Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год у Расеі зьнішчылі больш за 7,5 тысяч тон «санкцыйных прадуктаў»


Агулам ад 6 жніўня 2015 году на сьмецьцевых палігонах па ўсёй Расеі раздушана і спалена амаль 7,5 тысяч тон харчоў расьліннага і жывёльнага паходжаньня.

Пры канцы ліпеня 2015 г. прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў указ аб зьнішчэньні прадуктаў, якія падпалі пад расейскае харчовае эмбарга. Гэты быў крок у адказ на заходнія санкцыі за агрэсіўную палітыку Масквы супраць Украіны. Нішчыць санкцыйную прадукцыю пачалі ад 6 жніўня 2015 году.

Як вынікае са справаздачы «Рассельгаснагляду», агулам ліквідавана звыш 7,5 тысяч тон санкцыйных харчоў. Значная частка прыпала на садавіну і гародніну — раздушана бульдозэрамі 7 тысяч 282 тоны яблык, груш, пэрсікаў, таматаў, перцу, баклажанаў, клубніц, апэльсінаў, нэктарынаў, вінаграду і г.д. Больш за ўсё гародніны і садавіны зьнішчана ў Бранскай і Смаленскай абласьцях (звыш 2,7 тысячы тон), Цьвярской і Пскоўскай абласьцях (амаль 1,9 тысячы тон), Растоўскай і Валгаградзкай абласьцях, у Рэспубліцы Калмыкія (звыш 600 тон).

Апроч таго, зьнішчана больш за 228 тон прадукцыі жывёльнага паходжаньня. Часьцей за ўсё яна ішла пад нож у Белгарадзкай вобласьці і ў Алтайскім краі.

Значная частка «асуджаных» харчоў трапляла ў Расею зь Беларусі — прыкрываючыся транзытам з трэціх краінаў, на Маскву рушылі фуры з садавіной і гароднінай з Эўразьвязу. Кіраўніцтва Расеі ня раз спрабавала прысароміць «хаўрусьніка-махляра», але вялікага плёну гэта ня мела — машыны з кантрабандай расейскія кантралёры ловяць ледзь ня штодня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG