Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа з панядзелка забараніць некаторыя пастаўкі гародніны і садавіны празь Беларусь


Рассельгаснагляд гатовы забараніць ўвоз гародніны і садавіны з Беларусі па дакумэнтах Кеніі, Індыі і Лібэрыі.

Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на кіраўніка ведамства Сяргея Данкверта. Паводле яго, сэртыфікаты на харчы, верагодна, падробленыя, а рэальнае паходжаньне прадуктаў — краіны, якія падпалі пад расейскае харчовае эмбарга.

«У Беларусь цяпер упраўленьне Рассельгаснагляду па Бранску і Смаленску накіроўвае дакумэнт, і мы паведамляем, што з панядзелка, 29 лютага, можам прыпыніць ўвоз грузаў з Кеніі, Індыі і Лібэрыі. Калі мы ня зможам пацьвярджэньне сэртыфікатаў атрымаць, мы прыпынім ўвоз», — сказаў Данкверт.

Ён таксама заявіў, што, калі пацьверджаньня сапраўднасьці сэртыфікатаў ня будзе, ведамства пачне зьнішчаць прадукты.

Паводле ТАСС, Беларусь за год дзеяньня расейскага харчовага эмбарга, уведзенага ў жніўні 2014 году, больш чым у два разы павялічыла пастаўкі садавіны ў Расію, стаўшы, у прыватнасьці, найбуйнейшым пастаўшчыком ківі.

7 жніўня 2014 году Расея абмежавала імпарт харчовых тавараў з краін, якія ўвялі ў дачыненьні да яе санкцыі: ЗША, Эўразьвязу, Канады, Аўстраліі і Нарвэгіі. Харчовае эмбарга было падоўжанае на год да 6 жніўня 2016 году, а сьпіс краін пад санкцыямі быў пашыраны — у яго таксама ўвайшлі Альбанія, Чарнагорыя, Ісьляндыя і Ліхтэнштэйн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG