б сьведчыў пра мэталічныя прадметы на яе целе, не было. Па міжнародных правілах дадатковы надгляд у такім разе не праводзіцца.

«Я не люблю ўсіх гэтых абмацваньняў у аэрапортах, — кажа Рымар. — Ведаю, што без дадатковых умоў, якія агучваюць у аэрапорце, так надгляд не праводзіцца».

Але супрацоўніца аэрапорту стала тлумачыць, што ў Менску праводзяць асабісты надгляд усіх пасажыраў, незалежна ад сыгналу рамкі.

«Калі я казала «тратыл там», я паказвала на ручную паклажу, якая ўжо праехала рэнтген і ляжала абсалютна бясьпечнай, — кажа Рымар. — Гэта азначала: «Прыбярыце ад мяне рукі. Зьвярніце ўвагу на тую торбу, калі вам так трэба».

Рымар прызнае, што сказала пра тратыл на эмоцыях. Гэтае слова яна паўтарыла за правяральшчыцай.

«Потым я доўга думала, як я магла сказаць слова „тратыл“. Я ж не крымінальны юрыст, ня маю спраў з гэтым. Таксама не гляджу крымінальных навінаў. Я паўтарыла за супрацоўніцай, калі тая стала пытаць, ці не правожу я тратыл, плястыд і іншае».

Не дазваляю прыяжджаць сваякам, бо баюся правакацыяў

Пасьля затрыманьня 7 ліпеня са сваякамі Рымар бачыцца толькі праз скайп. Яшчэ зь дзяжурнай часткі, пакуль у яе не адабралі тэлефон, яна патэлефанавала мужу. Прыяжджаць жа і яму, і іншым блізкім у Менск яна забараніла.

Марыя Рымар зь дзецьмі ў Самары

Марыя Рымар зь дзецьмі ў Самары

«Усе хочуць прыехаць, а я тут як закладнік сяджу, — кажа Рымар. — Але калі яны прыедуць, я буду адчуваць, што закладнікаў тут стала больш, я буду баяцца правакацыяў».

За час, пакуль Марыя ў Менску, ейнага мужа высьвяцілі ў будысцкія манахі (яны абое вызнаюць будызм сота-дзэн). У госьці ў Самару да іх прыехаў Марыін брат з ЗША. Пад наглядам дзядулі і бабулі застаюцца двое малых дзяцей.

«Думаю, што калі мы ўбачым крымінальную справу, мы вырашым, якой тактыкі прытрымлівацца. Калі я павінна буду заставацца ў Беларусі, тады я дазволю каму-небудзь прыехаць. Але лепш было б дарабіць усё тут і зьехаць».

Яшчэ да 18 ліпеня яна знаходзілася ў СІЗА ў Жодзіне. Яе выпусьцілі пад заклад, бо «ўсе найважнейшыя сьледчыя дзеяньні па крымінальнай справе выкананыя, дастатковыя доказы сабраныя, і, застаючыся на волі, абвінавачаная ня зможа перашкодзіць сьледзтву».

«Мне страшна ўявіць, наколькі яно можа зацягнуцца, бо па законе ў іх ёсьць магчымасьць весьці папярэдняе сьледзтва яшчэ месяц, і затым неаднаразова працягваць яго паводле пастановы пракурора. А я ўвесь гэты час разлучаная зь дзецьмі і вымушаная знаходзіцца ў такіх умовах, якія ціснуць на мяне, у чужой, недружалюбнай да гасьцей краіне».

Вывучаю беларускае заканадаўства і вару сочыва

Пасьля выхаду на волю пад заклад Марыя Рымар пасялілася ў знаёмых.

«У мяне зьявіліся знаёмыя ў Менску. Пакуль грошай ня просяць, але калі ўсё гэта зацягнецца, я пляную пераехаць у гостэл».

Грошы на жыцьцё і адваката пакуль перасылаюць сваякі. Толькі на адваката ўжо пайшла тысяча даляраў. Да таго ж 525 рублёў штрафу трэба заплаціць па адміністрацыйнай справе. У падтрымку Марыі Рымар адкрыты электронны кашалёк.

Звычайны дзень складаецца з вывучэньня беларускага заканадаўства. Марыя — юрыст па адукацыі, і юрыдычныя дакумэнты рыхтуе самастойна. Да 2008 году, калі ў яе нарадзілася другое дзіця, яна займалася грамадзянскімі справамі і адвакацтвам. У прыватнасьці, яна юрыст самарскай ЛГБТ-арганізацыі «Авэрс».

«З двума дзецьмі цяжка працаваць, — кажа Рымар. — Але паколькі я юрыст і хачу дапамагаць людзям, то як валянтэр удзельнічаю ў некалькіх расейскіх і міжнародных праваабарончых праектах».

У вольны ад працы над дакумэнтамі час Рымар займаецца «звычайнымі побытавымі справамі».

«Для душы я кантактую з роднымі праз скайп. А ўчора, напрыклад, сочыва зварыла».

Мяне асудзілі, каб іншым было непанадна

Пасьля чатырох паседжаньняў, якія вядзе судзьдзя Віталь Сямёнаў, Марыя Рымар кажа, што ня мае да працэсу ніякіх прэтэнзіяў.

«Судзьдзя вёў вельмі карэктна, — кажа яна. — Можа, таму, што кожны раз у залі былі СМІ і актывісты».

Іншая справа, як былі ацэненыя доказы ў справе і матываваньне выніковай пастановы.

Увогуле, Марыя Рымар і яе адвакат настойваюць на тым, што суд ня мае падставаў прыцягваць яе да адказнасьці.

«Я спадзяюся, што суд спыніць крымінальны перасьлед за адсутнасьцю складу (злачынства. — РС). Але разьлічваць на гэта пасьля пастановы па адміністрацыйнай справе я ўжо не бяруся. Дажывем — пабачым!»

Рымар лічыць, што ўвогуле ўся гэтая справа ўзьнікла праз тое, што ў Беларусі на першым месцы стаіць не закон і правілы, а службовыя асобы.

«Я сутыкнулася з стаўленьнем, што калі чалавек не падпарадкоўваецца бесьпярэчна любой службовай асобе, да яго адразу прымяняюцца карныя захады, каб астатнім было непанадна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG