Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камбата Васіля Парфянкова пасадзілі пад хатні арышт


Мікола Каханіўскі

Мікола Каханіўскі

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева прызначыў частковы хатні арышт камандзіру батальёна АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў») Міколе Каханіўскаму, якога падазраюць у нападах на офісы «Сбербанка России», «Альфа-банка» і кампаніі Рыната Ахметава 20 лютага ў Кіеве.

Судзьдзя прысудзіў камбату частковы хатні арышт — з 20-ці да 6-ці раніцы на два месяцы.

Суд доўжыўся 5 гадзінаў. Пракуратура патрабавала кругласутачнага арышту. Каханіўскі сябе вінаватым ня лічыць. Ён кажа, што будзе падаваць апэляцыю.

Раней па гэтай справе быў затрыманы беларускі баец Добраахвотніцкага корпусу АУН, былы палітвязень Васіль Парфянкоў. Яго, як і Каханіўскага, абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкула 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў. За гэта беларусу пагражае да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. 24 лютага Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева вызначыў меру стрыманьня Васілю Парфянкову — хатні арышт на 2 месяцы.

У гадавіну масавага расстрэлу пратэстоўцаў на Майдане, 20 лютага, у цэнтры Кіева быў зьдзейсьнены пагром офіса Рыната Ахметава, офісаў расейскага «Альфа-банку» і «Сбербанка России». У відэасюжэце бачна, што ў пагроме ўдзельнічае каля 10 чалавек у вайсковай форме, а таксама некалькі чалавек у цывільным. Сярод удзельнікаў пагрому можна ўбачыць і Васіля Парфянкова.

Пры гэтым камандзір атрада Мікола Каханіўскі паведаміў Свабодзе, што Парфянкоў дзейнічаў у поўнай адпаведнасьці з указаньнем свайго камандаваньня.

XS
SM
MD
LG