Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч асудзіў удзел Парфянкова і Лобава ў пагроме расейскіх банкаў


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч на сайце Маладога Фронту выказаў сваё стаўленьне да паводзінаў Васіля Парфянкова і Эдуарда Лобава, якія ва Ўкраіне ўдзельнічалі ў пагроме расейскіх банкаў.

«Расправа з аддзяленьнямі банкаў у Кіеве прайшла б па-за нашаю ўвагаю (ці мала хто і з чым распраўляецца ва Ўкраіне), каб не асобы некаторых удзельнікаў зачысткі — беларусаў, што на радзіме адзначыліся гераізмам, стаічна трымаліся ў вязьніцах, а ва Ўкраіну паехалі змагацца „за нашу і вашу свабоду“», — піша Зьміцер Дашкевіч.

Ён лічыць, што «любыя перамены і любое адраджэньне трэба пачынаць зь сябе. І таму было б лягічней, каб Парфянкоў з Лобавым перайшлі на беларускую ці нават украінскую мову — і такім чынам пачалі б адраджэньне нацыі кожны ў сваёй галаве».

«Аж не, такога не назіраецца, — працягвае Дашкевіч. — Бо размаўляць на роднай мове — гэта цяжкая і карпатлівая праца, пасродкам якой ты штодня і па кроплі выціскаеш зь сябе савецкага чалавека. Прасьцей узяць камяні і змагацца з савецкімі чалавекамі павыбіваўшы ім эўрапейскія шыбы. Прасьцей супрацьстаяць Ардзе з аўтаматам у акопах, чым з роднай мовай на мірных вуліцах».

«Калі ты неймавернымі высілкамі пачнеш духовыя перамены ўнутры самога сябе, адраджэньне нацыі не прымусіць сябе доўга чакаць. І калі ты пачнеш выціскаць зь сябе савецкага раба заўсёды размаўляючы на роднай мове, ня трэба будзе ваяваць супраць рускага сьвету, бо яму не застанецца ніякага месца пасярод нашага валадарства беларускасьці. Бо ўсё, чаго мы марым дамагчыся — усё ўнутры нас ёсьць». — завяршае свой роздум лідэр Маладога Фронту.

Васіль Парфянкоў у кіеўскім судзе
Васіль Парфянкоў у кіеўскім судзе


У гадавіну расстрэлу Майдану Сотня чальцоў украінскай праварадыкальнай арганізацыі «ОУН» пайшлі кідаць камяні ў шыбы офісаў, што належаць алігарху Рынату Ахметаву, і ў аддзяленьне расейскага Сбербанку. А на Хрышчаціку разграмілі офіс расейскага «Альфа-банку». Сярод нападнікаў былі беларускія экс-палітвязьні, цяпер украінскія байцы-дабраахвотнікі Эдуард Лобаў і Васіль Парфянкоў. Супраць Парфянкова заведзеная крымінальная справа, на час сьледзтва яму прысудзілі два месяцы хатняга арышту з электронным бранзалетам. Наперадзе працэс па справе аб хуліганстве.

«У Беларусі мне пагражае 17 гадоў, а не 4 года. Таму пакуль што пры існым рэжыме ў Беларусь мне дарогі няма», — заявіў «Белсату» Васіль Парфянкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG