Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расіянку, якая пажартавала пра выбухоўку, аштрафавалі за паводзіны. Справа аб тратыле пакуль не разглядалася


Belarus — Russian lawyer Maria Rymar near court in Minsk

Belarus — Russian lawyer Maria Rymar near court in Minsk

4 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску працягваўся разгляд справы грамадзянкі Расеі Марыі Рымар, якая 7 ліпеня няўдала пажартавала ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» пры мытным і памежным надглядзе, сказаўшы, што ў яе ў сумцы тратыл.

У чацьвер суд вынес рашэньне толькі датычна паводзінаў Рымар адносна супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Па іх словах, яна адмаўлялася прадстаўляць пашпарт, а таксама аказвала супраціў міліцыі.

Марыя Рымар і яе адвакат Вадзім Мушынскі заявілі, што супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі прычыны, дзеля якой яна павінна прадставіць свой пашпарт.

«Яны забыліся пра свае абавязкі», — сказаў адвакат Мушынскі.

Тым ня менш судзьдзя Віталь Сямёнаў вынес рашэньне аштрафаваць Марыю Рымар на 25 базавых велічынь — 525 дэнамінаваных беларускіх рублёў.

Па словах Рымар, яна будзе аспрэчваць гэтае рашэньне суду.

Таксама супраць Рымар заведзеная крымінальная справа аб ілжывым паведамленьні. Паседжаньняў па ёй яшчэ не праводзілася.

Марыю Рымар затрымалі ў менскім аэрапорце 7 ліпеня за «заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы». Паводле артыкула 340 Крымінальнага кодэксу Беларусі жыхарцы Самары пагражае да 5 гадоў турмы. Марыю Рымар трымалі ў СІЗА ў Менску і Жодзіне 12 дзён. 18 ліпеня яе выпусьцілі пад заклад. Цяпер, па ейных словах, яна жыве ў знаёмых у Менску, бо ня мае права пакуль пакідаць Беларусь.

XS
SM
MD
LG